2016 год – рэкордны па колькасці забітых ва ўсім свеце праваабаронцаў


Міжнародная арганізацыя Amnesty International паведамляе, што ў 2016 годзе ва ўсім свеце быў забіты 281 праваабаронец. Гэта значна больш, чым у 2015 годзе – тады загінулі 156 чалавек.

Як падкрэслівае Amnesty International, летась праваабаронцы ва ўсім свеце сутыкнуліся з беспрэцэдэнтнай колькасцю нападаў.

«Сёння мы назіраем рост нападаў з боку ўрадаў, узброеных фармаванняў, карпарацый і ўсіх тых, хто надзелены ўладай, на само права абараняць правы чалавека. Галоўны ўдар абвальваецца менавіта на праваабаронцаў», – заявіў генеральны сакратар Amnesty International Саліл Шэцці.

Паводле Amnesty International, у 68 краінах свету праваабаронцаў арыштоўвалі і затрымлівалі выключна за іх мірную дзейнасць. У 94 краінах праваабаронцам пагражалі або яны станавіліся ахвярамі нападаў.

«Прэзідэнт Расеі Пуцін і старшыня КНР Сі Цзіньпін, егіпецкі прэзідэнт Абдул-Фаттах Ас-Сісі і іншыя лідары на ўсіх кантынентах усё больш актыўна падрываюць асновы, неабходныя для існавання свабоднага, справядлівага і раўнапраўнага грамадства. Адымаючы ў людзей іх права на пратэст, ведучы за імі сачэнне, прыгнятаючы, запалохваючы і нападаючы на іх і іх абшчыны, урады літаральна перакрываюць кісларод тым, хто змагаецца за нашыя правы», – дадаў Шэцці.

 

КА, belsat.eu; фота – amnesty.org

Стужка навінаў