Паралакс: Рыа маўчыць


Як паўставалі культавыя фотаздымкі. Што засталося па-за ўвагаю гледача? Аўтары, героі ды эпохі – на чорна-белых і каляровых карцінках. Пра іконы эпохаў – у праектах нашага сайту піша журналіст, знаўца гісторыі фатаграфіі ды фатограф Дзяніс Дзюба.

На чэмпіянаце свету па футболе 1950 года Бразілія была галоўнай фаварыткаю. Пасля паразы ад Уругваю ў фінале трыста чалавек скончылі жыццё самагубствам.

Чацвёрты чэмпіянат свету павінен быў адбыцца яшчэ ў 1942 годзе, але вайна перанесла яго на восем гадоў. Бразілія была адзіным краем, які мог тады правесці Мундыяль. Улады пастанавілі пабудаваць самы вялікі стадыён у свеце, і ледзь далі рады: на будоўлі двухсот тысячнай “Мараканы” працавалі рабочыя з усёй краіны, да працы было прыцягнутае войска.

Турнір разыгрываўся па колавай сістэме, калі пераможца выяўляецца па суме балаў. У фінальнай групе апынуліся Бразілія, Гішпанія, Швецыя і Уругвай, пры чым апошняя каманда лічылася аўтсайдэрам – гульцы гэтай краіны былі толькі бледным ценем уругвайскіх футбольных легендаў 20-30-х гадоў. Аднак Уругвай нечакана абыграў Швецыю і давёў да нічыёй з Гішпаніяй. У вырашаючым паядынку бразільцам можна было згуляць у нічыю, каб атрымаць золата, але заўзятары настройваліся мінімум на 8-9 галоў з боку сваіх любімцаў.



Напярэдадні рашучага паедынку бразільскія газеты выходзілі са здымкам зборнай на першай паласе і подпісам “Чэмпіёны свету”: каментатары нават не разглядалі іншых варыянтаў. Капітан уругвайскай зборнай Абдуліа Варэла набываў гэтыя газеты, мачыўся на іх і спускаў у туалет. На поле ён выводзіў гульцоў, спяваючы патрыятычную песню.

Першы тайм быў безвыніковым – 0:0. У другім бразільцы распячаталі браму суперніка, і пад роў двухсот тысяч чалавек пачалі граць больш разняволена, але і няўважліва. На 61-й і 68-й хвілінах уругвайцам удалося зрабіць два маланкавыя выпады на контратаках. “Маракана” у момант замаўчала. У апошнія хвіліны, у цішыні вялікай арэны на браму ўругвайцаў пасыпаўся шквал мячоў – на здымку Роке Гастон Маспалі паспяхова адбівае чарговую, бясплённую атаку бразільцаў.



Пасля фінальнага свістка цішыня перарасла ў агульнанацыяльную жалобу. У многіх не вытрымлівала сэрца, па краіне пачаліся самазабойствы. Большасць гульцоў Бразіліі больш ніколі не выступіць за зборную, а колеры формы заменяць на больш шчаслівыя. Аўтар пераможнага гола Альсідэс Гіджа скажа шмат гадоў пазней: “Прымусіць маўчаць “Маракану” здолелі толькі Фрэнк Сінатра, Ян Павал II ды я.”

Деніс Дзюба для belsat.eu
Стужка навінаў