Пачатак сезону праблемаў. Прамысловасць - у «штучнай коме»


Амаль 50 тысяч працаўнікоў на трохстах беларускіх прадпрыемствах не атрымалі своечасова заробку на пачатак чэрвеня, паведамляе Белстат. Як тлумачаць эксперты, гэта – вынік палітыкі “штучнай комы”, у якую ўлады ўвялі дзяржпрамысловасць, каб запаволіць выцяканне з краіны валюты.

{movie}Пачатак сезону праблемаў|right|16896{/movie}

ЛЕЎ МАРГОЛІН, ЭКАНАМІСТ:
“Знізіўся выпуск прамысловай прадукцыі. Гэта значыць, што знізілася патрэба ў сыравіне. І таму знізіўся гэты прамысловы імпарт”.

Абаротныя сродкі на выплату заробкаў прадпрыемствы атрымалі ад дзяржбанкаў – у выглядзе ільготных крэдытаў. Але насельніцтва пачало актыўна пераводзіць атрыманыя рублі ў долары. У траўні замежнай валюты ў Беларусі купілі на 300 мільёнаў долараў больш, чым прадалі.

У адрозненне ад мінулых гадоў, калі істотны адток валюты пачынаўся толькі ў трэцім квартале, сёлета адмоўнае сальда на валютным рынку ўжо склала з пачатку года 740 мільёнаў долараў.

УЛАДЗІМІР АРЦЮГІН, «ВАЛЮТНОЕ РЕГУЛИРОВАНИЕ И ВЭД»
“Гэта проста перацёк рэсурсаў з рублёў у валюту. То бок гэта – не тое, каб вялікі ажыятаж. Пакуль гэта яшчэ проста найбольш асцярожныя людзі падстрахоўваюцца”.

Але каб кампенсаваць нават існы не вельмі моцны адток, уладам прышлося прыбегчы да аўральнага распродажу дзяржаўных валютных аблігацыяў на ўнутраным рынку. Насельніцтва купіла іх на 50 мільёнаў долараў – праз чатыры выпускі. Юрыдычныя асобы хоць і інвеставалі крыху больш, 138 млн, але апрача шасці дырэктыўных выпускаў, прададзеных у перадапошні дзень траўня, попыт на дзярждоўг з боку юрыдычных асобаў склаў меней за чвэрць ад агульнага аб’ёму прапанаваных папераў. Эксперты канстатуюць: на сённяшні дзень пазычаць валюту ўнутры краіны ўрад можа амаль выключна ў насельніцтва.

ЛЕЎ МАРГОЛІН, ЭКАНАМІСТ:
“Што датычыць прадпрыемстваў, я думаю, што тут – сітуацыя іншая. Тут магчымасці ўжо, напэўна, амаль што вычарпаныя. І нават ціск, пагрозы не прынясуць вялікага плёну ў гэтай справе”.

Між тым, нягледзячы на прынятыя захады, золатавалютны рэзервы ў траўні скараціліся амаль на 100 мільёнаў долараў. І гэта пры гістарычным рэкордзе прыязнога турызму ў сувязі з чэмпіянатам свету па хакеі ды пры тым, што ў мінулым месяцы нашая краіна практычна не рабіла выплатаў паводле замежных пазык. Між тым у наступным месяцы сітуацыя будзе нашмат цяжэйшая.

УЛАДЗІМІР АРЦЮГІН, «ВАЛЮТНОЕ РЕГУЛИРОВАНИЕ И ВЭД»:
“Будуць выплаты МВФу, мае пачацца пагашэнне крэдыту Еўразійскага банку – заканчваецца ільготны перыяд. Таму плацяжы будуць. Плюс насельніцтва і прадпрыемствы як куплялі валюту, гэтак і будуць купляць”.

Эксперты канстатуюць: пры існых працэсах, бадай, адзіная надзея ўладаў на тое, каб перадухіліць скарачэнне ЗВР у чэрвені да крытычнага ўзроўню, пры якім адбываліся папярэднія рэзкія дэвальвацыі. Гэта анансаваны брыдж-крэдыт расейскага “ВТБ Банка”, які нібыта дадуць на тры месяцы, каб працягнуць да наступнага расейскага крэдыту, які можа паступіць ад ураду РФ. Але нават беларускія ўрадоўцы прызнаюць, што гэта пакуль – толькі магчымасць. Расейскі ж бок наконт дапамогі Менску не зрабіў пакуль аніводнага пацверджання.

Станіслаў Івашкевіч, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў