Чарговы “падарунак” аўтамабілістам ад дзяржавы


Чарговы “падарунак” аўтамабілістам ад дзяржавы. Не выключаюць, што ўжо з 1 ліпеня тыя, хто пажадае набыць новае ці патрыманае легкавое аўта, будуць вымушаныя падрыхтавацца да значна большых выдаткаў. Як з непакоем паведамляюць прадстаўнікі аўтабізнесу, у Беларусі плануюць увесці ліцэнзаванне аўтамабіляў і аўтапакрышак.

{movie}«Падарунак» аўтамабілістам |right|17203{/movie}

СЯРГЕЙ МІХНЕВІЧ, БЕЛАРУСКАЯ АЎТАМАБІЛЬНАЯ АСАЦЫЯЦЫЯ:
“Мы вядзем перамовы з Саветам Міністраў, даносім свае аргументы і спадзяемся, што будзем пачутыя. Мы спадзяемся на розум”.

Паводле пакуль неафіцыйных звестак абавязковае ліцэнзаванне закране ўсе аўтамабілі і апоны, прывезеныя ў Беларусь з-за межаў Мытнага саюзу.

АНАТОЛЬ ШАЎЧЭНКА, ЭКСПЕРТ АЎТАБІЗНЕСУ:
“Гэта, зразумела, абумоўлена абаронаю ўласнага рынку. Па-другое, такім чынам дзяржава намагаецца абмежаваць адток валюты з краіны. Маўляў, купляеце беларускае і не вывазіце валюту”.

То бок набывайце прадукцыю прадпрыемства “Белшына” ці супольнай беларуска-кітайскай кампаніі “БелДжы” вытворчасці аўтамабіляў “Geely”. Аляксандр Лукашэнка не аднойчы заяўляў пра неабходнасць зрабіць яе беларускаю маркаю. Вось толькі ці самыя беларусы гатовыя развітацца з вядомымі ім здаўна іншамаркамі на карысць таннейшых, сабраных у Беларусі, але ж усё роўна… кітайскіх?

АПЫТАННЕ, МЕНСК:
“Трэба спачатку набірацца досведу, зарэкамендаваць якасць, а пасля прапаноўваць. Я мяркую, што якасць гэтага аўта на вельмі нізкім узроўні”.
“Найперш чыноўнікі мусяць перасесці на гэтыя аўтамабілі, пакатацца два дні, а пасля, я мяркую, яны прымуць адпаведнае рашэнне”.
“Я за рынкавую эканоміку. Спажывец сам выбірае, што яму купляць, адкуль везці машыну”.

Менавіта таму ўжо сёння эксперты канстатуюць, што новаўвядзенне павялічыць сферу гэтак званага шэрага імпарту. Валюта і так будзе ўцякаць з Беларусі, асноўныя ж прыбыткі атрымае ўсходняя суседка і партнёр Беларусі з Мытнага саюзу – Расея.

АНАТОЛЬ ШАЎЧЭНКА, ЭКСПЕРТ АЎТАБІЗНЕСУ:
“Асноўная грашовая плынь пойдзе туды з-за адкрытасці межаў з Расеяй. Ужо сёння некаторыя беларусы едуць набываць аўтамабілі ў Смаленск ці Маскву, дзе кошты на новыя аўтамабілі значна ніжэйшыя – ад 3 да 10 тысяч долараў”.

І што б ні рабіла дзяржава…

СЯРГЕЙ МІХНЕВІЧ, БЕЛАРУСКАЯ АЎТАМАБІЛЬНАЯ АСАЦЫЯЦЫЯ:
“Усялякія захады абмежавання імпарту ніколі не давалі станоўчых вынікаў”.

Але дзяржава, якая раней фактычна адрэзала беларусаў ад патрыманых аўтаў з Захаду, не спыняецца ў намаганнях абмежаваць аўтаімпарт. Гэтак, з 1 ліпеня Савет Міністраў планаваў увесці інстытут адмысловых імпарцёраў, паводле якога пастаўляць аўтамабілі ў Беларусь маглі б толькі дзяржаўныя прадпрыемствы. Пакуль, праўда, ад такога кроку ўрад адмовіўся.

Ян Бабіцкі, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў