news
Інтэрв'ю

«Гэта толькі крывёю вырашаецца». Траянава – пра жаданне забіць Пуціна, пра Беларусь і вайну

«Ва Украіны ўсё будзе вельмі добра. І ў Беларусі. А вось з Расеяй вялікае пытанне»
20.12.202317:00

На YouTube-канале «Белсат LIFE» адбылася прэм’ера навелы «Праграма перадач» — фінальнай серыі абсурдысцкай антыўтопіі «Працэсы». Галоўную ролю ў ёй выканала Яна Траянава. Мы пагаварылі з акторкай пра серыял, беларускія пратэсты, зло, якое нясе Расея, і пра тое, чаму маці адпраўляюць сваіх дзяцей забіваць у імя Пуціна.

УВАГА! У гэтым тэксце ёсць спойлеры. Таму вельмі рэкамендуем спачатку паглядзець навелу «Праграма перадач» (відэа вышэй). І іншыя навелы таксама. 

«Гэты праект – мая зброя»

– Як вы вырашылі здымацца ў серыяле «Працэсы»?

– Я наогул першапачаткова адразу сказала: «Так, хлопцы, я прачытаю сцэнар, знайду час». Я звярнула ўвагу толькі на тое, што гэта Беларусь, і ў мяне адразу: «Жыве Беларусь!»

Беларускае паўстанне – гэта самае прыгожае, што я бачыла за наш апошні гістарычны час. Калі ўздымаецца краіна, так прыгожа, так моцна гэта было, і як было балюча, калі было задушана паўстанне. Я некаторыя абліччы, уяўляеце, запомніла. Асабліва калі пачыналі на вуліцах біць, на мітынгах, я помню твар адной дзяўчыны. Яна была такая годная і спакойная, а яе душылі рукі мужчынскія. Беларуска – для мяне гэта магутны сімвал свабоды. І трэба сябе захаваць абавязкова, асабліва беларусам, бо гэта прыгожая нацыя.

Таму я прыняла гэтае рашэнне нават яшчэ не на сцэнарным узроўні, бо я хачу падтрымаць і Беларусь у тым ліку. Я хачу дапамагаць сваёй краіне вызваліцца ад чараў, і я хачу падтрымліваць Беларусь, хачу падтрымліваць Украіну і падтрымліваю, хачу падтрымліваць Грузію, якую таксама ўжо расчахляе Пуцін. Такія праекты, як цяпер ужо магу гаварыць: наш з вамі, – гэта мая зброя.

Я злавіла сябе на думцы, што я ўвесь час пракручваю ў галаве, ці задрыжала б у мяне рука забіць Пуціна? І вырашыла, што калі б мне прадставілася такая магчымасць, я б зрабіла гэта асадкай у вока. І прыйшлося сказаць псіхолагу, што я не ў парадку, бо думаю, як забіць Пуціна. А яна кажа: «Нармальна, шмат хто сёння хацеў бы гэта зрабіць, ці проста жадаюць смерці Пуціну».

І я супакоіўшыся на тым, што я не звар’яцела, што ў мяне нармальнае мысленне, прыйшла дадому. Успомніла, што мне беларусы даслалі сцэнар. Саджуся, чытаю сцэнар, а ў фінале мой персанаж бʼе асадкай у вока. І я адразу сказала: «Так! Давайце працаваць».

– Моцна падкасіла тое, як скончыліся пратэсты людзей супраць монстраў?

– Моцна. Таму што былі ружовыя акуляры. Старэйшыя пакаленні казалі: «Вы займаецеся глупствам, гэта толькі крывёю вырашаецца». Я не верыла. Я казала: «Вы проста дзікуны!» Але, калі я ўбачыла, што сталі рабіць з Беларуссю, усё раптам стала складвацца.

Менавіта ў 2021 годзе я пачала разумець, што так, тут толькі крывёю можа вырашыцца. І мяне гэта забіла, бо я не воін. Я не ўмею браць у рукі зброі.

