Безнафтавы шэйх аль-Лукашэнка


Беларускія геолагі знайшлі новую залеж нафты, але нашыя кіроўцы не купяць ні кроплі «свайго» бензіну. Марныя спадзяванні і на тое, што паліва патаннее. Аляксандр Лукашэнка метадычна выціскае ўсё магчымае з беларускай «нафтанкі», каб вярнуць сабе статус лакальнага нафтавага шэйха. Статус, а галоўнае — звышпрыбыткі.

Нафтазалежны нафтакароль

На беларускім паліве ездзяць Нідэрланды, Вялікая Брытанія, Італія ды Украіна. Менавіта гэтыя краіны лідаруюць у спісе пакупнікоў беларускіх нафтапрадуктаў. Паводле Белстату, у 2013 годзе Беларусь экспартавала нафтапрадуктаў на $ 10 млрд, але на гэтым апетыты Аляксандра Лукашэнкі не абмяжоўваюцца.

Штогод паміж Менскам і Масквою адбываюцца прыхаваныя альбо і адкрытыя «нафтавыя войны» за аб’ёмы паставак сыравіны для нафтаперапрацоўчай прамысловасці. Аляксандр Лукашэнка прызвычаіўся да звышпрыбыткаў ад гэтай галіны, ды ў 2010 годзе спрабаваў абысці расейска-беларускае пагадненне аб пошлінах на нафтапрадукты. Беларусь пачала прадаваць у Еўропу тысячы тонаў «растваральнікаў», якія насамрэч былі высакаякасным палівам. Адказ Расеі быў надзвычай жорсткі — поўнае прыпыненне паставак.

Сёння мы купляем у Расеі 23 млн т нафты (пры патрэбе для ўнутранага карыстання ў 5 млн т), паводле афіцыйнае інфармацыі, гэта максімум магутнасцяў. Тым не менш, Менск просіць у 2015 годзе павялічыць пастаўкі. «Нашыя нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы цяпер — далёка не самыя кепскія. Прынамсі, лепшыя ад расейскіх», — заўважае эканаміст Сяргей Чалы. Гэта значыць, што ў сваім рэгіёне беларускія НПЗ пакуль здольныя канкруаваць і прэтэндаваць на большае.

Ці Аляксандр Лукашэнка зможа стаць мясцовым «нафтавым каралём», хай і без уласнай нафты?

«Нафтавае адраджэнне»

Сёння беларускія нафтавікі здабываюць больш за 1,5 млн т нафты. Гэта прыкладна траціна ад аб’ёму, патрэбнага нашай краіне.

«Мне здаецца, што ўсё-такі нафта ў нас дзесьці ёсць. Але калі ёсць нафта, мне здаецца, не можа быць, каб дзесьці не прарвала прыродны газ, я спадзяюся на гэта», — заявіў Лукашэнка дэпутатам Палаты прадстаўнікоў у 2011 годзе.

З таго часу беларускія геолагі асабліва інтэнсіўна шукаюць нафту. У 2011 годзе была прынятая адмысловая праграма засваення карысных выкапняў. Даведзены і план здабычы, на дзіва — адносна песімістычны. Ён грунтаваўся на разліках здабычы з ужо адкрытых і амаль вычарпаных залежаў, да таго ж у дакуменце зазначылі катастрафічны стан абсталявання. Буравыя ўстаноўкі былі зношаныя больш як на 70 %, лабараторнае абсталяванне — больш як на 80 %.

Дзякуючы выкананню «нафтавай праграмы», сітуацыя пачала выпраўляцца. Беларусь актыўна купляла італьянскае і нямецкае абсталяванне, што дазваляе бурыць звышглубокія свідравіны, бо на сярэдняй глыбіні ў Беларусі нафты амаль не засталося. Сёння беларускія нафтавікі здабываюць больш за 1,5 млн т нафты. Гэта прыкладна траціна ад аб’ёму, патрэбнага нашай краіне.

Аднак на айчыннай запраўцы вы не купіце беларускага бензіну — уся беларуская нафта ідзе на продаж у Нямеччыну. І калі ў расейцаў мы купляем нафту па $ 391 за т, то ўласную прадаём немцам за $ 766 за т. «Рээкспартаваць расейскую нафту мы не можам, — заўважае эканаміст Барыс Жаліба. — Што да ўласных запасаў, то калі б было нафтавае Эльдарада, то ўжо б даўно яго знайшлі. Сваёй нафты мала, але мы можам яе свабодна прадаваць і не плаціць пошліну ў расейскі бюджэт».

