Больш за год супраць рэжыму Лукашэнкі краіны ЕЗ не ўводзяць санкцыі. І гэта істотная памылка і недапрацаванне апазіцыі, якая цяпер за мяжой, лічыць рэдактарка сайту «Хартыя-97» Наталля Радзіна. У эфіры «Белсату» рэдактарка распавяла, што палітыкі мусяць шмат працаваць у гэтым кірунку і займацца таксама дапамогай палітвязням і ўцекачам з Беларусі.
Галоўная рэдактарка сайту «Хартыя-97» Наталля Радзіна выказвае меркаванне, што ў Беларусі насамрэч палітвязняў нашмат больш, чым кажуць. Паводле яе словаў, цяпер за кратамі ў Беларусі ад 8 да 10 тысячаў. Бо маштаб рэпрэсіяў проста вялізарны, а праваабаронцы не ў стане падлічваць колькасць палітвязняў. Да таго ж, існуюць пытанні да крытэраў, паводле якіх яны вызначаюць палітвязняў. Умовы ўтрымання за кратамі ў сучаснай Беларусі проста жахлівыя, кажа Наталля Радзіна. Яна нагадвае, што няма больш за два месяцы ніякіх звестак ад Мікалая Статкевіча.
«Таму я лічу, што трэба актыўная кампанія за мяжой, каб дапамагаць палітвязням, трэба дапамога сем’ям палітвязняў, якія не маюць ніякай дапамогі. Некаторыя не могуць нават сабраць хоць нейкую перадачу сваім родным», – перакананая Наталля Радзіна.
Журналістка кажа, што існуе шмат пытанняў да розных фондаў, да офісу Святланы Ціханоўскай. Сітуацыя проста катастрафічная. У часы камуністычнай Польшчы дапамога даходзіла з-за мяжы. А ў Беларусі цяпер такога няма, лічыць Наталля Радзіна.
«Адказнасць за гэта ляжыць на дыяспары і тых палітычных цэнтрах, якія ёсць за мяжой. Дапамога сем’ям палітвязняў і ўцекачам павінная быць. Трэба працаваць з урадамі тых краінаў, дзе мы знаходзімся. Навошта тады гэтыя ваяжы Ціханоўскай, калі няма санкцыяў супраць рэжыму Лукашэнкі няма ўжо больш за год», – кажа рэдактарка.
Наталля Радзіна кажа, што дэмакратычныя сілы і дыяспары павінныя ціснуць на ўрады за мяжой. Чаму няма акцыяў пратэстаў у краінах ЕЗ і ЗША, чаму беларусы не ладзяць іх, задае пытанне рэдактарка. Акцыі пратэсту павінныя арганізаваць тыя, хто называе сябе лідарамі.
«Сітуацыя з правамі чалавека пагоршылася, людзей забіваюць у турмах, цяпер яшчэ і ядравую зброю ўвязуць у Беларусь, а санкцыяў няма. Краіны ЕЗ выступаюць нават за тое, каб знялі санкцыі супраць беларускага калію. У выніку Лукашэнка атрымае грошы на свой рэпрэсіўны апарат», – кажа Наталля Радзіна.
Кіраўнік НАУ Павел Латушка адрэагаваў на выступ і крытыку Наталлі Радзінай.
«Калі нават час ад часу ёсць магчымасць данесці інфармацыю пра сітуацыю ў Беларусі, то гэта добра. Калі гэта будзе рабіць Наталля Радзіна і іншыя нашыя паплечнікі, то мы будзем мацней. Таму мы звяртаемся да беларусаў, звяртаюся да Наталлі Радзінай, каб яна сустракалася з амбасадарамі еўрапейскіх краінаў», – заявіў Павел Латушка.
У сваю чаргу Наталля Радзіна распавяла, што па магчымасці сустракаецца з амбасадарамі і вядзе перамовы, каб дыпламаты націснулі на ўлады ў Беларусі.
«Калі ёсць магчымасць, я сустракаюся з палітыкамі і падымаю пытанні беларускіх палітвязняў і санкцыяў. Мы робім гэта на сайце »Хартыі«. Пакуль, на жаль, акрамя дэмагогіі я нічога не бачу. І калі будуць сапраўды намаганні з таго боку, таго ж Латушкі, Ціханоўскай, нешта рабіць, то гэта будзе добра», – кажа Радзіна.
Журналістка таксама задае пытанне, а што рабіць людзям, якія ўцякаюць з Беларусі праз пагрозу арышту, але якія не могуць працаваць? Вядзецца пра пенсіянераў, пра людзей з хваробамі, што ім рабіць цяпер? Бо ніякай дапамогі яны, паводле Наталлі Радзінай, не атрымліваюць.
«Дык навошта тады нейкія прадстаўнікі ў Офісе Ціханоўскай, якія нічога не робяць?», – задае пытанне Наталля Радзіна.
Паводле рэдактаркі сайту «Хартыя-97», санкцыі – гэта галоўны механізм уздзеяння на Лукашэнку і іх трэба павялічваць. На яе думку, тое, што больш за год няма санкцыяў – вялікая памылка Захаду. Тым больш, вядома, што санкцыі абыходзяць. Даследаванні журналістаў на гэты конт – проста паверхня айсберга. Ідуць вялікія маштабы падсанкцыйных тавараў у Еўропу і з Еўропы. І калі не будуць выконвацца санкцыі, калі не будзе новых – то нельга дамагчыся нечага ад рэжыму. Трэба толькі ўзмацненні санкцыяў, перакананая Наталля Радзіна.
Алена Аляксандрава belsat.eu