Ліст ад Міколы Статкевіча: З турмы нават калонія здаецца нечым добрым


Жорсткі ціск на палітзняволеных не спыняецца. Пацвярджае гэта новы ліст з-за кратаў былога кандыдата на прэзідэнцтва Міколы Статкевіча. І на змены ў лепшы бок разлічваць не даводзіцца, мяркуе жонка вязня магілёўскай турмы. Як кажуць, лепшае… ужо было.

{movie} Ліст ад Мікалая Статкевіча|right|16784{/movie}

МАРЫНА АДАМОВІЧ, ЖОНКА М. СТАТКЕВІЧА:

“Мікола ўпершыню за апошнія два з паловаю гады напісаў, што з турмы ўжо і калонія ўспрымаецца як нешта добрае, бо там ёсць дастаткова вялікая (параўнальна з памерамі турэмнай камеры) адкрытая прастора. Там можна ўбачыць сонца, дрэвы, траву і кветкі”.

Як выявіў чарговы ліст, асуджаны на шэсць гадоў турмы ўдзельнік Плошчы Мікола Статкевіч надалей застаецца ў статусе самых злосных парушальнікаў турэмнага рэжыму, што не сталі на шлях выпраўлення. Асобаю, схільнаю да ўцёкаў і нападаў, яго прызналі больш за два гады таму, і статус гэты не змяніўся да сёння. Як напісаў палітвязень у лісце да жонкі…

МАРЫНА АДАМОВІЧ, ЖОНКА М. СТАТКЕВІЧА:

“…Праз гэта яны праводзяць са мною выхаваўчыя размовы. Насамрэч гэта вельмі смешна! Я рэгулярна ім абяцаю на нікога не нападаць, бо я добры”.



Аднак са статусам злоснага парушальніка зусім не да смеху ў рэаліях беларускай турмы.

АЛЕГ ВОЛЧАК, ПРАВААБАРОНЦА, БЫЛЫ СЛЕДЧЫ:

“Чалавек трапляе пад поўны кантроль, можна сказаць штогадзінны. Яго абмяжоўваюць у кантактах з людзьмі, да яго нельга падыходзіць. Усё гэта робяць дзеля таго, каб чалавека надламаць”.

А быццам у турме адчуваюць сябе нават тыя, хто выйшаў на волю. Са словаў праваабаронцаў, якія сочаць за лёсам нядаўна вызваленых, назваць жыццё былых палітычных вязняў нармальным немагчыма.

АЛЕГ ВОЛЧАК, ПРАВААБАРОНЦА, БЫЛЫ СЛЕДЧЫ:

“Першая праблема – гэта ўладкавацца на працу. Як толькі спрабуеш уладкавацца, ты мусіш паведаміць у міліцыю, якая прыходзіць праверыць працоўнае месца, патэлефанаваць дырэктару або прадпрымальніку. Зачастую кіраўнікі прадпрыемстваў стараюцца не звязвацца з такімі людзьмі. Другая праблема – па два разы міліцыя прыходзіць уначы, у любы момант”.

А найбольш складанаю, паводле апошніх звестках, застаецца сітуацыя Мікалая Аўтуховіча і Аляксандра Малчанава.

Ян Бабіцкі, “Аб’ектыў”, belsat.eu

Стужка навінаў