news
Рэпартаж
«Нашаму Казлу не многа трэба». Сяргей Доўгушаў стварыў «Касароў» і абяцае прыехаць на Каляды ў кожную беларускую сям'ю
Каляднікі чакаюць на запрашэнні
24.12.202313:45

Музыка Сяргей Доўгушаў заявіў аб стварэнні новага калектыву – гурту мужчынскіх спеваў «Касары». У ягоным складзе – удзельнікі мужчынскіх спеўных сходаў, якія з пачатку восені Доўгушаў ладзіў у Варшаве. «Касары» ўжо пачалі калядаваць. Запрасіць іх у сям’ю на Каляды можа кожны беларус Варшавы. Карэспандэнты «Белсату» трапілі на спеўны сход і паразмаўлялі з лідарам гурту пра важнасць (і важкасць) мужчынскага голасу ў беларускай культуры.

Кіраўнік і стваральнік ініцыятывы «Спеўны сход» Сяржук Доўгушаў грае на колавай ліры падчас сустрэчы, прысвечанай калядным беларускім песням. Варшава, Польшча. 18 снежня 2023 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Ва ўтульнай прасторы Беларускага моладзевага хабу ў Варшаве – 16 хлопцаў і 4 дзяўчыны. Сяргей Доўгушаў трымае ў руках колавую ліру і хітра пасміхаецца. За ягонай спінай – чырвоным на белым – надпіс: «Усё будзе добра». Круціць ліру. «Добры вечар дому!» – падхопліваюць мужчынскія галасы.

Толькі для мужчын

Пасля першай песні запрашаюць далучыцца дзеўчын, але іхныя галасы тонуць у мужчынскім гучанні.

Адкрытыя заняткі мужчынскага спеўнага сходу прысвечаныя калядным спевам. Важнае слова – «адкрытыя». Бо на звычайныя рэпетыцыі дзеўчын і жанчын не запрашаюць. Але ў тым няма гендарнай дыскрымінацыі: правілы дыктуюць традыцыі і выбар рэпертуару.

«Дзе Казёл рогам, там жыта стогам», – гучыць моцным рэфрэнам.

Аўтар гэтага тэксту таксама падключаецца, але ўжо на другім куплеце каляднай песні «Ну-ну-ну, казёл» заходзіцца кашлем. Не хапае ні глоткі, ні дыхалкі. Пасля імпрэзы Сяржук Доўгушаў раіць наведваць ягоныя сустрэчы, бо падчас іх ладзіць і трэнінгі на правільнае дыханне («Можа, і курыць яшчэ кінеш»).

Удзельнікі мужчынскага спеўнага сходу спяваюць калядныя песні ў Беларускім моладзевым хабе. Варшава, Польшча. 18 снежня 2023 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Сапраўдны каляднік мае быць моцным і «добра гучаць». У руках аднаго са спевакоў зʼяўляецца вялікая рознакаляровая зорка – круціцца. Іншы мае ўбранне казла.

Лідар «Касароў» сцвярджае, што раней па хатах з Калядой хадзілі толькі мужчыны. Прынамсі гэта адна са старажытных традыцыяў калядавання. Хадзілі неабавязкова толькі з казлом (казой). Хадзілі, прыкладам, і з жарабяной кабылай. Што рабілі ў той час жанчыны? Варажылі.

У Беларусі на спеўныя сходы прыходзілі 80 % жанчын

Тое, што «хадзіць па хатах па Калядзе» была менавіта мужчынскай справай, мае глыбінную сувязь з традыцыяй валачобніцтва, лічыць Доўгушаў.

«Гэта нашая беларуская адметнасць, што ў нас захавалася такая колькасць валачобных песень. У іншых народаў такога няма. У ўкраінцаў, напрыклад, няма валачобных песень, у палякаў таксама. А вось у нас гэта ёсць, і гэта перайшло далей у традыцыю каляднікаў, калі хадзілі таксама адны мужчыны», – тлумачыў Сяргей Доўгушаў.

Кіраўнік і стваральнік ініцыятывы «Спеўны сход» Сяржук Доўгушаў грае на колавай ліры падчас сустрэчы, прысвечанай калядным беларускім песням. Варшава, Польшча. 18 снежня 2023 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Тым часам у Моладзевым хабе гучыць густая, рытмічная і мужчынская «Да на Дунаечку». Таксама калядная. Палеская.

