У Польшчы будуюць 100 гатэляў для пчол


Пчолы ў 17 польскіх гарадах атрымаюць дамы «для адпачынку і кахання».

Колькасць пчол у вялікіх гарадах імкліва зніжаецца праз неспрыяльную экалагічную сітуацыю. Гэтым карысным насякомым усё цяжэй знайсці месца, дзе яны могуць схавацца. А гэта значыць, што без апылення застаюцца мільёны раслінаў, у тым ліку тых, якія кормяць гараджанаў садавіною і гароднінаю. У некаторых краінах, напрыклад у Кітаі, пчол катастрафічна не хапае, і там расліны даводзіцца запыляць уручную.

Дамкі, збудаваныя з экалагічных матэрыялаў, паставяць у гарадскіх зялёных зонах. У іх пчолы змогуць схавацца ад дажджу і халадоў, атрымаўшы «месца для адпачынку і кахання». Гатэлі створаныя такім чынам, каб унутры маглі суіснаваць насякомыя некалькіх відаў. Каб падаць прыклад іншым «пастаяльцам», дамкі заселяць рудымі осміямі (лац. osmiarufa) – пчоламі, якіх выкарыстоўваюць для апылення раслінаў у сельскай гаспадарцы. Яны бяспечныя для людзей: не агрэсіўныя і не ўтвараюць рою.

Учора пчаліны гатэль урачыста «адкрылі» ў Вроцлаве. А першы летась у верасні з’явіўся ў вядомым варшаўскім парку – Поля Макатоўске (PolaMokotowskie). 1 дамок каштуе 800 злотых (каля $ 270). Таму польскія актывісты «Greenpeace» стварылі інтэрнэт-старонку «Усынаві/удачары пчалу», праз якую можна пералічыць свае ахвяраванні. Адно «ўсынаўленне/удачарэнне» каштуе 2 злотых. Да акцыі далучыліся вядомыя польскія музыкі. Дзякуючы ёй удалося сабраць грошы на 100 пчаліных гатэляў.

Адной з самых вядомых акцыяў падобнага кшталту ў Еўропе стала ўсталяванне вулляў на даху французскага парламента ў красавіку 2013 года.

АК, belsat.eu, паводле tvp.pl, prw.pl

Стужка навінаў