Маруся вандруе па Беларусі. Віцебск


Мяне клічуць Маруся ці проста Маша. Мне хутка будзе шэсць гадоў, і я збіраюся ў школу, каб быць дарослай. Аднойчы мы з матуляй вырашылі, што нядрэнна б пазнаёміцца з гарадамі і вёскамі на радзіме. Радзіма – гэта не толькі радзільня і горад, дзе ты нарадзіўся. Радзіма – гэта месца ў тваім жыцці, да якога вабіць з любой іншай краіны свету, ці яшчэ нейкая кропка на мапе, дзе ты праводзіш значную частку жыцця. А што пабачыла ў нашых падарожжах, я вам буду распавядаць.

Здараецца, што людзі знойдуць якое-небудзь цікавае месца, напрыклад, кавярню ці парк, і ўвесь час туды прыходзяць. А чаму? Ніхто не можа растлумачыць. Так і мы трапілі ў сталіцу культуры і мастацтва Беларусі – Віцебск.

Справа - ратуша. Фота belsat.euСправа – ратуша. Фота belsat.euЯ лічыла, што ўсе гарады падобныя адзін да аднаго. Амаль так і ёсць, але Віцебск – гэта асаблівая кропка на мапе, куды прыязджаюць мастакі ды творцы. Ведаеце, колькі носьбітаў знакамітых імёнаў хадзілі па вуліцах Віцебску? У горадзе тварыў знакаміты мастак Шагал, сюды прыязджалі і займаліся творчасцю яшчэ і Малевіч, Пэн, Рэпін, Дабужынскі, Рубінштэйн, Фрадкін і іншыя людзі, пра якіх гавораць у музеях. Я пакуль не ведаю, хто яны такія, але гэтыя імёны падарылі гораду магчымасць лічыцца беларускім Парыжам.

Першае месца, куды мы пайшлі ў разведку, гэта прастора радасці – заапарк. Людзі кажуць пра віцебскі заапарк розныя рэчы: добры, страшэнны, цікавы, савецкі, нават «ганьба»! Што дадаць? Я прыхільнік заапаркаў, бо, колькі сябе памятаю, я аматар жывёлы і клопату аб ёй. Але не гледзячы на маю любоў і радасць ад сустрэчы з нутрыямі ды бусламі, неяк было сумна ад выгляду звяроў за кратамі, брудных, невялікіх клетак ці вальераў. Я не здолела разгледзець мішку, бо яго не было відаць за чымсьці цёмным, тоўстым, жалезным. У заапарку пакінутыя старыя каруселі, здаецца, такія ж, якія мы знайшлі ў Барысаве.

Антыкварная крама. Фота belsat.euАнтыкварная крама. Фота belsat.euУ цэнтры гуляць, як кажа мамачка, душэўна. Галоўнае, што кожнаму госцю ў Віцебску адразу зразумела, дзе цэнтр. І цэнтр – гэта не толькі плошча Перамогі ці плошча з помнікам Леніна. Цэнтр складаецца з гістарычных будынкаў, прыгожых вулачак, цікавых крамаў, дзе можна знайсці дубовыя сталы, якім сто гадоў, ці патэфоны, з якіх яшчэ можа гучаць музыка, ці іконы, якія каштуюць па тры тысячы не беларускіх рублёў. У цэнтры – музеі, кавярні і шмат гасцей, якія прыехалі пагуляць. У Віцебску мы сустракалі шмат расейцаў і шмат машынаў з нумарамі з Расеі. «Віцебск знаходзіцца ў цэнтры скрыжавання гандлёвых шляхоў. Яны звязвалі Кіеў з Масквой, Маскву з Прыбалтыкай…», – кажуць экскурсаводы.

Музеі Віцебску – нешта асаблівае. Яны цікавыя для дарослых, і самыя сумныя на свеце для дзяцей. Справа ў тым, што да нічога нельга дакранацца, нават у цацачнай зале, дзе маладая аўтарка зрабіла шмат мяккіх цацак, нельга нічога чапаць! Залы ў краязнаўчым музеі ратушы пазнавальныя, але ўся прага да ведаў губляецца падчас агляду, і ты пачынаеш бегаць, бегаць, каб хутчэй пагналі цябе адсюль, бо чакаць зацікаўленых дарослых няма ніякага жадання.

Фота belsat.euФота belsat.euЯ – малое дзіцятка, але і я разумею, што ніколі ў мяне не будзе цікавасці да мастацтва ці гісторыі, калі мяне з сур’ёзным выразам просяць адысці і адсюль, і адгэтуль. Мне прыйшлося патлумачыць сваім бацькам, чаму ў Беларусі цікавяцца вайной: «Ну вось глядзіце, родненькія! Мы прыйшлі пехатою на плошчу Перамогі. І знайшлі тут танкі, пушкі, самалёты, верталёты. І ўсё гэта для дзяцей: можна дакранацца, хадзіць па іх, націскаць на рычагі. А што вашыя музеі? Ну гісторыя, ну мастацтва. Ці мастакі, людзі з мінулага не рухаліся? Чаму ўсё падобна на схованку, дзе нават дыхаць забаронена? Больш не пайду!»

Віцебск па легендзе заснаваны княгіня Вольгай у месцы, дзе рэчкі Віцьба і Лучоса сыходзяцца з Заходняй Дзвіной. Легенда – гэта гісторыя, якая ці адбылася сапраўды, ці нехта прыдумаў, але з цягам часу ніхто ўжо не ведае, як было насамрэч. Гуляць уздоўж ракі тут не звычайна – дарожкі працягваюцца высока на ўзгорку і добра відаць, што адбываецца на беражках, як чакаюць сваіх гасцей шэрыя будынкі вялікіх гатэляў…

Фота belsat.euФота belsat.euУ Віцебску ёсць сваё свята. Кажуць, што яно завецца «Славянкі базар». Падчас гэтай імпрэзы збіраюцца музыкі і іншыя артысты з розных гарадоў і нават іншых краінаў, спяваюць, танцуюць і ствараюць святочнае шоў. «Мы паедзем на гэты базар, мам?» Мамачка адказала, што гэта не наш фармат. А як гэта? Я даведалася, што людзі ўсе розныя, адным падабаюцца песні тыпу «Wind of change» (так, я крышачку ведаю англійскія словы), другім «Белыя ружы», камусьці «Ручкі, ну дзе ж вашыя ручкі», а я з сястрой вельмі люблю нашага сябра-музыку дзядзю Лёню. Дык вось, дзядзя Лёня, які ўмее спяваць нават гукамі без словаў, ніколі не будзе выступаць на «Славянскім базары», бо гэта «іншы фармат». Таму, падаецца, мы ніколі не трапім на беларускае свята піва і ручак з белымі ружамі. Але я не сумую. Машачка ў кожнай галінцы, у кожнай паперцы знойдзе сваё асабістае свята. А вы?..

Гісторыю запісала Зарына Бабко для belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары