«Апазіцыя ўжо зліла прэзідэнцкую кампанію–2015»


Апазіцыя ўжо зліла прэзідэнцкую кампанію–2015 – каб паспрабаваць пазмагацца за ўладу, ёй трэба было вызначацца з адзіным кандыдатам яшчэ ў 2012-2013 гадах. Пакуль жа «сямёрка» б’ецца над працэдурай вылучэння дэлегатаў на Кангрэс дэмакратычных сілаў, які можа прайсці ў лютым-сакавіку 2015 года. За 6 месяцаў да гадзіны X зрабіць з адзінага кандыдата (нават калі такі з’явіцца) годнага суперніка Аляксандру Лукашэнку не атрымаецца. Тым больш, ва ўмовах беларускага інфармацыйнага гета. Адзіную інтрыгу прэзідэнцкай кампаніі–2015 тояць у сабе непрадказальныя паводзіны Крамля.

Змрочнымі прагнозамі на 2015 год у інтэрв’ю «Беларускай праўдзе» падзяліўся кіраўнік праекта «Belarus Security Blog» Андрэй Паротнікаў.

Беларуская апазіцыя чацвёртую кампанію запар спрабуе абраць адзінага кандыдата ў прэзідэнты. Усе чатыры спробы праваліліся, нават фармальна паспяховае вылучэнне Уладзіміра Ганчарыка ў 2001 годзе: Сямён Домаш зняў сваю кандыдатуру на карысць адзінага, аднак яго каманда байкатавала кампанію. У чым сакрэт няўдачаў беларускай апазіцыі?

Андрэй Паротнікаў: «Чаму няўдачу? Калі б ставілася мэта прыйсці да ўлады, то можна апераваць тэрмінамі «поспех-правал». Але пасля 1996 года такія мэты, як мне здаецца, не ставілася.

Выбары ў нашых умовах носяць дваякі характар​​. Па-першае, камерцыйны, бо пад іх вылучаюцца пэўныя фонды, якія можна «асвоіць». Па-другое, гэта добрая падстава нагадаць пра сваё існаванне. Праўда, чым далей, тым сітуацыя выглядае менш «салодкай». І ў плане грошай, і ў плане нагадвання пра сябе».

Уся соль у мэтах, якія ставяць перад сабой удзельнікі кампаніі: калі асобныя апазіцыйныя сілы лічаць Лукашэнку галоўнай перашкодай на шляху развіцця краіны, то іншыя сілы прыстасаваліся ўжывацца з ім, і вельмі паспяхова. На словах усе выступаюць супраць далейшага кіравання Лукашэнкі, а на самой справе змагацца за ўладу гатовыя адзінкі.

АП: «Ды ніхто не гатовы змагацца. У самай буйной апазіцыйнай партыі ад сілы 600 «жывых» актывістаў. У двух іншых структурах з «цудоўнай сямёркі» – па 100 у кожнай. Але пры гэтым ва ўсіх ёсць свае кандыдаты на адзінага, і яны ўяўляюць сябе суб’ектамі палітыкі нацыянальнага маштабу. Зараз асноўная задача апазіцыі не выбары-дурыбары, а нарошчванне партыйных шэрагаў».

{movie}Два на два: выбары адзінага кандыдата 2015 |right|17534{/movie}

Пакуль Лукашэнка знаходзіцца ва ўладзе, усім астатнім шлях туды зачынены. Гэта разумее ўся апазіцыя. Як і той факт, што без рэальнага аб’яднання дзяржаўны махавік, што выбудоўваўся 20 гадоў, не адолець. Як жа дамагчыся адзінства? Можа, адзіны кандыдат – не той механізм, які патрэбны апазіцыі?

АП: «Давайце будаваць дом з падмурка. Навошта існуе ўлада? Многія палітычныя арганізацыі не маюць нават праграмы, адэкватнай на сённяшні дзень! Навошта ім улада, калі яны не ведаюць, што з ёй рабіць. А нават калі і будуць ведаць, то паўстае пытанне: хто гэта будзе рабіць? Зноў упіраемся ў кадры.

Змагацца трэба не за ўладу, а за магчымасць навучыцца кіраваць дзяржавай. Лукашэнка не малады і не вечны. Ды і сістэма яго ўжо, мякка кажучы, прабуксоўвае. Прычым на ўсіх узроўнях. Апазіцыя магла б праз Захад пралабіраваць пытанне аднаўлення адносін з рэжымам узамен на лібералізацыю правапрымяняльнай практыкі ў дачыненні да грамадскіх аб’яднанняў і свабодныя выбары ў мясцовыя Саветы – каб хоць краем вока ўбачыць, як працуе дзяржаўны механізм.

