«Прыехаў АМАП на «бусіках», проста на тэрыторыю заводу». Хроніка рэпрэсіяў 21 сакавіка


Робім традыцыйны вечаровы агляд фактаў палітычна матываванага пераследу ў Беларусі.

У Менскім гарадскім судзе пачалі судзіць журналіста Дзмітрыя Семчанку, які некалі ўваходзіў у «прэзідэнцкі пул» тэлеканалу АНТ. Працэс вядзе суддзя Яўген Пісарэвіч.

15 верасня мінулага года Семчанку затрымалі разам з ягонай жонкай і прысудзілі яму 15 содняў адміністрацыйнага арышту. Пазней Дзмітрыя абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 130 КК РБ («Распальванне сацыяльнай варожасці»).

Дзмітрый Семчанка.
Фота: Праваабарончы цэнтр «Вясна»

У судзе Ленінскага раёну Менску за пратэсты жніўня 2020 года судзілі працаўніка МТЗ Антона Сцяпанава. Справу разглядала суддзя Юлія Інчына. Менчуку прызначылі 2 гады і 6 месяцаў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

У Гомлі распачалі судзіць 61-гадовага барда, арганізатара фестываляў і канцэртаў Аляксея Ільінчыка. Яму прад’яўленыя абвінавачанні ў паклёпе на Лукашэнку (ч.2 арт. 367 КК), абразе Лукашэнкі (ч.1 арт. 368 КК) і распальванні іншай сацыяльнай варожасці (ч. 1 арт 130 КК). Справу разглядае суддзя Аляксей Хлышчанкоў. Судовы працэс праходзіць у закрытым рэжыме.

Бард Аляксей Ільінчык.
Фота: Праваабарончы цэнтр «Вясна»

21 сакавіка ў Вярхоўным судзе разглядалася апеляцыйная скарга на прысуд Дар’і Лосік. Вырак застаецца без зменаў, скаргу не задаволілі, у хуткім часе Дар’ю этапуюць у калонію. 19 студзеня 2023 года суддзя Мікалай Грыгаровіч асудзіў жонку палітвязня Ігара Лосіка да двух гадоў зняволення за нібыта спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці.

На заводзе ЗЛіН у Гомлі адбыліся масавыя затрыманні. Паводле «Радыё Свабода», «прыехаў АМАП на «бусіках», проста на тэрыторыю заводу». Праваабаронцам вядома пра затрыманне 14 чалавек.

Таксама 21 сакавіка ў Вярхоўным судзе разглядалася апеляцыйная скарга вайсковага аналітыка Ягора Лебядка, і яе таксама пакінулі без зменаў. Суддзя Алена Міснік прызначыла палітвязню 5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»).

Ягор Лебядок. Крыніца: belvpo.com

У судзе Савецкага раёну Менску 21 сакавіка асудзілі Аляксея Камароўскага паводле арт. 364 КК («Гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў»), арт. 365 («Умяшальніцтва ў дзейнасць супрацоўніка органаў унутраных спраў»). Пацярпелым па справе быў прызнаны супрацоўнік ДАІ Масенза, які даў паказанні, быццам Камароўскі хацеў яго збіць. Суддзя Алена Жуковіч прызначыла Аляксею чатыры гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму і кампенсацыю маральнай шкоды міліцыянту памерам 3000 рублёў.

Аляксей Камароўскі.
Фота: Праваабарончы цэнтр «Вясна»

Сілавікі затрымалі адвакатаў Валянціна Стэфановіча і Яўгена Юшкевіча. Праваабаронцам стала вядома, што пасля аблавы на адвакатаў 20 сакавіка як мінімум двое абаронцаў так і не выйшлі на волю. Гаворка ідзе пра адваката Валянціна Стэфановіча, Аляксандра Францкевіча, Таццяны Кузінай, Ігара Лосіка, Паўла Белавуса і шмат каго з іншых палітвязняў Арцёма Сям’янава, а таксама пра адваката Яўгена Юшкевіча Юрыя Козікава.

Hавiны
Сілавікі затрымалі адвакатаў Валянціна Стэфановіча, Ігара Лосіка і іншых вядомых палітвязняў
2023.03.21 18:56

Быў затрыманы ўласнік гарадзенскай кватэры па вул.Курчатава 5, у якой нібыта «ліквідавалі тэрарыста», а таксама ягоныя бацькі. На канале СТВ адзначылі, што ён прыцягваўся за ўдзел у акцыях пратэсту яшчэ ў 2010 годзе.

Hавiны
КДБ затрымаў уласніка гарадзенскай кватэры, у якой «ліквідавалі тэрарыста»
2023.03.21 22:57

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў