Медкамісія для першакласніка: дзесяць дактароў, некалькі гадзінаў у чарзе


Больш за сто тысячаў дзяцей сёлета пойдуць у першы клас. Але перад школаю іх чакае «іспыт» – медычная камісія ў паліклініцы.

{movie}Медкамісія для першакласніка: дзесяць дактароў, некалькі гадзінаў у чарзе|right|18134{/movie}

І здаць яго няпроста. Трэба прайсці дзесяць лекараў-адмыслоўцаў і здаць з паўдзесятка аналізаў. Бацькі вымушаныя губляць шмат часу і нерваў. Гэтак, у адной з берасцейскіх дзіцячых паліклінік, толькі каб здаць аналіз крыві, трэба стаяць у чарзе каля дзвюх гадзінаў, і яшчэ не факт, што трапіш на прыём. Медыкі проста не даюць рады з наплывам ахвотных.

Дактары кажуць, што ў ажыятажы вінаватыя самі людзі, якія прызвычаіліся ўсё адкладваць на апошні момант. У выніку колькасць наведнікаў паліклінікі значна павялічваецца, і, натуральна, узнікаюць чэргі. Праблемы б не было, каб людзі прахадзілі медычныя камісіі своечасова – тым больш гэта можна зрабіць нават за год да першага школьнага верасня дзіцяці.

Сёлета для праходжання камісіі ўвялі талоны, але на ўсіх іх не хапае, таму людзі спрабуюць трапіць на прыём па жывой чарзе. У выніку дактарам даводзіцца прымаць значна болей пацыентаў, чым зазвычай, праз што значна зніжаецца якасць іхнай працы.

На жаль, рэальнай альтэрнатывы няма. Платных паслуг для дзяцей дзяржаўныя паліклінікі ўводзіць не могуць, гэта незаконна, а ў прыватных паліклініках праходжанне падобнай камісіі будзе каштаваць каля 3 мільёнаў рублёў. Так што тым, хто не паклапаціўся загадзя, толькі і застаецца, што цярпліва стаяць у чарзе.

Мілана Харытонава, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары