Сачэнне паводле геалакацыі і агароджы вакол дамоў. Як беларусы жылі ў кітайскіх каранцінах


У пачатку студзеня ў Кітаі скасавалі адно з апошніх абмежаванняў, што дзеяла ў краіне дзеля змагання з пандэміяй каронавіруса. Адбылося гэта на фоне імклівага росту захворванняў на COVID-19 у КНР. Пры гэтым яшчэ некалькі месяцаў таму ў краіне дзеялі вельмі строгія каранцінныя захады. Як гэта было і чаму Пекін пастанавіў ад іх адмовіцца – у нашым матэрыяле.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Медсястра рыхтуе прышчэпку супраць COVID-19 для нямецкіх эмігрантаў у шпіталі ў Пекіне, Кітай. 5 студзеня 2023 года.
Фота: Thomas Peter / Reuters / Forum

Менавіта ў Кітаі ў 2019 годзе зафіксавалі першыя выпадкі каронавіруснай інфекцыі, што атрымала назву COVID-19 і вельмі хутка распаўсюдзілася па свеце. Ахвярамі пандэміі сталі мільёны асобаў у розных краінах, але ў большасці з іх строгія антыкаронавірусныя захады адмянілі яшчэ два гады таму. У Беларусі ж іх нават не ўводзілі. Але Кітай да апошняга працягваў жорстка змагацца з распаўсюдам віруса.

Аднак у канцы 2022 года здаліся і ўлады КНР. 8 студзеня 2023-га яны аднымі з апошніх знялі абавязковы каранцін для прыезджых з-за мяжы, які дзеяў цягам апошніх трох гадоў. І гэта пры тым, што ў Кітаі цяпер лютуе маштабная хваля каронавіруса. Як піша «Bloomberg», у краіне праз рэзкі рост смяротнасці перапоўненыя па ўсёй краіне крэматорыі. А «Associated Press» паведамляе, што ў КНР летась упершыню з 1961 года знізілася колькасць насельніцтва:

«Было не зразумела, ці паўплываў на паказнікі насельніцтва шырокамаштабны выбліск COVID-19 пасля паслаблення абмежаванняў на пандэмію ў мінулым месяцы. Кітай нядаўна паведаміў пра 60 000 смерцяў, звязаных з COVID, з пачатку снежня, але некаторыя эксперты мяркуюць, што ўрад, верагодна, заніжае колькасць смерцяў».

Паводле ацэнак брытанскай аналітычнай кампаніі «Airfinity», з пачатку снежня ў Кітаі ад каронавіруса памерлі 674 тысячы асобаў, а заразіліся 108 мільёнаў. Штодзень паміраюць 33,2 тысячы асобаў.

Мы папрасілі беларуску Алену (імя змененаае), якая ўжо некалькі гадоў жыве ў Пекіне разам з сям’ёй і за мінулы год ажно тры разы была ў прымусовай ізаляцыі, распавесці пра жыццё ва ўмовах кітайскага каранціну і пра тое, як сітуацыя выглядае цяпер.

Зрабіць тэст – як купіць малака

Як адзначае суразмоўца, пытаннямі арганізацыі каранціну ў Кітаі займаюцца мясцовыя ўлады, а цэнтральнае кіраўніцтва вызначае толькі агульныя кірункі і маніторыць сітуацыю. Таму ў кожнай правінцыі антыковідныя захады адрозніваліся. Напрыклад, у Пекіне яны былі больш жорсткімі, але і лепш арганізаванымі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Людзі стаяць стаяць у чарзе, каб здаць аналіз на COVID-19 у Шанхаі, Кітай. 25 верасня 2022 года.
Фота: Aly Song / Reuters / Forum

«Перад тым, як зайсці ў нейкае памяшканне (школы, лякарні, крамы), грамадскі транспарт, трэба было рабіць тэсты. Спачатку кожныя 72 гадзіны, потым – 48. Вынікі загружаліся ў сістэму праз тэлефон, і іх трэба было паказваць, што ў цябе адмоўны вынік і «зялёны код», – кажа Алена.

Трэба было ўвесь час адсочваць, колькі гадзінаў мінула, але вялікая колькасць пунктаў, дзе можна было зрабіць тэсты, спрашчала жыццё. У выніку гэта стала настолькі штодзённым, як і схадзіць па малако.

Адсачылі паводле геалакацыі

Першы раз Алену з сям’ёй скіравалі на прымусовую ізаляцыю яшчэ ўвесну, адсачыўшы тэлефон з дапамогаю геалакацыі:

«Сістэма пабачыла, што мы сям’ёю праходзілі ля крамы, дзе ў той час быў хворы. Мы не заходзілі ў самую краму, не кантактавалі з гэтай асобай, але тое, што паводле геалакацыі мы праходзілі блізка, сталася падставаю для каранціну».

