Украіна будзе рыхтаваць насельніцтва да «партызанкі» (фота)


Міністэрства абароны Украіны прадставіла канцэпцыю агульнавайсковай падрыхтоўкі грамадзянаў. «Яна стане асноваю татальнага супраціву насельніцтва ў выпадку адкрытай узброенай агрэсіі», – паведамляе Міністэрства.

На базе Вайсковай акадэміі ў Адэсе паказалі, як вайскоўцы збіраюцца трэніраваць цывільных. Гэта трэнінгі з элементамі агнявой, тактыка-спецыяльнай, псіхалагічнай ды інжынернай падрыхтоўкі. Журналістам прадэманстравалі паласу перашкодаў, што будзе выкарыстоўвацца ў навучанні.

«Гэта асноўныя блокі, што будуць выкарыстоўвацца для падрыхтоўкі максімальнай колькасці вайсковазабавязаных. Бліжэйшым часам, пасля зацверджання праграмы, мы распачнем навучанне ў першых эксперыментальных групах у вялікіх гарадах. Спадзяюся, гэтая сістэма нацыянальнай абароны будзе да канца году працаваць па ўсёй краіне», – сказаў дарадца міністра абароны Украіны Аляксандр Данілюк.

У межах падрыхтоўкі ахвотнікаў будуць вучыць страляць з аўтаматаў, кулямётаў, снайперскіх вінтовак і ручных супрацьтанкавых гранатамётаў. Апошні этап – адпрацоўка дзеянняў у складзе дыверсійных групаў: сярод іншага курсантаў навучаць, як правільна закладаць выбухоўку і падрываць інжынерныя збудаванні.

МЛ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары