Сёння – міжнародны дзень ахвяраў гвалтоўных знікненняў


Сёння адзначаецца Міжнародны дзень ахвяраў гвалтоўных знікненняў. Міжнародную канвенцыю пра абарону ўсіх асобаў ад гвалтоўных знікненняў прыняла 20 снежня 2006 г. Генеральная Асамблея ААН. Дакумент падпісалі 57 дзяржаваў, 19 ужо ратыфікавалі. Беларусь падпісала канвенцыю, але не ратыфікавала.

Тым часам праблема гвалтоўных знікненняў для Беларусі актуальная. Восенню 1999 г. у краіне бясследна зніклі адразу два вядомыя апазіцыянеры – былы міністр унутраных справаў Юрый Захаранка і віцэ-спікер Вярхоўнага Савету XIII склікання Віктар Ганчар, – а таксама буйны прадпрымальнік Анатоль Красоўскі. Летам 2000 г. бясследна знік аператар расейскага тэлеканалу ОРТ, былы асабісты аператар прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, Дзмітрый Завадскі. Родным і блізкім дагэтуль нічога невядома пра іхны лёс.

Паводле меркавання праваабаронцы Гары Паганяйлы, які ўжо доўгі час займаецца справамі гучных знікненняў, на аператыўным узроўні справы па зніклых даўно раскрытыя, аднак следства блакуецца вышэйшым кіраўніцтвам краіны, якое не дае давесці расследаванні да канца.

4 жніўня 2010 г. лідэры апазіцыі, грамадзянскай супольнасці, праваабаронцы ды іншыя вядомыя беларусы звярнуліся ў Раду Бяспекі ААН з просьбаю правесці міжнароднае расследаванне выкраданняў людзей у Беларусі. Зварот накіравалі міністрам замежных справаў сталых чальцоў Рады Бяспекі ААН, а гэта Кітай, Расея, Вялікая Брытанія, Францыя і ЗША.

Падрабязней глядзіце ў “Аб’ектыве” а 21.00.

belsat.eu

Стужка навінаў