У школьных буфетах з’явіцца гематаген, а хрэн з гарчыцаю раяць забараніць


Што абярэ школьнік, калі захоча есці? Піцу, смажанку і газаваны напой ці гематаген ды салату са свежай гародніны? Адказ відавочны, і, на жаль, не на карысць здароўя дзяцей. Міністэрства аховы здароўя пастанавіла выправіць сітуацыю.

З першага верасня ў школьных буфетах ведамства рэкамендавала прадаваць менш піцаў, смажанак, сасісак у цесце. Іх можна мець не часцей за 2 разы на тыдзень. У астатнія ж дні шкодную ежу прапаноўваецца замяніць на піражкі з капустаю, курагою, яблыкамі. Чыноўнікі таксама рэкамендуюць забараніць у школьных сталоўках выкарыстанне харчоў з хрэнам, перцам, гарчыцаю, воцатам. Замест гэтага лепш дадаваць пятрушку, кроп, цыбулю, часнык. Акрамя таго, мусяць быць умовы для падагрэву ежы.

{movie}У школьных буфетах з’явіцца гематаген, а хрэн з гарчыцаю раяць забараніць |right|17840{/movie}

У асартымент школьных буфетаў улучылі гематаген. У наяўнасці заўсёды мусіць быць садавіна, сокі, малочныя і кісламалочныя вырабы, салата са свежай гародніны.

Пакуль гэтыя абмежаванні – усяго толькі рэкамендацыі. Калі буфеты працягнуць прадаваць шкодныя харчы, бацькі могуць звяртацца да адміністрацыі школаў, якія мусяць дапамагчы змяніць сітуацыю.

Вольга Чайчыц, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары