Фестываль нацыянальных культураў у Горадні


На тры дні Горадня ператварылася ў вялікую фестывальную пляцоўку. Больш як 200 выканаўцаў з блізкага і далёкага замежжа знаёмілі гледачоў з культураю сваіх народаў.

Фестываль штогод становіцца больш папулярным і шматлюдным. Што да Беларусі, усе творчыя калектывы нацыянальных аб’яднанняў прайшлі адмысловы адбор падчас рэспубліканскага конкурсу. На фестывальную сцэну трапілі толькі найлепшыя.

{movie}Фестываль нацыянальных культураў у Горадні |right|16939{/movie}

10 фестываль нацыянальных культур, які што два гады гасцінна сустракаюць у горадзе над Нёмнам, распачаўся тэатралізаваным шэсцем па вуліцах старажытнай Горадні.

Гэтым разам больш за паўтары тысячы асобаў прадстаўнікоў 36 нацыянальных меншасцяў узялі ўдзел ва ўрачыстым адкрыцці фестывалю, прэзентуючы шматлікім гарадзенцам і гасцям гораду адметнасці сваёй нацыянальнай культуры. З кожным годам шырыцца і геаграфічны дыяпазон удзельнікаў, якія прэзентуюць не толькі краіны былога Савецкага Саюзу, але і Заходнюю Еўропу, Афрыку, Амерыку і Азію, што з’яўляецца сведчаннем усё большай папулярнасці фестывалю.

“Усё лепшае, што скапілася ў людзей, прадстаўнікоў нацыянальнасцяў, яны дэманструюць тут і вызываюць толькі радасць. Чым больш мы пра іх даведваемся, тым больш багацейшымі мы становімся і адукаванымі”, – кажа Барыс Квяткоўскі, старшыня юрэйскай грамады.

На фестывалі працаваў і “Горад Майстроў”, дзе рамеснікі з усёй краіны ладзілі кірмаш дэкаратыўна-прыкладнага мастацтва. Вырабы з дрэва, тканіны і керамікі, саломка і карціны ніцяной графікі – шырокі асартымент твораў народных промыслаў прыцягнуў тысячы наведнікаў.

Арганізатары разлічваюць, што наступнае свята нацыянальных меншасцяў стане больш масавым і цікавым. Ужо ёсць прапановы арганізаваць выступы эстрадных выканаўцаў.

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў