Жыхары кварталу «Каскад» у Менску знайшлі на ходніках дзіўныя сінія зярняты, як высветлілася, гэта атрута ад пацукоў. Ад яе пацярпелі галубы і хатнія гадаванцы, піша «Onliner». Падазраванага затрымалі. Паводле папярэдняй інфармацыі, інцыдэнт стаўся вынікам «галубінай вайны».
Невядомае рэчыва пачалі заўважаць на ходніках яшчэ некалькі тыдняў таму. На тэрыторыі выявілі мёртвых галубоў.
Сваю гісторыю распавяла жыхарка кварталу Вольга:
«13 лістапада я шпацыравала ў двары са сваім шчанюком. Раптам сабака знайшоў незразумелую сінюю кучку каля нашага дому. Такіх кучак там было адразу тры. Нягледзячы на тое, што я заўсёды хаджу са шчанюком на павадку, ён паспеў сваім хаплівым языком лізнуць змесціва».
Ветэрынары параілі як мага хутчэй выклікаць ваніты ў сабакі, і аказалася, што ён паспеў праглынуць колькі зярнят. У клініцы выпісалі лекі, якія знайшліся толькі ў Мар’інай Горцы. Агулам стан шчанюка нармалёвы, але спатрэбілася дадатковае лекаванне: пацярпела пячонка.
Іншая жыхарка паведаміла, што «знайшла гэтае сіняе плюгаўства на колах каляскі»: «Як змагла, адмыла, але я ў жаху, бо дзіця поўзае ўсюды, усё чапае, цягне ў рот. А каляска не ізаляваная, стаіць у перадпакоі».
Менская міліцыя пачала праверку, піша БелТА. Падазраванага затрымалі.
У адміністрацыі Фрунзенскага раёну Менску паведамілі, што тэрыторыю кварталу прыбралі, атруту знішчылі.
Паводле папярэдняй інфармацыі, інцыдэнт стаў вынікам «галубінай вайны»: адныя жыхары прыкормліваюць птушак, а іншым гэта не падабаецца. Імаверна, нехта пастанавіў пазбавіцца ад галубоў такім чынам.
Сцяпан Кубік belsat.eu