Па меры пагаршэння эканамічнай сітуацыі, можа наступіць фаза два: крэдыт МВФ узамен на пропуск у «палатку» прадстаўнікоў апазіцыі. Чалавек 20-30 з 110 «дэпутатаў» надвор’я не зробяць. Тым больш, што Нацсход і так нічога не вырашае. Але гэта дае магчымасць у тэорыі падрыхтаваць свае партыйныя кадры. Яны не ўяўляюць асаблівай небяспекі для Лукашэнкі: ні мясцовыя Саветы, ні палата ні на што не ўплываюць».

За год да прэзідэнцкай кампаніі–2015 апазіцыя беспаспяхова спрабуе вызначыць чарговага адзінага кандыдата. Сам адзіны кандыдат нават калі і з’явіцца, то не раней за люты-сакавік 2015. Ці ёсць сэнс ламаць дзіды аб канцэпцыю адзінага, калі за паўгода ён усё роўна не здолее раскруціцца?

АП: «Не. Выбары–2015 «злітыя». Адзінага трэба было выбіраць у канцы 2012-га – першай палове 2013-га Цягнік сышоў. Адзіны сэнс гэтых рухаў цела – атрымаць фінансавыя рэсурсы пад праект «адзіны кандыдат». Але да палітыкі гэта не мае ніякіх адносінаў».

Паводле апошніх дадзеных НІСЭПД, найбольшы рэйтынг з апазіцыйных палітыкаў ва Уладзіміра Някляева – больш за 6%. Чаму б апазіцыі цяпер не аб’яднацца вакол мацнейшага, і ісці ў народ? З лютага да снежня 2010 года года кампанія «Гавары праўду» правяла моцную кампанію і здолела разварушыць Беларусь. А калі б правесці такую ​​ж кампанію, аб’яднаўшы намаганні, – эфект мог быць яшчэ лепшы.

АП: «Тады ў «Гавары праўду» былі грошы. Таму атрымалася моцная кампанія. Цяпер грошай няма. Палітактыў рэфлекторна атаясамлівае «Гавары праўду» з грашыма. І за дзякуй не разгоніцца нешта рабіць. А такіх фінансавых патокаў, як у 2010 годзе, думаю, у 2015 годзе не будзе. Таму пытанне: хто стане адзіным або будзе некалькі кандыдатаў – ніякай практычнай цікаўнасці ўжо не ўяўляе».

Замест гэтага «сямёрка» ўжо паўгода б’ецца над механізмам вылучэння адзінага кандыдата і працэдурай вылучэння дэлегатаў на Кангрэс дэмакратычных сілаў. За што ідзе барацьба?

АП: «На кану стаяць тры стаўкі. Першае: амбіцыі лідараў. Нягледзячы на рэдкія шэрагі апазіцыйнага «войска», у Цэзарах і Напалеонах недахопу няма. Другое: асабістыя рахункі – не даць канкурэнту стаць адзіным кандыдатам ад апазіцыі. Трэцяе: цепліцца надзея – а раптам усё ж адваляць вялізныя грошы «ад душы»? А чый адзіны – той і на касе сядзіць».

Ідэя Плошчы, якая з’яўлялася цэнтральным звяном як мінімум апошніх двух кампаній, пасля ўкраінскіх падзей нежыццяздольная. Якую альтэрнатыву можа прапанаваць апазіцыя незадаволенай большасці?

АП: «Ніякай. Грамадства напужалі вайной ува Украіне – яно адхіляе «ўкраінскі сцэнар» як фактар унутрыпалітычнай дэстабілізацыі. Застаецца сацыяльная тэматыка. Пры добра праведзенай кампаніі можна дамагчыся выніку і на тэме карупцыі, і згуляць на замежных ваенных аб’ектах у Беларусі, якія нясуць пагрозу нацыянальнай бяспецы. Толькі хто гэтым будзе займацца»?

Які будзе сцэнар прэзідэнцкай кампаніі-2015?

АП: «Адзіная інтрыга – расейскі фактар. Абсалютна псіхапатычныя пазіцыя Крамля па Украіне прадэманстравала поўную непрадказальнасць паводзін Расеі нават у дачыненні да прыязных краін».

{movie}Карбалевіч: Сабраць подпісы на прэзідэнцкіх выбарах зможа толькі адзіны кандыдат |right|17535{/movie}

Крыніца: «Беларуская праўда»

Глядзі таксама
Каментары