Поўныя лёгкія волі


https://youtu.be/DxCxYAhq0fc

Удыхнуць волі! На легендарным хутары Шаблі, што ў Валожынскім раёне, грыміць ужо сёмы з ліку фестываль новага этна «Вольнае паветра». Сёлета ўпершыню фэст ладзяць на Купалле – з традыцыйнага канца жніўня на сярэдзіну лета дзейства перанеслі праз змену клімату.

{movie}Поўныя лёгкія волі |right|17307{/movie}

НАВЕДНІКІ ШАБЛЁЎ:
«Мне падабаецца, што тут вольная атмасфера, што тут добрыя людзі збіраюцца, культурныя, адукаваныя, любяць Беларусь. Я таксама люблю Беларусь».

«З дзецьмі тут шмат чаго можна паглядзець, шмат чым заняцца. Ну і канцэрт паглядзець прыехаў. І сабе, і дзецям».

Змянілася сёлета і прастора – цяпер фестываль гэта не толькі сядзіба ды траўнік пад сцэнаю, але і маляўнічая даліна ракі Буянкі, дзе пасля сцэнічнай часткі будуць ладзіць містычнае Купалле. Упершыню на фэсце прайшлі выязныя заняткі курсаў «Мова ці кава».

АЛЕСЬ ЗАЛЕЎСКІ, ВЯДОЎЦА, «МОВА ЦІ КАВА»:
«У нашай краіне размаўляць па-беларуску – гэта пачуваць сябе свабодным. Мець упэўненасць у сваёй рацыі, у сваім праве на гэта. Таму «Мова ці кава» і гэты фестываль неразрыўныя. Чым больш людзей будуць размаўляць па-беларуску – тым больш будзе вольнага паветра».

Аддаленасць ад аўтастрадаў і чыгунак не стала перашкодаю і для нашых суседзяў, а таму на фэсце чуваць і ўкраінскую мову.

НАВЕДНІЦЫ З КІЕВА:
«Цяпер наагул з фестывалямі ў нас напружана, зразумела, праз якія падзеі ў краіне. Большасць фестываляў паадмянялі. Тыя, што ў Крыме, на поўдні, пераязджаюць наагул у іншыя месцы».

Музычная канцэпцыя «Вольнага паветра» сёлета – набліжэнне да аўтэнтыкі. Між выступоўцаў – гурты «Vuraj», «Стары Ольса», «Pafnutiy’s Dreams» і, безумоўна, этна-трыа «Троіца».

Упершыню «Вольнае паветра» прайшло ў 2006 годзе на беразе ракі Бобр у Крупках. Пазней фэст пераняў дырэктар канцэртавага агенцтва «Шаблі» і ўладальнік аднайменнага хутару Уладзімір Шаблінскі. Для тых жа, хто не паспеў у Шаблі сёння, ёсць добрая навіна – на пачатку жніўня тут пройдзе міжнародны фестываль «Дружба».

Адэля Дубавец, «Аб’ектыў»

Глядзі таксама
Каментары