У Берасці адкрылі Расейскі цэнтр навукі і культуры (фота)


Адкрыты ў Берасці Расейскі цэнтр навукі і культуры – другі ў Беларусі. Першы быў адкрыты ў Менску. У наступным годзе плануецца стварыць такі цэнтр у Гомлі.

На цырымоніі адкрыцця прысутнічалі старшыня Дзяржаўнай Думы Расеі Сяргей Нарышкін, амбасадар Расеі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў, прадстаўнікі дэлегацыі Расеі, а таксама кіраўніцтва Берасця і вобласці.

Берасцейскі цэнтр адкрылі паводле рашэння прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна і ў адпаведнасці з міжурадавым пагадненнем аб абмене культурнымі цэнтрамі, зазначыў на цырымоніі кіраўнік Федэральнага агенцтва Расеі па справах СНД, суайчыннікаў, якія жывуць за мяжой, і міжнародным гуманітарным супрацоўніцтве Канстанцін Касачоў.

«Гэта наша стаўленне да Беларусі, разуменне важнасці гуманітарнага вымярэння нашага двухбаковага супрацоўніцтва і ўпэўненасць, што праца такіх цэнтраў будзе патрэбна людзям», — падкрэсліў Касачоў.

У сваю чаргу старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Уладзімір Андрэйчанка заявіў, што Расейскі цэнтр навукі і культуры ў Берасці дазволіць больш даведацца пра духоўны, матэрыяльны патэнцыял Расеі і будзе працаваць на ўмацаванне сяброўства, супрацоўніцтва, узаемаразумення паміж дзвюма краінамі.

Расейскі цэнтр навукі і культуры знаходзіцца ў двухпавярховым будынку на вуліцы Маскоўскай. Тут ёсць бібліятэка, кінаканцэртная і выставачная залы, творчая студыя, навучальна-метадычны цэнтр расейскай мовы.

У дзень адкрыцця цэнтру тут пачала працаваць тэматычная фотавыстава «Берасце на скрыжаваннях лёсаў двух братніх народаў».

Дырэктар «Арт-Сядзібы» Павел Белавус так скаментаваў гэту падзею ў «Фэйсбуку»: «Патлумачце сябры, я такога не разумею! Тым часам, калі «Арт-Сядзіба» за 2,5 гады ўжо змяніла 5 адрасоў не па сваёй волі, звярнулася да беларусаў і паспрабавала сабраць грошы на памяшканне для беларускага культурнага цэнтру ў Менску, і сабрала толькі каля 3 % ад патрэбнай сумы, у Берасці і Гомлі па асабістым распараджэнні Пуціна будуюцца вялізныя будыніны – Расейскія цэнтры навукі і культуры, якія ўрачыста адкрываюць кіраўнікі вобласці і вялікія расейскія палітыкі».

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў