Жанчыне далі 2 гады зняволення за інтымныя фоты на сайце знаёмстваў


Уступіў у сілу прысуд, вынесены 35-гадовай жыхарцы Берасця за распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў у інтэрнэце.

Як паведаміў старшы пракурор аддзелу пракуратуры Берасцейскай вобласці Генадзь Буры, у сакавіку 2013 года жанчына зарэгістравалася на сайце знаёмстваў пад выдуманым імем і з асабістага камп’ютара размясціла на сваёй старонцы 21 здымак інтымных частак свайго цела. Здымкі магла прагледзець неабмежаваная колькасць людзей – у выніку іх выявілі працаўнікі праваахоўных органаў. Экспертыза прызнала іх парнаграфічнымі, і ў дачыненні жанчыны распачалі крымінальную справу.

Як вынікае з матэрыялаў справы, незамужняя берасцейка размясціла на сайце знаёмстваў такія фота «з мэтаю пошуку новых знаёмых і прыцягнення ўвагі да сваёй персоны».

Суд Маскоўскага раёну Берасця прызнаў кабету вінаватаю ў захоўванні з мэтаю рэкламавання і ў рэкламаванні парнаграфічных выяваў з выкарыстаннем глабальнай сеткі інтэрнэт (частка 2 артыкулу 343 КК) і прыгаварыў да двух гадоў пазбаўлення волі.

Суд улічыў чыстасардэчнае раскаянне абвінавачанай, станоўчыя характарыстыкі, наяўнасць на ўтрыманні дзіцяці ды адтэрмінаваў выкананне прызначанага пакарання на два гады. «Паводле пастановы суда, у жанчыны сканфіскавалі сістэмны блок, з дапамогаю якога яна размяшчала ў інтэрнэце парнаграфічныя матэрыялы», – адзначыў Буры.

Берасцейка не абскардзіла вынесенага ёй прысуду. Раней яна не была судзімая, працуе ў адной з арганізацыяў абласнога цэнтру.

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Глядзі таксама
Каментары