Беларусам заблакавалі на тэлефоне код здароўя і сказалі сядзець удома. Пасля да іх прыйшлі дамоў: зрабілі тэсты і пакінулі экспрэс-тэсты, вынікі якіх трэба было рэгулярна дасылаць. Было дазволена замаўляць прадукты, што пакідалі перад дзвярыма. Паколькі ўсе вынікі былі адмоўныя, праз пяць дзён з кватэры выходзіць дазволілі. Тых, у каго вынікі былі станоўчымі, чакала паездка ў адмысловы лагер для хворых. У Пекіне гэта быў вялікі выставачны цэнтр, дзе зрабілі вялізны шпіталь. Але ніякага лекавання там не надавалася, людзі проста ляжалі і рабілі тэсты. Моцна хворых развозілі па звычайных больніцах.

Закрылі ўвесь дом

«Самае цікавае» пачалося ўвосень, калі, нягледзячы на ўсе захады, адбыўся рост захворвання. У Пекіне, напрыклад, пачалі ў гэты час рабіць каранціны для ўсіх, хто прыязджае ў горад, нават з іншых рэгіёнаў Кітаю. Але і гэта не дапамагала, таму ў выніку ўвялі «дынамічную талерантнасць да каронавіруса». Закрываць пачалі нават асобныя будынкі і кварталы. Адказнасць за гэта неслі мясцовыя грамады.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Грамадзяне чакаюць у чарзе, каб зрабіць тэсты ў Гўанчжоў, Кітай. 31 ліпеня 2022 года.
Фота: Cfoto / ddp images / Forum

«У гэтым была, як мне падаецца, найвялікшая праблема, бо працаўнікі грамадаў баяліся адказнасці і прасочвання віруса менавіта з іх тэрыторыі. Таму былі нават прыклады, калі дамы закрываліся прэвентыўна», – кажа Алена.

У адзін з дзён закрылі дом, у якім жыла нашая суразмоўца. Пра гэта сям’я даведалася, калі ішла забраць дзіця з садка. На выхадзе з дому вісела абмежавальная стужка, было шмат асобаў, паліцыя таксама. Забраць дзіця Алене не далі, сказалі вяртацца ў кватэру, чакаць тэсту на каронавірус. З садка таксама не хацелі прывесці дзіця, каб не сапсаваць свайго коду і самім не сесці на каранцін.

«Стаўленне было як да чумных», – падкрэслівае беларуска.

Тым не менш дзіця з садка ўсё ж прывялі. Праўда, толькі а 21:00. За гэты час людзі ў ахоўных касцюмах ужо ўсталявалі вакол будынку жалезную агароджу і прынеслі свае рэчы, бо самыя мусілі жыць у фае ў гэтым жа доме. Займаліся такою працаю нанятыя звонку асобы, звычайна моладзь ці працаўнікі тых бізнесаў, што зачыніліся падчас каранціну. На «антыковіднай» варце яны атрымлівалі падзённую аплату, то бок, кажа суразмоўца, былі зацікаўленыя ў тым, каб каранціны былі часцейшыя і даўжэйшыя. Дый паводзілі сябе часам па-хамску. У некаторых гарадах нават зачынялі пажарныя выхады, не прапускалі хуткай ці пажарнікаў – «насалоджваліся ўладай, а не толькі ахоўвалі».

Увесь дом – пад 30 паверхаў з пяццю кватэрамі на кожным – быў ачэплены. Зачынілі і некалькі іншых дамоў у гэтым жыллёвым комплексе. Людзей усярэдзіну пускалі, але вонкі не выпускалі. Тлумачэнняў таго, што адбылося, не давалі. Толькі пасля таго, як жыхары пачалі нервавацца ў дамавым чаце, адміністрацыя паведаміла: у доме была адна асоба са станоўчым тэстам.

Гэтага чалавека з дому вывезлі і паабяцалі вывезці ў лагер усіх, хто жыў з ім на адным паверсе ды ўверх і ўніз уздоўж выцяжкі: маўляў, вірус распаўсюджваецца праз вентыляцыю, кандыцыянеры і каналізацыю. У дамавым чаце з гэтай прычыны пачаўся вэрхал, у выніку больш нікога не вывезлі.

На наступны дзень жыхарам дому прынеслі па пакеце з ежаю. На сям’ю гэтага было недастаткова, ратавала тое, што ў лядоўні яшчэ былі прадукты. Але, напрыклад, у Шанхаі дастаўкі ежы не было зусім.