Па словах Сержука Доўгушава, мужчыны ў мінулым прыдумвалі сабе песні пад сябе – касарскія, ваярскія, хрэсьбінныя, валачобныя, калядныя. «Пад сябе» – значыцца пад свае галасы. І амаль усе – пад крок. З рытмам хады.

«Зараз я вельмі зацікавіўся менавіта мужчынскай традыцыяй спеваў. Для мяне самога гэта нейкае паглыбленне. Сыход у глыбіннае… Жаночыя песні іншыя. Мужыкам складана спяваць, напрыклад, жніўныя песні. Такія падводы, і тое, і гэта…» – усміхаецца Доўгашаў.

Ён заўважае цікавую рэч. Калі ў Беларусі на спеўныя сходы, якія ён ладзіў з 2013 года, прыходзіла 80 % жанчын і толькі 20 % – мужчын, то ў эміграцыі, прынамсі ў Польшчы, – цалкам наадварот.

У гэты няпросты час мужчынам вельмі важна знайсці свой голас, мяркуе ён. І для Беларусі гэта важна – каб гучаў мужчынскі голас.

«Хлопцы сёння таксама хочуць нейкім чынам сябе праяўляць і гучаць. Праз спевы можна знайсці сувязь з сабой. Праз нашую культуру і традыцыі можна шмат усяго знайсці і шмат чаго дасягнуць.

Сюды прыходзяць і хлопцы, якія маюць сталую працу, але ім не хапае душы і творчасці, не хапае свайго голасу. Я па сабе скажу: для мяне гэтыя заняткі маюць тэрапеўтычны эфект. Спяваем, рэзануем, гучым», – гаворыць Доўгушаў.

Запрасіць да сябе «Касароў»

Сяргей Доўгушаў дадае, што беларуская традыцыя касарскіх песень вельмі даўняя і глыбокая. Таму і новы гурт называецца «Касары»: «Касары косяць, а вецёр павівае». У Полацкім і Вушацкім раёнах шмат вёсак з такой назвай. «Каса», «касіць» – чыста мужчынскі занятак і панятак, зазначае Сяржук.

Распавядае, што пачалі займацца сёлета на пачатку восені, а ў гурце ўжо некалькі групаў (на заняткі прыходзяць па 25-30 чалавек). Лідар «Касароў» мяркуе, што такімі сіламі змогуць ахапіць на Каляды ўсю беларускую Варшаву. Каб запрасіць каляднікаў да сябе на свята, трэба проста напісаць паведамленне на старонках гурту ў «Фэйсбуку» ці «Інстаграме» ды падаць свой варшаўскі адрас.

«А чым жа цябе дарыць?» – «Пшанічачкі рашато, за пшанічкай калбаску, за калбаскай гарэлку», – спяваюць «Касары» ў каляднай песні «На вараным канёчку».

Удзельнікі мужчынскага спеўнага сходу спяваюць калядныя песні разам з гасцямі ў Беларускім моладзевым хабе. Варшава, Польшча. 18 снежня 2023 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Сяргей Доўгушаў кажа, што цяпер людзі часта не ведаюць, што даць каляднікам, як іх адарыць. Не ведаюць, што каляднікі – гэта людзі, што прыйшлі з іншага свету, што гэта людзі, якія нясуць у дом шчасце, дабрабыт і моцную энергію зімовага сонцастаяння. Таму і спяваюць беларусы: «Шчодры вечар!». Таму адорваць, кажа, трэба шчодра.

«У вёсцы не трэба было распавядаць людзям, што каляднікам трэба даваць. Людзі не скупіліся, давалі штосьці каштоўнае для іх. Гэта маглі быць добрыя грошы, ці кілбасы, ці кавалак сала. Людзі верылі, што калі добра адорыш каляднікаў – так табе і вернецца. А не дасі – і год будзе абы-які. Гэта ж не проста артысты нейкія прыйшлі вас павесяліць, а прыйшлі людзі з зоркай – вешчуны, можна сказаць, валхвы. І ім трэба аддзячыць», – апавядае Сяргей Доўгушаў.

Інтэрв’ю
«Мы неўзабаве вернемся дадому». Vinsent распавёў, чаму кожны беларус мусіць мець у кішэні дэтальку «LEGO»
2023.12.16 17:08

«І гарэлкай можна?» – пытаемся. «Можна, можна», – смяецца Сяржук.

