У прэзідэнцкіх выбарах 2015 года Бяляцкі будзе ўдзельнічаць як праваабаронца


«Працэс выбараў у нас суправаджаецца масавымі парушэннямі заканадаўства, і наша задача — адсочваць гэтыя парушэнні, прыцягваць увагу беларускіх уладаў, нашай і міжнароднай грамадскасці, дабівацца справядлівасці», – сказаў праваабаронца.

Адказваючы на пытанне аб сваіх планах і настроі пасля вызвалення, Бяляцкі сказаў: “Па-першае, у цень я адыходзіць не збіраюся. Што да настрою, то ён у мяне бадзёры. Я быў унутрана настроены сядзець “да званку”, таму маё вызваленне — прыемны сюрпрыз для мяне“.

“Па вялікім рахунку, мы не павінны ставіць сваю работу ў залежнасць ад свайго настрою. А работы ў нас шмат, бо асноўныя праблемы ў Беларусі — з захаваннем дзяржаўнасці, незалежнасці, з развітай эканомікай, дэмакратыяй і правамі чалавека — не вырашаныя“, – дадаў Бяляцкі падчас онлайн-канферэнцыі на сайце інтэрнэт-газеты Naviny.by

На думку Бяляцкага, адна з самых галоўных задач беларускага грамадства — дабіцца справядлівых выбараў. “Удасца гэта нам ці не, ад гэтага залежыць наша будучае жыццё“, — дадаў ён.

Каментуючы спрэчкі аб удзеле апазіцыі ў выбарах, праваабаронца зазначыў: “З аднаго боку, выбараў як самой працэдуры не існуе. Удзельнічаць у гэтым шоў, наіўна спадзеючыся на тое, што мы можаш дабіцца нейкіх сапраўдных лічбаў на гэтых выбарах, не даводзіцца. Але разглядаць выбарчую кампанію як грамадскую, каб данесці сваё слова да людзей, можа, сэнс і ёсць“.

На думку Бяляцкага, магчымы ўдзел або няўдзел у выбарах “трэба абмяркоўваць грамадой, зыходзячы з канкрэтных рэалій, канкрэтнай сітуацыі”. “На сёння, як мне бачыцца, кампанія 2015 года не дае перспектыў для беларускага грамадства, каб пераламаць гэтую сітуацыю ў нейкае справядлівае рэчышча“, — лічыць праваабаронца.

Пасля вызвалення з турмы Алесь Бяляцкі даў эксклюзіўнае інтэрвю «Белсату», у якім распавёў пра турэмныя будні, стаўленне з боку іншых вязняў і планы на будучыню. Відэаверсіюінтэрвю глядзіце ў раздзеле «Навіны».

МЛ / Арцём Шрайбман, БелаПАН.

Стужка навінаў