Рэжысёр Андрэй Кашперскі абмяркоўвае сцэну з акторкай Янай Траянавай падчас здымання серыялу «Працэсы». Варшава, Польшча. 13 жніўня 2023 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Я пачувалася так, быццам мяне зламалі, калі Беларусь задушылі. Мяне спаліла тады ўсё гэта, і плюс да таго ўжо сядзеў Навальны, і мы разумелі, што вось цяпер ён сеў назаўжды – пакуль Пуцін пры ўладзе. І больш не было мітынгаў у Расеі і падаўленая Беларусь. Гэта быў страшны год для мяне.

24 лютага 2022 года, вайна, напад Расейскай Федэрацыі – гэта яшчэ адзін быў самы страшны ўдар, ад якога я ўжо доўга не магла ўстаць. Мы ўсе цяпер як птушка-фенікс: згараеш дашчэнту, а потым паціху зноў збіраешся па каліўцы.

«Падпарадкоўвацца сістэме – гэта пекла»

– Пяць сезонаў «Вольгі», 9 гадоў у ролі такой класічнай рускай бабы, якая цягне ўсё на сабе і вырашае пытанні. А тут Зоя – поўная супрацьлегласць.

– Па-першае, я ненавіджу гэтых баб, і тая і гэтая для мяне бабы. Вось тыя людзі, якія не будуюць дзяржавы, а разбураюць. Для мяне гэта метафара сённяшняй Расеі. Баба гэтая руская, якая насамрэч вечна нейкая згвалтаваная, ёй увесь час трэба цягнуць гэтае ярмо. З бацькам-алкашом, ці там з сястрой белсталоквай, пастаянная галеча, пастаянна выжываць трэба, лядоўня пустая, дзяцей у школу сабраць.

Акторка Яна Траянава падчас здымання апошняй серыі «Працэсаў» у Варшаве, Польшча. 17 жніўня 2023 года.
Фота: Карына Пашко/ Белсат

Гэта расейская рэчаіснасць, у якой у нас у асноўным народ і жыве. І я ўсё гэта ненавідзела заўсёды з дзяцінства, бо я глядзела на іх і думала: дзіўна, ну мы ж жывём з мамай па-іншаму. Мама тлумачыць мне многія рэчы, мама не жыве з дыванамі на сценах, дываны на падлогах павінны быць, па іх ходзяць. Але мама – польская дваранка па каранях, і таму, можа быць, мысленне такое здаровае.

А рускі мужык – гэта мужык-п’яніца, які яшчэ і бандытам, што гвалцяць гэтую рускую бабу, руку цісне. А Зоя – гэта тое, што я заўсёды бачыла ў сістэме, чалавек з Савецкага Саюзу. Я бачыла гэтых сістэмных людзей, гэтых крывадушнікаў, гэтых ціхушнікаў. На маю маці заўсёды даносілі, да нас заўсёды прыходзілі дадому праверкі. Граючы раз рускую бабу, вось я ўжо магу граць і сістэмнага чалавека, якога машына проста сцірае як асобу. Але тут важнае выйсце. Патрэбны прарыў ад гэтай свабоды да сябе, і ён таксама вельмі добра паказаны аўтарамі.

Акторка Яна Траянава ў Варшаве, Польшча. 6 кастрычніка 2023 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Граць іх непрыемна, у мяне ломіць цела, у мяне адвальваецца шыя, таму што я ўвесь час як бы кланяюся, я як бы ўвесь час ківаю, я сціскаю плечы, гэта значыць я ўвесь час сябе душу, я ствараю сабе гэтую напругу ўнутранай цеснаты і знаходжуся ў кадры і паміж дублямі ўвесь час у гэтым стане.

Акторская прафесія – гэта ўвогуле вялікая праца, як фізічная, так і ўнутраная. То бок, трэба сабрацца і быць гэтым чалавекам. А быць гэтым чалавекам вельмі страшна. Я магу толькі пацвердзіць людзям, што значна страшней быць у сістэме, чым быць вольным чалавекам, але ў ганеннях. Падпарадкоўвацца сістэме – гэта пекла.

