Праз напад на Украіну Расея нанесла ўдар па хлебе


Расейска-ўкраінская вайна ўжо прывяла да росту цэнаў на прадукты – як у краінах рэгіёну, так і на іншым канцы планеты. Украіна – адзін з найбуйнейшых экспарцёраў збожжа ў свеце. Як агрэсія Расеі адаб’ецца на коштах хлеба і мяса ў Беларусі? Ці не прывядзе вайна да голаду на Блізкім усходзе і ў Афрыцы?

Збітая расейская ракета ва Украіне.
Фота: МОУ

Змагацца з крызісам Лукашэнка даручыў спраўджаным людзям. Віцэ-прэмʼерам, адказным за сельскую гаспадарку, ён прызначыў Леаніда Зайца. Роўна тры гады таму Лукашэнка скандальна зняў яго з пасады міністра сельскай гаспадаркі.

Цяпер жа Леанід Заяц, ківаючы і дзякуючы, выслухаў новыя заданні.

«У Вас адна задача – экспарт. Вы гэта добра ведаеце. Магчымасці вялікія адкрываюцца на нашых асноўных рынках – як у Расеі, так і ў Кітаі», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Новапрызначаны віцэ-прэмʼер паабяцаў, што аграсектар забяспечыць унутраны рынак збожжам, а таксама павялічыць продаж мяса за мяжу. Павялічыць экспарт немагчыма без імпартных камбікармоў. Пасля нападу Расеі на Украіну яны падаражэлі на траціну – у выніку падзення курсу беларускага рубля.

«Мы штогод купляем за мяжой каля 450 тысячаў тон бялковых дабавак. Ці зможа міністэрства сельскай гаспадаркі хутка павярнуцца ў дадзенай сітуацыі і не скараціць гэтых закупак?» – пытаецца эканаміст, эксперт аграрнага сектару Пётр Мігурскі.

Збожжа Беларусь купляе як у Расеі, такі і ва Украіне – тлумачыць Пётр Мігурскі. У беларускіх крамах ужо не хапае мукі вышэйшага гатунку. Недахоп збожжа можа прывесці да скарачэння вытворчасці яек і курынага мяса. Жыхары беларускіх райцэнтраў вырашаюць праблему самастойна.

«Закупляюць у масавым парадку птушку, каб забяспечыць сябе яйкам, а да зімы – курыным мясам ды мясам качкі. Можна разлічваць на рост абʼёмаў вытворчасці пры адной умове: калі дзяржаўны сектар таксама дадасць вытворчасці. А вось тут праблемы», – канстатуе Пётр Мігурскі.

Hавiны
Ажыятаж, паўпустыя паліцы, рост цэнаў. Што адбываецца ў харчовых крамах Беларусі
2022.03.17 10:00

Калгасы, якія дамінуюць у сельскай гаспадарцы Беларусі, не здольныя самі зарабляць грошы. Каб вырабляць харчы, ім неабходныя сродкі з дзяржбюджэту. Іх струмень скарачаецца з 2014 года. Дзяржаўным сельгаспрадпрыемствам не хапае грошай на набыццё ўгнаенняў, запчастак, гербіцыдаў і паліва. Бракуе таксама людзей, згодных працаваць за 200-250 долараў на месяц.

Насуперак стэрэатыпам, Беларусь – не аграрная краіна. Чатыры з пяці грамадзянаў Беларусі жывуць у гарадах. У сельскай гаспадарцы вырабляюць менш за 7 працэнтаў ВУП. Гэта больш, чым у Расеі ці Польшчы, але менш, чым ва Украіне. Такую ж долю сваіх сродкаў, як і ўкраінскія семʼі – больш за 40 адсоткаў – беларусы два гады таму выдавалі на харчы. Так было да расейска-ўкраінскай вайны.

«Я думаю, што гэтая лічба будзе набліжацца да 50-55 працэнтаў, паколькі заробкі паменшацца. Есці трэба заўсёды. Гэта не адзенне, гэта не паслугі, ад якіх можна адмовіцца. Кожны будзе вырашаць, што купляць, а ад чаго трэба адмаўляцца», – канстатуе эканаміст Яраслаў Раманчук.

Зрэшты, коштамі на прадукты занепакоеныя не толькі ў Беларусі. На Расею прыпадае 18 адсоткаў экспарту збожжа ў свеце. На Украіну – 7 працэнтаў. Ад украінскай пшаніцы залежныя такія краіны як Туніс, Тайланд, Інданезія, Марока, а таксама такія буйныя дзяржавы як Турцыя ды Егіпет. З-за вайны Украіна перастала прадаваць збожжа за мяжу. Сусветныя цэны на пшаніцу і сланечнікавы алей выраслі на 20 працэнтаў.

«Цэны на зерне спачатку пайшлі ўверх, а затым крыху ўпалі. Запасаў у свеце хопіць яшчэ на год-паўтара. Калі вайна не будзе зацяжной, то цэны на зерне будуць больш высокімі, але да голаду ці катастрафічных наступстваў нават для самых бедных краін гэта не прывядзе», – мяркуе Яраслаў Раманчук.

95 адсоткаў сваёй пшаніцы Украіна экспартавала праз парты Бердзянска і Адэсы. У захопленым Бердзянску, як паведамляе агенцтва UNIAN, расейская армія выкрала 5 караблёў, гружаных украінскім зернем. Нягледзячы на ​​вайну, украінскія фермеры ўжо пачалі пасяўную. Трактары выйшлі на палі ў свабоднай ад акупантаў частцы Мікалаеўскай вобласці. Рыхтуюцца да сяўбы і ў Палтаве.

Аналітыка
Дэфолт – не самае страшнае. Наколькі глыбока на дно расейская эканоміка пацягне за сабой беларускую
2022.03.10 09:00

Аляксандр Папко, «Белсат»

Стужка навінаў