Амбасада ЗША ў Менску ў сувязі з закрыццём двух пунктаў пераход на мяжы з Літвой нагадала сваім грамадзянам аб небяспецы знаходжання ў Беларусі.
У заяве адзначаецца, што Літва зачыніла 2 з 6 пераходаў на мяжы з Беларуссю.
«Урады Польшчы, Літвы і Латвіі заявілі, што магчымае далейшае закрыццё памежных пераходаў з Беларуссю», – паведамляецца ў папярэджанні.
ЗША раяць амерыканцам не ўязджаць у Беларусь праз тое, што ўлады краіны працягваюць «садзейнічаць не справакаванаму нападу Расеі на Украіну». Дыпламаты нагадваюць, што ў Беларусі адвольна выкарыстоўваюцца законы, ёсць рызыка беспарадкаў і затрыманняў, а магчымасць дапамагчы грамадзянам ЗША ў амбасады абмежаваная.
Грамадзянам ЗША, якія цяпер знаходзяцца ў Беларусі, рэкамендавана «неадкладна выехаць» з краіны.
Цяперашнія парады амбасады цалкам паўтараюць рэкамендацыі Дзярждэпартаменту ЗША, якія дзейнічаюць з 2022 году: амерыканцаў заклікаюць не ездзіць у Беларусь і неадкладна выехаць тым, хто цяпер знаходзіцца ў краіне. Закрыццё памежных пунктаў на мяжы Літвы і Беларусі стала нагодай, каб пра гэтыя рэкамендацыі нагадаць.
Глеб Нержын belsat.eu