«Пусціце да залежаў»

«Калі Лукашэнка гаворыць «пусціце», гэта значыць «дайце» – Сяргей Чалы

Пра тое, што беларускія геолагі знайшлі новую залеж нафты, медыі паведамляюць рэгулярна раз на паўгода. Цяпер сыравіну здабываць з 63 залежаў. Але Беларусь ніколі не стане другой Саўдаўскай Аравіяй з аб’ектыўных прычынаў. Хоць нафта ў Беларусі даволі якасная, але яе мала і яна цяжкадаступная.

Як ні дзіўна, гэта мае пазітыўны ўплыў: неабходнасць забываць нафту ў складаных умовах — натуральны рухавік інавацый. Нашыя тэхналогіі адстаюць ад заходніх, аднак больш дасканалыя, чымся, напрыклад, расейскія. Гэтак беларускія нафтавікі маюць досвед бурэння звышглыбокіх свідравінаў.

Аляксандр Лукашэнка гатовы нават прадаць расейцам нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы ўзамен на права распрацоўваць нафтавыя залежы. «Давайце мы 10 млн тон здабудзем, а 14 у вас купім на такіх самых умовах, як «BP», «Shell» ды іншыя. Не. Так чаму — не? Мы вам — заводы, а вы нам — магчымасць на расейскіх умовах для замежнікаў здабываць нафту і газ», — заявіў Аляксандр Лукашэнка падчас адной з прэс-канферэнцый для расейскіх медыяў.

«Ёсць адчыненыя аўкцыёны, у якіх і Беларусь можа браць удзел на раўні з усімі ды выкупляць права на распрацоўку залежаў. Калі Лукашэнка гаворыць «пусціце, гэта значыць «дайце», — гаворыць Сяргей Чалы. Але новых прэферэнцыяў Расея даваць не збіраецца.

Часы звышпрыбыткаў прайшлі незваротна?

«Аляксандр Лукашэнка ўжо быў «нафтавым шэйхам». Проста мы гэта не надта заўважылі».

Раз Расея не падпускае да сваіх залежаў, «Беларуснафта» шукае партнёраў у Лацінскай Амерыцы — Балівіі, Нікарагуа, Парагваі, Калумбіі. «Кампанія гатовая набыць тэхніку адмыслова пад гэтыя праекты», — гаворыцца на афіцыйным сайце. Ёсць досвед эфектыўнай працы беларускіх спецыялістаў у Венесуэле, але такое партнёрства не параўнаць з прыбыткаў ад здзелак з Расеяй па формуле «нафта і газ у абмен на пацалункі».

«Аляксандр Лукашэнка ўжо быў «нафтавым шэйхам», — гаворыць Сяргей Чалы. — Проста мы гэта не надта заўважылі. У пачатку 2000-х гг., калі кошты на нафту выраслі ў 10 разоў, а нашая эканоміка расла далёка не так хутка. Натуральна, нафтавая рэнта ішла на павышэнне заробкаў, на мадэрнізацыю. Да чвэрці эканамічнага росту было атрымана дзякуючы гэтым звышпрыбыткам. А тое, што мы гэтага не надта заўважылі, звязана тым, як гэтымі грошамі распараджаліся».

Барыс Жаліба ўпэўнены, што Лукашэнка не блефуе, калі гаворыць, што гатовы прадаць расейцам нашыя НПЗ. Эканаміст заўважае, што кіраўнік краіны выстаўляе амаль непад’ёмныя для інвестараў умовы — у два разы павысіць магутнасці прадпрыемстваў і такім чынам павялічыць валютныя паступленні.

«Чорнае золата» зацягне Беларусь у «чорную дзіру»

Што чакае айчынную эканоміку, калі спраўдзяцца найлепшыя чаканні Аляксандра Лукашэнкі ды струмень нафты з Расеі будзе толькі павялічвацца?

«Няма будучыні ў эканомікі, якая жыве выключна за кошт экспарту нафтапрадуктаў. Мы мусім развіваць іншае — машынабудаванне, сяльгасмашынабудаванне, патрэбныя сучасныя тэхналогіі, каб быць канкурэнтаздольнымі. У гэтым кірунку трэба ісці», — падкрэслівае Барыс Жаліба.

«Нафтавыя войны» сведчаць, што альянс Расея-Беларусь вельмі нестабільны: надта часта на эканамічныя стасункі ўплывае палітыка. Да таго ж ад абодвух партнёраў чуваць узаемныя абвінавачванні ў нячэсанай гульні. Але карты ў гэтай гульні раздае Расея: галоўная пагроза для эканомікі ў тым, што «лёгкія грошы» на загад Крамля могуць скончыцца ў любы момант.

Зміцер Ягораў, belsat.eu

Стужка навінаў