Паралакс: Давай папросім дзядзю


Як паўставалі культавыя фотаздымкі. Што засталося па-за ўвагаю гледача? Аўтары, героі ды эпохі – на чорна-белых і каляровых карцінках. Пра іконы эпохаў – у праектах нашага сайту піша журналіст, знаўца гісторыі фатаграфіі ды фатограф Дзяніс Дзюба.

Каб самалёту трапіць сёння ў навіны, яму трэба упасці. 100 гадоў таму неабходна было ўзляцець. Здымак першага палёту выканаў чалавек, які ніколі не трымаў у руках камеру.

Цікавасць да авіацыі ў Уілбура і Орвіла Райтаў з’явілася пасля таго, як зламаўся верталёцік, што падарыў ім бацька. Хлопцы не прасілі новую цацку, а зрабілі сабе новую. Захварэўшы на неба, яны па чарзе кінулі сярэднюю школу і заняліся лётнымі эксперыментамі. У снежні 1903 года дарослыя браты былі гатовыя прадэманстраваць свету самалёт, які мог падняць у паветра чалавека. Браты падкінулі манету, і права сесці за штурвал першым атрымаў Уілбур. Старэйшы брат, аднак, не даў рады з машынай і ледзь не знішчыў Flyer-1.

Пасля рамонту браты былі ўпэўненыя, што палёт атрымаецца і прыхапілі з сабой фотаапарат Gundlach Korona са шклянымі пластынамі. Пры спробах прысутнічала толькі каманда берагавых ратаўнікоў. Аднаму з іх, Джону Дэньелзу, пілоты растлумачылі дзе, калі і што націснуць ды пайшлі сабе. Калі Даніэлс пабачыў, як самалёт адарваўся ад зямлі, то некалькі секунд стаяў, зачараваны, з адкрытым ртом і ледзь не забыўся на дадзеную яму інструкцыю. Адзін з важнейшых момантаў гісторыі XX стагоддзя задакументаваў чалавек, які не займаўся фатаграфіяй нават на аматарскім узроўні. Трэба дадаць, што сто гадоў таму не было лічбавых камер са зразумелым кожнаму інтэрфейсам.

17 снежня 1903 года браты здзейснілі чатыры паспяховыя палёты і цягнулі самалёт дадому, калі раптам наляцеў моцны вецер і ўзнёс планер у паветра. Джон Даніэлс ухапіўся за крыло, але 283-кілаграмовую канструкцыю з 77-кілаграмовым рухавіком хістала так, што лёгка трамавала новаспечанага фатографа. Пазней у размове з журналістамі пакамечаны Даніэлс скажа, што ён не толькі зняў першы палёт, але і трапіў у першую авіякатастрофу.

Дзяніс Дзюба для belsat.eu

Стужка навінаў