Кватэру і дом кожны дзень апрацоўвалі густым слоем антысептыку, які вельмі моцна пах хлёркай і з якім трэба было быць асцярожнымі, каб не атруціцца. На дзверы кватэраў павесілі магнітныя датчыкі, праз некалькі дзён выдалі экспрэс-тэсты на COVID-19. Пры гэтым дазвалялася выстаўляць з кватэраў смецце на лесвічную пляцоўку і замаўляць з крамаў тавары і нават ежу з рэстаранаў, праўда, не ўсё гэта працавала. Дый шмат кур’ераў таксама захварэлі ці былі на каранціне.

Дубль тры

Ізаляцыя цягнулася больш за тыдзень. За гэты час ніводнага выпадку захворванняў не было, і будынак адчынілі. Але праз пару дзён на каранцін закрылі ўжо ўвесь жыллёвы комплекс, бо ў суседніх дамах выявіліся новыя выпадкі захворванняў. Пры гэтым дазволілі выходзіць ва ўнутраны двор, дзе стаяў намёт для тэстаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Медычныя работнікі ў сродках індывідуальнай аховы робяць тэсты на COVID-19. Ганконг, Кітай.
Фота: Miguel Candela / Zuma Press / Forum

Калі людзей са станоўчымі тэстамі вывозілі з дому, блакаваліся ўсе выхады і «здаровыя хлопцы» ахоўвалі ўсе праходы ад дзвярэй да брамаў у агароджы. Праверыўшы, ці ўсе жыхары будынку сядзяць па кватэрах, хворага апраналі ў спецкасцюм і пад аховаю вялі ў турыстычны аўтобус, што пад’язджаў да адной з уваходных брамаў. Пасля ўвесь гэты шлях пакрывалі антысептыкам.

Гэтая ізаляцыя цягнулася яшчэ тыдзень. Магла б і болей, але якраз у гэты час у Кітаі пачаліся антыкаранцінныя пратэсты. Хадзілі чуткі, што ў некаторых грамадах людзі ламалі агароджы і выходзілі на вуліцы. У выніку ўлады пайшлі на саступкі і адмянілі каранцінныя захады.

«Было відаць, што ў людзей цярпенне скончылася. Таму каранціны адмянілі, але мы свой яшчэ трохі дасядзелі», – кажа Алена.

Улады ж тлумачаць, што пайшлі на гэта, бо ўжо мінулі небяспечныя штамы каронавіруса і ўдалося выйграць час ды пераседзець пагрозы.

Сістэма перанапружаная

На думку суразмоўцы, ад строгіх каранцінных захадаў сістэма была моцна перагружаная. Не працавалі бізнесы, асабліва малыя. Часам працаўнікоў проста не выпускалі з цэху, калі на змене выяўлялі хворых. Адзіныя, хто моцна эканамічна вырас, – гэта фармакалогія і медыкі, а таксама тыя, хто працаваў у супрацьковідных атрадах. Дадатковаю нагрузкаю на сістэму былі шматлікія тэсты ды іншыя захады, што субсідаваліся дзяржаваю.

«Таму адчынілі, напэўна, і праз гэта таксама, бо была вялікая эканамічная нагрузка на ўсю сістэму», – адзначае суразмоўца.

Цяпер жа ў Кітаі ўсё адчынілі. Паў нават «апошні бастыён» – лякарні і школы. Трэба толькі перад школай удома рабіць экспрэс-тэсты, але іх не кантралююць. Разам з тым у канцы лістапада і ў снежні ў разы вырасла колькасць захворванняў.

Праблемаю сталася таксама набыццё лекаў. Падчас каранціну жарапаніжальныя, лекі ад кашлю ды іншае прадавалі толькі паводле рэцэптаў, каб хворыя, баючыся вывазу ў лагеры, не лячыліся ўдома самастойна. З адменаю каранціну гэтую норму скасавалі, і людзі масава сталі скупляць лекі, ад чаго на некаторы час утварыўся іх дэфіцыт.

Перахварэла і суразмоўца з сям’ёй, маючы тры кітайскія прышчэпкі ад каронавіруса. Аднак, паводле яе, хоць хварэлі ўсе масава, але няцяжка. На ейную думку, пік захворванняў ужо мінуў. Але, адзначае беларуска, ёсць вялікае неразуменне адносна сітуацыі з кітайскімі старымі, у дачыненні якіх не праводзілася кампаніі масавай вакцынацыі ды пра пагрозу здароўя якім раней увесь час казалі кітайскія ўлады.

Ян Круглік belsat.eu

Стужка навінаў