Ці ўмеем мы спачуваць? Беларусы пачалі прыносіць кветкі пад консульства Галандыі (фота)


Як беларусы адгукнуліся на катастрофу малайзійскага летака „Boeing 777”, у якой загінулі амаль 300 чалавек?

Кветак каля консульства Галандыі ў Менску – не шмат, хоць ужо прайшла большая частка дня. Сярод тых, хто прыйшоў выказаць спачуванне, – пераважна працаўнікі офісаў, што месцяцца ў адным будынку з галандскім прадстаўніцтвам. Консульства Каралеўства Нідэрланды месціцца ў Менску па адрасе – вул. Усходняя, 133.

У Кіеве яшчэ ўчора ўвечары каля амбасады Галандыі сабралася блізу тысячы чалавек, якія прыйшлі выказаць спачуванні з нагоды катастрофы авіялайнера. Людзі прыносілі кветкі, мяккія цацкі, запальвалі свечкі і знічы.

1405632765-9343-posolstvo-niderlandyi
Каля амбасады Галандыі ў Кіеве ўвечары пасля крушэння летака. Фота Reuters

„Boeing 777”, які ляцеў з Амстэрдаму ў Куала-Лумпур, быў збіты ўчора вечарам каля селішча Снежнае ў Данецкай вобласці. У выніку катастрофы загінулі ўсе, хто быў на борце – 298 чалавек, сярод якіх 283 пасажыры (сярод іх – трое немаўлятаў) і 15 чальцоў экіпажу.

Сярод загінулых – 189 грамадзяне Нідэрландаў, 43 малайзійцы, 27 аўстралійцаў, 12 інданезійцаў, 9 брытанцаў, па 4 грамадзяне Нямеччыны і Бельгіі, 3 філіпінцы, 1 грамадзянін Новай Зеландыі і 1 канадзец.

Украінскія ўлады і прадстаўнікі самаабвешчаных рэспублік на ўсходзе Украіны адмаўляюць сваё дачыненне да трагедыі і вінавацяць адзін аднаго ў тым, што адбылося. Кіеў заяўляе, што ў раёне падзення „Boeing 777” не было ўкраінскіх ракетных комплексаў, здольных пацэліць у мэты на вялікай вышыні. Верагоднай падаецца версія, што лятак збілі тэрарысты, якія ваююць з афіцыйнымі ўкраінскімі ўладамі.

МЯ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары