Салдацкіх маці ў Расеі назвалі «замежнымі агентамі»


Старшыня арганізацыі Эла Палякова заяўляла, што вайскоўцы-кантрактнікі, якія праходзяць службу ў Дагестане, атрымлівалі па 250 тысяч рублёў за ўдзел у баявых дзеяннях на Данбасе.

Расейскае Міністэрства юстыцыі ўключыла грамадскую арганізацыю «Салдацкія маці Санкт-Пецярбургу» і фонд «Інстытут развіцця свабоды інфармацыі» у рэестр замежных агентаў, паведамляецца на старонцы ведамства.

Старшынёй «Салдацкіх маці Санкт-Пецярбурга» з’яўляецца Эла Палякова. Паводле яе, у Пецярбург самалётам даставілі вялікую групу пацярпелых вайскоўцаў. Пры гэтым афіцыйныя крыніцы адмаўляюцца назваць дакладную колькасць параненых, а таксама замоўчваюць абставіны раненняў, піша тэлеканал «Дождь» са спасылкай на праваабаронцу.

У сваю чаргу «Дождь» са спасылкай на ўласныя крыніцы ў медыцынскіх колах паведамляў пра 12 расейскіх кантрактнікаў, якія з асколачнымі раненнямі былі дастаўлены ў Ваенна-медыцынскую акадэмію імя Кірава. Пры гэтым за апошні тыдзень гэта ўжо 15-й борт з параненымі з Растоўскай вобласці. Раней самалёты ў асноўным прывозілі параненых апалчэнцаў з украінскімі пашпартамі, піша «РБК».

«Салдацкія маці Санкт-Пецярбурга» з 1991 года аказвае прававую, юрыдычную і сацыяльную дапамогу грамадзянам, якія падлягаюць прызыву на ваенную, а таксама ваеннаслужачым і членам іх сем’яў.

ДР, belsat.eu паводле tvrain.ru, rbc.ru

Глядзі таксама
Каментары