«Гэты эксперымент мне нагадвае спробу быць крыху цяжарнай»


Рынкавы эксперымент ці рэйдарскі захоп? Месяц таму Аляксандр Лукашэнка загадаў лібералізаваць малочны рынак на Магілёўшчыне.

МІХАЛ ЗАЛЕСКІ, ЭКАНАМІСТ:

“Гэты эксперымент, ён мне нагадвае спробу быць крыху цяжарнай. Ёсць такая прымаўка – нельга быць крыху цяжарнай. Вось яны спрабуюць зрабіць рынак у адной лакальнай галіне сельскагаспадарчай вытворчасці – у малацэ”.

{movie}«Эксперыментальны» рэйдарскі захоп|right|17852{/movie}

Адпаведнае даручэнне Аляксандр Лукашэнка даў на сустрэчы з кіраўніцтвам дзяржаўнага холдынгу “Бабушкіна крынка” 7 ліпеня.

АЛЯКСАНДР ЛУКАШЭНКА, КІРАЎНІК БЕЛАРУСІ:

“Увесці рынак малака. Каб я вырабіў малако – у мяне ёсць “Бабушкіна крынка”, у мяне ёсць іншыя прадпрыемствы ў краіне. Я маю права з імі дамовіцца свабодна. І прадаць любому – без дыктату, які навязвае аблвыканкам”.

Удзельнікі рынку прадказвалі рэзкі рост коштаў, бо сырога малака належнай якасці мясцовым заводам хранічна не хапае. Але прайшоў месяц, кошты засталіся на месцы, а ў магілёўскіх крамах пра эксперымент нават не падазраюць.

ПРАДАЎЦЫ:

“Толькі на таплёнае малако падаражэла на 500 рублёў, а так – усё старыя кошты”.

“Не змяніліся, усё тое самае”.

У чым жа справа? Як удалося высветліць “Аб’ектыву”, эксперымент, насамрэч, абвешчаны толькі на словах, а насамрэч усе працэсы ідуць гэтак жа, як і дагэтуль.

КІРАЎНІЦА ЗАКУПАК, ДЗЯРЖАЎНЫ МАЛАКАЗАВОД:

“Мы працуем, як заўсёды працавалі. Кошт нам сёння мяняе дзяржава. У яе ніхто не адбіраў гэтага права”.



Навошта ж тады было рабіць незразумелы рынкавы анонс? На думку экспертаў, гэтая імітацыя патрэбная, каб забяспечыць тамтэйшага дзяржаўнага перапрацоўніка малака – “Бабушкіну крынку” – дадатковаю сыравінай, якой ёй не хапае для таго, каб напоўніцу загрузіць свае магутнасці.

МІХАЛ ЗАЛЕСКІ, ЭКАНАМІСТ:

“Гэная “Бабушкіна крынка”, не да ночы будзь памянутая, яна ёсць лакальным вось такім манапалістам, падгрэбла пад сябе сыравінную базу ўсю, і яна будзе там выцясняць усіх астатніх або далучаць да сябе”.

На момант візіту Лукашэнкі на завод “Бабушкінай крынкі” ў Бялынічах, яна кантралявала 83,5 % рынку. Далей пашырацца ёй перашкаджаў французска-расейскі холдынг “Данон-Юнімілк”, што выкупіў шклоўскі завод у 2010 годзе ў выніку беларуска-расейскай малочнай вайны. І частка сыравіннай базы ў Магілёўскай вобласці гарантаваная яму інвестыцыйнай дамоваю.

КІРАЎНІЦА ЗАКУПАК, ДЗЯРЖАЎНЫ МАЛАКАЗАВОД:

“Аблвыканкамам дадзеныя абавязанні “Данону” адгружаць пэўную колькасць. Але цяпер, калі расейскія абмежаванні на імпарт заходняга малака абяцаюць беларускім малочнікам звышпрыбыткі ад экспарту, кіраўнік Беларусі, відавочна, вырашыў гэтую сыравінную базу забраць назад для дзяржавы. Каб зрабіць гэта, не парушаючы, фармальна, інвестыцыйнай дамовы, і быў прыдуманы гэтак званы рынкавы эксперымент”.

АЛЯКСАНДР ЛУКАШЭНКА, КІРАЎНІК БЕЛАРУСІ:

“І ніхто нас не папракне. Мы свабодна далі магчымасць узяць сыравінную зону”.



У выніку, падобна, што абвешчаны рынкавы эксперымент, насамрэч, ёсць проста чарговым рэйдарскім захопам дзяржавай прыватызаванага раней прадпрыемства, або, дакладней – пакуль – яго сыравіннай базы. Але, калі адкінуць маральны аспект, ці выгадны гэты крок звычайным беларусам? Эксперты адзначаюць, бюджэт можа атрымаць нейкія дадатковыя паступленні за кошт большага экспарту малака ў Расею “Бабушкінай крынкай”. Але для спажыўца наступствы могуць быць непрыемныя.

ПЁТР МІГУРСКІ, ЭКАНАМІСТ:

“Калі экспарт выгадны суб’ектам гаспадарання, той жа “Бабушкінай крынцы”, то заўтра агаліцца харчовы рынак унутры Беларусі. То бок, прыйдзецца дзеля “Бабушкінай крынкі” падымаць кошты на харчы, на малочныя прадукты – ў Магілёўскай вобласці”.

Што ж да замежных інвестыцыяў, якіх так не хапае нашай галоднай на валюту і тэхналогіі краіне, ахвота да іх у бізнесоўцаў наўрад ці дадалася як на Захадзе, так і на Усходзе.

Станіслаў Івашкевіч, “Аб’ектыў”, belsat.eu

Стужка навінаў