Шчодра адарыць каляднікаў трэба і для таго, каб казёл, які памірае, – зноў адрадзіўся. Каб святло перамагло цемру…

«Пачынаеш спяваць – і адчуваеш моц»

Гучаць касары сапраўды магутна (і без гарэлкі). Апроч калядных, спяваюць на і ваярскія песні – вельмі актуальна. Потым Доўгушаў запрашае ўсіх у агульнае кола. Зноў бярэ ў рукі ліру. І кожны па колу імправізуе з гукам: шчоўкае, цокае, гукае, мыкае… Можна нават пакрычаць. Проста на тваіх вачах творыцца нейкі новы гукавы космас. Дзіўна… Гучыць ліра.

Удзельнікі мужчынскага спеўнага сходу спяваюць калядныя песні разам з гасцямі ў Беларускім моладзевым хабе. Варшава, Польшча. 18 снежня 2023 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

«Вельмі шмат хаатычнага ў нашым жыцці. Вельмі шмат дысанансаў. Нейкіх трыгераў. А спевы спыняюць нас, паглыбляюць цябе ў самога сябе, дапамагаюць адчуць сябе, таго самага, глыбіннага. Адчуць рэзананс. Час мітуслівы. А пачынаеш спяваць – і збіраешся, адчуваеш моц, паглыбляешся. Спеў – гэта і тэрапія, і такое духоўнае ачышчэнне, я б сказаў. І так, медытацыя», – гаворыць Сяржук.

Ён распавядае, што яшчэ даўней распрацаваў цэлы адукацыйны курс, які называецца «Прыродны голас». Выкладае яго і цяпер. Дае на ім, як кажа, асновы гуку і дыхання. Дае самае пачатковае, што трэба ведаць пра свой голас, пра сваё гучанне. Такія веды і практыкаванні былі б вельмі карысныя, пэўна, і для палітыкаў, і для журналістаў – для ўсіх. Прынамсі ў Беларусі на заняткі да Доўгушава прыходзілі і тыя ж палітыкі, і супрацоўнікі водаканалу. Выкладаў гэты курс да гэтага ў Чэхіі, ЗША, іншых краінах.

Інтэрв’ю
Галіна Казіміроўская: Паляванне на Вольны хор працягваецца і сёння
2023.10.29 12:00

Мужчынскі спеўны сход у моладзевым хабе заканчваецца той самай песняй, што гучала на самым пачатку: «Добры вечар дому». Кола замыкаецца. Дзяўчыны ўсміхаюцца. Гучыць ліра. Развітальна.

У чаканні калыханкі

Згадаўшы напрыканцы аб нашым пытанні пра гарэлку, Сяргей Доўгушаў дорыць нам на памяць кніжачку з нотамі і тэкстамі бяседных (застольных) песняў і прызнаецца, што рыхтуе зараз новы спеўнік – калыханак.

Удзельнікі мужчынскага спеўнага сходу спяваюць калядныя песні ў Беларускім моладзевым хабе. Варшава, Польшча. 18 снежня 2023 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Сёлета музыка стаў татам і мае цяпер самую галоўную і ўважлівую слухачку на свеце – дачушку Эвеліну. Татаву ліру яна можа слухаць вельмі доўга – засынае толькі на другой гадзіне. Таму – калыханкі.

«Хіба калыханкі – традыцыйна мужчынская справа?» – пытаемся троху зʼедліва.

«Не, – смяецца Сяржук Доўгушаў. – Але тут я ламаю традыцыі і спяваю ў сямʼі калыханкі».

  • Сяргей Доўгушаў – стваральнік розных музычных гуртоў і праектаў: «Isna Trio», «Slavalachia», «Vuraj». Заснавальнік музычнага руху «Спеўны сход» і рэзідэнцыі «Дом творцаў» у Варшаве.
  • 17 снежня Доўгушаў заявіў пра стварэнне гурту мужчынскіх спеваў «Касары».
  • 20 снежня «Касары» Доўгушава разам з трыма іншымі гуртамі зладзілі сумесныя святочныя спевы калядак у цэнтры Варшавы на Замкавай плошчы.

«Касары» плануюць на Каляды ладзіць святочныя візіты і чакаюць запрашэнняў ад беларусаў у Варшаве.

Гісторыі
«Амерыка мяне кідала і разносіла». Сяргей Доўгушаў расказаў, чаму збег з ЗША і што будзе рабіць у Варшаве
2022.11.26 07:30

Зміцер Міраш belsat.eu