Людзі, што знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі, Расеі, Украіны, Грузіі, якія не падпарадкоўваюцца рэжыму, для іх вельмі небяспечна там знаходзіцца, і разумна там цяпер якраз пакуль маўчаць – гэта як скакаць на амбразуру. Цяпер трэба сябе захаваць, застацца чалавекам здаровым, са здаровым мысленнем, з сумленнымі вачыма. Калі ты знаходзішся на тэрыторыі акупанта, дык захавай сябе спачатку, а ўжо, калі можаш выскачыць, тады змагайся.

– Тое, што зрабіла Зоя ў канцы, – гэта праява сілы ці ўжо агонія?

– Аўтары гэта пакідаюць гледачам вырашаць. Гэта значыць, яны пакідаюць гэта як адкрытае пытанне: «А ці быў хлопчык?» Тут сапраўды вырашаць кожнаму гледачу. Але для мяне, вядома, гэта прарыў на свабоду, нарэшце разарваць гэтую плёнку, што затыкала табе рот, і сказаць, што я свабодны чалавек, я больш не падпарадкоўваюся сістэме.

Акторка Яна Траянава ў Варшаве, Польшча. 6 кастрычніка 2023 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

– А магла Зоя паверыць, што хлопчыка не было?

– І такое магло быць. Я ведаю, што робіць прапаганда з людзьмі. Прапаганда па целіку – гэта страшнае злачынства. І я ведаю людзей асабіста, якія памянялі сваё мысленне і сказалі: «Ну, не ўсё так адназначна. Слухай, ну перастань, ну чаго ты». Яны раптам перасталі нешта разумець, яны раптам пачалі Пуціна чамусьці паважаць, яны раптам чамусьці пачалі змірацца з сістэмай.

Хтосьці мне кажа з маіх там, з людзей з Расеі: «А што зменіцца ад таго, як я разумець пачну, што адбываецца?» Усё зменіцца! Калі ты ўбачыш мёртвых дзяцей ва Украіне, Ты першая закрычыш: «Не вайне!» Але вы ж не бачыце, вы ж не хочаце бачыць праўды, таму ў вас нічога і не мяняецца. Таму вы сядзіце і верыце Пуціну, што вы там ратуеце ад нейкіх бандэраўцаў і фашыстаў, нейкую *** слухаеце.

«Ім не патрэбна свабода, ім патрэбны лад»

– Я з дзяцінства памятаю, як нам увесь час казалі, што падчас Другой сусветнай загінуў кожны чацвёрты беларус, нам давалі чытаць Алексіевіч і Быкава. У кінатэатрах паказвалі «Ідзі і глядзі» і «Пакаянне». Гэта ўсё страшныя рэчы, якія не гераізуюць вайны ці дыктатуры, а паказваюць вось гэтае мяса, дзярмо, кішкі. Некалькі пакаленняў выхоўвалася на непрыманні вайны. Адусюль гучала: «Мірнае неба над галавой», «Ніколі зноў». А потым рэзка раз – і «можам паўтарыць», ды і мірнага неба ніякага няма. Як так сталася?

– Я не пагаджуся, што мы выхоўваліся. Кожны чацвёрты магчыма і выхоўваўся менавіта на гэтым, а трое першых — не. Яны не глядзелі «Ідзі і глядзі», яны не чыталі «Архіпелаг ГУЛАГ», яны не перачытвалі Рэмарка, яны не глядзелі Сакурава «Цялец», «Молпх», яны не глядзелі Германа «Хрусталёў, машыну!», бо яны сардэчныя, яны ранімыя, яны не глядзяць такую бляху, як яны называюць, яны называюць гэта чарнухай, яны не прызнаюць гэтага праўдай. Для іх савецкае кіно, дзе Алёшанька ідзе на вайну і ён герой – вось што для іх засталося. Рамантыка вайны – вось гэта самая страшная штука! І савецкая літаратура па большай частцы пра гэта, пра рамантызацыю вайны.

Акторка Яна Траянава ў Варшаве, Польшча. 6 кастрычніка 2023 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Адукацыйная сістэма засталася злачыннай. Гэта мне пашанцавала з выкладчыкам літаратуры, ён быў украінцам, Налівайка Міхаіл Прохаравіч, які нам ставіў Акуджаву. Ён прайшоў лагеры ў Германіі і потым, пасля вайны, яшчэ і ў Расеі, і ведаў усё, і перадаваў нам, дзецям, што насамрэч было. Але ці быў такі педагог у іншых?

Не было ў нас аднолькавых настаўнікаў і не было ў нас аднолькавай базы адукацыйнай, каб мы выраслі ўсе свабоднымі людзьмі.

І ім убілі ў галаву, што рускія ніколі не нападалі ні на каго, хоць Расея заўсёды займалася генацыдам гістарычна. Яны не ведаюць гісторыі. Бездань няведання. І гэтая бездань няведання прывяла да катастрофы. Мне шкада Зою, мне шкада гэтых людзей, якіх пазбавілі сябе. Бо задача сістэмы – выцесніць цябе з сябе і паставіць у шыхт. Ім не патрэбная свабода, ім патрэбны лад, ім там усё зразумела.

– Маці пасылаюць сваіх дзяцей забіваць, маці пасылаюць сваіх дзяцей паміраць. Здавалася, гэта стане кропкай, калі ўжо немагчыма трываць.

– Я таксама думала, і ў мабілізацыю я зразумела, што вось мы канчаткова і прайгралі ўсё. У мяне больш наогул адносна Расеі не было ніякіх спадзяванняў.

Але, разумееш, Пуцін стварыў ім культ асобы, сэкс-сімвал Пуціна. І бабы, у якіх у асноўным мужыкі п’яніцы, пачынаюць, разявіўшы рот, глядзець на гэтага Пуціна. Такі правільны дзядзька прыйшоў, такі свой, так па-простаму размаўляе. Далей ён выдае мацярынскі капітал. Жанчыны задаволеныя. Ён ім кажа: «Нараджайце!» А далей вырастаюць гэтыя сыны, і ён кажа:«А цяпер аддайце!». Вось ён забірае ўсё гэта, дзяцей, а бабы вераць, бо бабы любяць, а галоўная ідэя засеяна — «За Радзіму, за Пуціна!» І гэтых жанчын я таксама судзіць не магу, яны шалёныя. З імі калі размаўляеш, дык разумееш: небяспечна, бо яны проста за Пуціна могуць яшчэ і патэльняй заехаць.

Акторка Яна Траянава ў Варшаве, Польшча. 6 кастрычніка 2023 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Усё, ёсць вайна, і тут ужо кожны павінен вырашаць, дзе ён, на чыім ён баку. У маім жыцці няма людзей, якія хоць паўнамёкам падтрымліваюць вайну Пуціна. Ва Украіны ўсё будзе абавязкова вельмі добра. І ў Беларусі. А вось з Расеяй вялікае пытанне. Я не выключаю, што яе больш не будзе.

– А калі гэта адзінае выйсце?

– Вось такі значыць яе зыход. Галоўнае, што я супраць імперыі, бо імперыя – гэта зло, гэта ракавая пухліна на планеце Зямля.

«Я малюнак, які * * * сатрэш»

– У Расеі выдалілі са стрымінгавых сэрвісаў серыял «Вольга», у Беларусі з серыялаў выразаюць або блюраць непажаданых акцёраў. Машына прапаганды робіць выгляд і імкнецца пераканаць людзей, што нас няма, не было, мы – фэйк.

– Яны такія дурні, яны сякуць сук, на якім сядзяць. Калі яны выдалілі мае фільмы з афіцыйных платформаў, людзі абурыліся, сталі больш актыўна шукаць іх і глядзець на пірацкіх платформах. Таму ўсё, што яны робяць, гэта хутчэй паказваюць людзям, што яны быдла на самай справе.

А мы ёсць. Ёсць любоў, якая неяк нас аб’ядноўвае, любімы серыял, ці там у кагосьці любімая акторка, у кагосьці там паважаны чалавек з-за пазіцыі. Гэта вельмі цяжка выціраецца. Я вось сяджу перад табой. Жывая-здаровая. Я малюнак, які *** сатрэш!

Фота вокладкі: Белсат

belsat.eu / ЮК