«2017-ы год, 20-ы, цяпер абяцаюць 30-ы»: Калі Менск пяройдзе на ваду з падземных крыніцаў

video

У кватэры жыхароў трох раёнаў Менску (у якіх жыве амаль палова гораду) пакуль ідзе вада з наземных крыніцаў.

Жыхарка Менску Таццяна Усіновіч разам з сям’ёю не першы год змагаецца з балючай праблемаю: пітная вада з крану для гэтых людзей – пакуль толькі мара.

«Гэтую ваду піць немагчыма. Яе піць шкодна. Ні мы, ні дзеці не дазваляем сабе піць ваду з пад крану», – кажа Таццяна Усіновіч.

З наземных крыніцаў вада ідзе ў кватэры жыхароў Фрунзенскага, Маскоўскага і Кастрычніцкага раёнаў. Нягледзячы на шматлікія звароты да чыноўнікаў праблема шмат гадоў застаецца не развязаная.

«Я б хацела заклікаць да сумлення чыноўнікаў, а нават кіраўніцтва краіны. Гэта яны размяркоўваюць сродкі», – заяўляе Усіновіч.

У 2008-м гарадскія ўлады прынялі рашэнне аб пераводзе сталіцы на водазабеспячэнне з падземных крыніцаў. Рэалізацыя гэтай праграмы дазволіла б у будучыні пазбегнуць ужывання ў працэсе ачысткі тэхналогіі хларавання пітнай вады, якую бяруць з наземных вадаёмаў. Аднак праект пакуль не выйшаў далей за кабінеты чыноўнікаў.

«Грошы выдзяляюцца, праект ёсць, але з мёртвай кропкі гэта ніяк не зрушваецца. Нам абяцаюць розныя даты: 17-ы год, 20-ы, а цяпер ужо і 30-ы год. У той жа час грошы з мясцовага бюджэту трацяцца не на тое, што патрэбна людзям», – кажа Вольга Кавалькова з «Беларускай хрысціянскай дэмакратыі». Аргкамітэт па стварэнні гэтай партыі ініцыяваў у сталіцы збор подпісаў за паляпшэнне якасці вады.

Толькі за апошні год іх сабралі прыблізна 2 тысячы. Чарговыя пяцьсот перадалі сёння ў Менскі гарвыканкам. Людзі патрабуюць прыспяшэння рэалізацыі праекту па пераводзе Менску на водазабеспячэнне з падземных крыніцаў.

«Калі палічыць жыхароў, якія жывуць у гэтых трох раёнах – гэта амаль палова менчукоў. Трэба прыслухоўвацца да іх меркавання. Тым больш што шмат хто з дэпутатаў, працаўнікоў гарвыканкаму самі жывуць у гэтых раёнах», – кажа Кавалькова.

Гарадскія ўлады не першы год супакойваюць людзей: маўляў, пітная вада ва ўсім горадзе абсалютна бяспечная, а наземныя крыніцы складаюць толькі 30 % ад усяго водазабеспячэння. Аднак менчукоў такая пазіцыя не пераконвае. Кожны змагаецца як можа.

«Фільтры ставім. Даўно абяцалі скважыну, але дагэтуль нічога няма», – кажуць жыхары Менску. – Гатуем ваду, дадаем марганцоўку. Пасля можна купаць малога».

Навукова даведзена, што хлараваная вада можа пагражаць здароўю чалавека, выклікаючы самыя розныя захворванні: ад алергіі да хваробаў сэрца ці нават анкалогіі, таму ў размове з намі жыхары раёну прызнаюцца, што стараюцца «набываць ваду ў бутэльках».

Ян Бабіцкі

Глядзі таксама
Каментары