Беларускі харчовы шчыт


Пазбегчы дэфіцыту ў харчах, які пагражае нашым усходнім суседзям пасля забароны Крамлём імпарту прадукцыі з шэрагу краінаў у адказ на заходнія санкцыі, дапаможа Беларусь. Паводле намесніка расейскага ўраду Аркадзя Дварковіча, адпаведныя дамоўленасці паміж нашымі краінамі ўжо дасягнутыя ў час перамоваў, якія распачаліся сёння ў Маскве.

{movie}Беларускі харчовы шчыт|right|17914{/movie}

АРКАДЗЬ ДВАРКОВІЧ, НАМЕСНІК СТАРШЫНІ ЎРАДУ РФ:
“Гэткія магчымасці ў нашых беларускіх калегаў ёсць – і што да мяса, і што да малака, сыроў і бульбы. Мы дамовіліся цягам некалькіх дзён узгадніць балансы, дамовіцца пра мінімальныя і максімальныя аб’ёмы паставак”.

Найперш гаворка вядзецца пра Калінінградчыну, якую чыноўнік назваў найбліжэйшай да беларусаў і якая найбольш залежыць ад імпартнай ежы. Агулам жа беларускае Міністэрства сельскай гаспадаркі разлічвае паставіць на расейскі рынак больш за 2 мільёны тонаў малочных і больш за 150 тысяч тонаў мясных вырабаў – агульная выручка можа скласці да 6 мільярдаў долараў. Сёння ж харчовую бяспеку абмеркавалі праз тэлефон Лукашэнка, Назарбаеў і Пуцін. У прыватнасці, каардынацыю дзеянняў дзеля недапушчэння незаконных паставак у Расею праз Казахстан і Беларусь тавараў, забароненых Крамлём.

Вядуць перамовы з уладамі Сінявокай і іншыя бакі. Напярэдадні зняцце штучных бар’ераў у гандлі паміж Беларуссю і Украінай абмеркавалі праз тэлефон кіраўнікі краінаў Аляксандр Лукашэнка і Пятро Парашэнка. А ўжо заўтра ў Менск мае прыбыць Марэк Савіцкі, міністр сельскай гаспадаркі нашых заходніх суседзяў – пагаварыць пра перспектывы пашырэння паставак у Беларусь польскіх тавараў.

МАРЭК САВІЦКІ, МІНІСТР СЕЛЬСКАЙ ГАСПАДАРКІ ПОЛЬШЧЫ:
“Ёсць такія сегменты рынку і такія прадукты, дзе мы можам чакаць і тры, і чатыры, і шэсць месяцаў. А ёсць такія, што папросту псуюцца”.

Толькі адных яблыкаў у нашых заходніх суседзяў мы набываем столькі ж, колькі ўвесь Еўразвяз. Летась гэта было больш за 252 тысячы тонаў яблыкаў на 92 мільёны еўраў. Сёлета польскія аграрыі спадзяюцца прадаць беларусам яшчэ больш сваёй прадукцыі, гаворачы пра высокую верагоднасць іх рээкспарту ў Расею ў абыход эмбарга.

Валеры Руселік, “Аб’ектыў”

Глядзі таксама
Каментары