Краіна, дзе груба парушаюцца правы працаўнікоў і прафесійных саюзаў


Краіна, дзе груба парушаюцца правы працаўнікоў і прафесійных саюзаў. Такое азначэнне Беларусі дала Міжнародная арганізацыя працы падчас сесіі ў Жэневе. Беларусь ужо ў сёмы раз занеслі ў спецпараграф МАП, і па гэтай прычыне нашая краіна ўжо 7 гадоў як выключаная з сістэмы прэферэнцыяў Еўразвязу. А ўсё таму, што ўлады ў Менску не выконваюць канкрэтных патрабаванняў, сярод якіх – не забіваць незалежных прафсаюзаў.

{movie}Працоўнае бяспраўе |right|16816{/movie}

АЛЯКСАНДР ЯРАШУК, СТАРШЫНЯ БЕЛАРУСКАГА КАНГРЭСУ ДЭМАКРАТЫЧНЫХ ПРАФСАЮЗАЎ:
“10 гадоў мінула, а так асноўныя рэкамендацыі не былі выкананыя. Беларускія працоўныя не могуць ствараць свабодна незалежных прафсаюзаў, не могуць уступаць свабодна ў незалежныя прафсаюзы, а супраць тых, якія ёсць, ажыццяўляецца перманентны ціск і пераслед сяброў”.

Цяпер нават за сяброўства ў незалежных прафсаюзах на некаторых прадпрыемствах проста звальняюць.

АЛЕГ ПАДАЛІНСКІ, МІЖНАРОДНЫ САКРАТАР БЕЛАРУСКАГА КАНГРЭСУ ДЭМАКРАТЫЧНЫХ ПРАФСАЮЗАЎ:
“Гэта на Мазырскім НПЗ, на “Нафтане”, Бабруйскі завод аўтатрактарных дэталяў. Далей – “Полацкшкловалакно”, там практычна цалкам зачынілі арганізацыю”.

Хаця яшчэ ў студзені ў Менску была місія Міжнароднай арганізацыі працы, прадстаўнікі якой прадставілі план з супрацьлеглымі рэкамендацыямі. Гэтая арганізацыя не ўводзіць санкцыяў, але, як структурная адзінка ААН, даводзіць інфармацыю аб негатыўным працоўным клімаце ў розных краінах да зацікаўленых структураў. Гэта, між іншым, Міжнародная гандлёвая арганізацыя, Міжнародны валютны фонд, Банк рэканструкцыі і развіцця і гэтак далей.

АЛЕГ ПАДАЛІНСКІ, МІЖНАРОДНЫ САКРАТАР БЕЛАРУСКАГА КАНГРЭСУ ДЭМАКРАТЫЧНЫХ ПРАФСАЮЗАЎ:
“Яны прыслухоўваюцца да рэкамендацыяў Міжнароднай арганізацыі працы. Яны пачынаюць устрымлівацца ад выдачы крэдытаў, субсідавання, інвестыцыяў у гэтыя краіны”.

Таму і ранейшыя, і сённяшняе ўнясенне Беларусі ў спецпараграф МАП урад успрымае вельмі хваравіта. Але вырашыць праблемы працоўных чыноўнікі пакуль не могуць альбо не хочуць.

ЖЫХАРЫ МАГІЛЁВА:
“Я сама швачка, і нас, швачак, неяк вельмі крыўдзяць. Нашая праца вельмі цяжкая і мала аплочвальная”.
“Наш прафсаюз змагаецца супраць увядзення ўсеагульных кантрактаў, калі чалавек не можа звольніцца, калі знайшоў працу. Або яго звальняюць, калі трэба праводзіць скарачэнні на прадпрыемстве. Але пры скарачэнні, вы ведаеце, што яму выплочваецца кампенсацыя вялікая, а так чалавек проста аказваецца на вуліцы”.
“Высокакваліфікаваныя працаўнікі не могуць знайсці працу. Шмат кваліфікаваных спецыялістаў, працоўных месцаў мала”.

Самы сусветна вядомы прыклад працоўнага бяспраўя ў Беларусі – ініцыятыва Лукашэнкі вярнуць “прыгоннае права” на дрэваапрацоўчых прадпрыемствах, адкуль нельга звольніцца без згоды кіраўніцтва. Цяпер падобны “прыгон” можа пагражаць і працаўнікам аграпрамысловага комплексу.

Марцін Ярскі, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў