Ад Беларусі ў космас плануюць адправіць дзяўчыну


Старшыня прэзідыума Акадэміі навук Уладзімір Гусакоў заявіў, што ў космас ад Беларусі хочуць накіраваць дзяўчыну. Ужо адабраны цэлы шэраг дзяўчат, узрост прэтэндэнтак ад 22 да 30 гадоў.

Уладзімір Гусакоў. Крыніца: sb.by

«Першым беларускім касманаўтам мусіць быць дзяўчына, таму ў асноўным вось зроблены акцэнты на адбор дзяўчат. Адабраны цэлы шэраг, некалькі дзяўчат. Гэта перш за ўсё, вядома, дзяўчаты, каб яны адпавядалі, па здароўі падыходзілі. Цяпер яны накіраваны ў цэнтр падрыхтоўкі касманаўтаў у Расею», – сказаў Уладзімір Гусакоў.

Раней паведамлялася, што 20 снежня ў «Раскосмас» прыбылі шэсць прэтэндэнтаў на палёт у космас з Беларусі.

Па словах кіраўніка НАН, там яны будуць праходзіць вельмі дбайны медыцынскі адбор па здароўі, а потым, калі яны пройдуць, трэба будзе адабраць асноўнага прэтэндэнта на палёт і дублёра. Яны будуць праходзіць паўгадавую падрыхтоўку на многіх трэнажорах. Прадугледжваецца, калі ўсё будзе добра, то восенню наступнага года, у верасні, будзе завершана падрыхтоўка і, магчыма, будзе палёт беларускага касманаўта.

Гусакоў таксама расказаў пра задачы, якія трэба выканаць беларускай касманаўтцы:

«Там даследаванні ў галіне фізіялогіі, здароўя, біятэхналогій і біяпрэпаратаў, і гэтак далей, аградаследаванні, нават магчыма вырошчванне якой зеляніны для харчовых мэт і гэтак далей. Даследаванні і апрабацыя прыбораў і абсталявання, якія мы распрацавалі і якія хацелі б паглядзець, як яны працуюць у космасе. Таму гэта цэлая вялікая напружаная праграма. І яны павінны прыехаць ужо з вынікамі».

Раней у космасе пабывалі трое ўраджэнцаў Беларусі. Гэта савецкія касманаўты Пётр Клімук і Уладзімір Кавалёнак, а таксама расейскі касманаўт беларускага паходжання Алег Навіцкі.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў