Адмовіўся каментаваць скандал з Вольгай Кавальковай і іншыя разборкі ў Каардынацыйнай радзе


Праз дэтэктар хлусні прайшоў палітык, кіраўнік ініцыятывы «Кадравы рэзерв», старшыня фракцыі «Грамадзянскае дзеянне» Каардынацыйнай рады.

Праверка на паліграфе выявіла, што Юрый Губарэвіч не лічыць Каардынацыйную раду эфектыўнай структурай. Чаго, на думку палітыка, не хапае Каардынацыйнай радзе?

«Нават сам прынцып фармавання другога складу – дэлегаванне ад розных структураў, сярод якіх ёсць, канечне, і вялікія, масавыя, і ёсць зусім маленькія ініцыятыўкі. Нібыта прынцып справядлівасці захаваны, але гэта хутчэй нагадвае нейкую Асамблею НДА, – калі ёсць шырокі спектр розных людзей, з рознымі поглядамі і цікавосткамі, яны паміж сабой нешта абмяркоўваюць. Парламент – ён фармуецца абсалютна паводле іншых прынцыпаў».

Мабыць, адна з самых адыёзных фігураў Каардынацыйнай рады – Вольга Кавалькова. Як ейную працу (а дакладней, паводзіны) ацэньвае Губарэвіч?

«Вольга трапіла ў вельмі непрыемную ( я перакананы, і для яе, і для яе атачэння) сітуацыю, калі з-за ўнутраных амбіцыяў яна згубіла асцярожнасць – і вось дала магчымасць сабой зманіпуляваць. Ну, спадзяюся, і для яе, і для іншых гэта будзе добрым урокам».

Кожную памылку можна выправіць, перакананы палітык, але аўтарытэт цяжка будаваць. На самім жа паліграфе Юрась Губарэвіч устрымаўся ад ацэнак Вольгі Кавальковай.

Скрыншот з праграмы «Шчыра кажучы». Крыніца: БЕЛСАТ NEWS / YouTube

Што датычыць Святланы Ціханоўскай, то яна, на думку Губарэвіча, – прыклад моцнага палітыка і звычайнай асобы, што аказалася ва ўнікальнай сітуацыі.

«Святлана Ціханоўская – тут трэба прызнаць, раптоўна, літаральна за некалькі месяцаў – трапіла на самы-самы верх беларускай палітыкі. І як асоба – можа быць, ёй давялося даганяць вось гэтую сітуацыю, але якраз у гэтым яе моц, што яна развіваецца і расце практычна кожны дзень».

Аднак на пасадзе прэзідэнта Юрась Губарэвіч бачыць хутчэй Паўла Латушку, бо ён бачыць у ім выразнае жаданне «заваліць рэжым». Латушка – чалавек з палітычнымі амбіцыямі, і гэтага вельмі часта не хапае беларускай палітыцы.

Больш адказаў на пытанні шукайце ў праграме «Шчыра кажучы» на YT-канале «Belsat News» (відэа вышэй).

Стужка навінаў