Даследнікі: Пратэставыя беларусы не адчуваюць сябе ахвярамі, досвед-2020 вельмі каштоўны


У 2020 годзе беларускае грамадства перажыло досвед, які ацэньваецца як траўматычны, але вельмі каштоўны для далейшага грамадска-палітычнага развіцця. Трэба толькі дакладна акрэсліць перспектывы. Пра гэта заявілі даследнікі з Цэнтру новых ідэй, прэзентаваўшы вынікі даследавання калектыўнай траўмы беларускага грамадства. 

Даследнікі Генадзь Коршунаў і Максім Кудрэвіч прэзентавалі вынікі даследавання калектыўнай траўмы беларускага грамадства ў 2020 годзе. Апытаўшы мноства асобаў і глыбока прааналізаваўшы праблему, эксперты прыйшлі да даволі аптымістычных высноваў. Галоўная – «досвед-2020 быў траўматычны, але не разбуральны». І ён вельмі каштоўны тым, што «згуртаваў людзей, пражываўся на фоне станоўчых эмоцыяў і з вялікім сэнсам». У прыватнасці, 2020-ы даў людзям «магчымасць адчуць сябе годнаю нацыяй».

Што датычыць маштабу траўматычнага досведу 2020–2021 гадоў, то яго «атрымалі практычна ўсе беларусы, якія бралі ўдзел у пратэстах або сімпатызавалі ім». Пры гэтым, прапратэставыя беларусы ў сваёй большасці «не адчуваюць сябе ахвярамі і не ўпадаюць у яму траўматычных перажыванняў». Паводле даследнікаў, сёння «пратэставыя беларусы» выбіраюць у асноўным «самазахавальныя» стратэгіі, захоўваючы пры гэтым праактыўныя настроі.

Для руху наперад пратэстава настроеным беларусам патрэбная «пазітыўная перспектыва», для стварэння якой «неабходныя комплексныя намаганні не толькі беспасярэдне тэрапеўтычнага характару, але і кансалідавальныя сэнсы і надзеі пратэсту, якія яднаюць мінулае, сучаснасць і будучыню».

Даследнікі падкрэсліваюць: у сваёй працы яны канцэнтраваліся на аналізе працэсаў, якія адбываюцца ў пратэставай частцы беларускага грамадства, якая атрымала найбольшую долю траўматычнага досведу ад падзеяў 2020–2022 гадоў. Таму зробленыя высновы датычаць не ўсяго грамадства, а толькі яго прапратэставай часткі. Спецыфіка траўматызацыі супернікаў пратэстаў і нейтральнай часткі грамадства пакінутая для асобных даследаванняў.

Маштабы калектыўнай траўмы

Вынікі даследавання паказваюць, што пратэставая частка беларускага грамадства амаль на 100 % ахопленая асабістым (фізічным і / або эмацыйным) траўматычным досведам:

  • 30 % перажылі гвалт над сабой або над сямейнікамі;
  • палова бачылі гвалт на ўласныя вочы;
  • астатнія даведаліся пра гвалт над пратэстоўцамі з першых рук (ад тых, хто гвалт перажыў альбо бачыў беспасярэдне).

Даследнікі адзначаюць, што фактычна траўматычнае ўздзеянне на пратэставую частку грамадства трывае:

«Траўматычнае ўздзеянне на пратэставую частку грамадства пагаршаецца як медыйным фактарам рэтраўматызацыі, гэтак і рознымі формамі рэпрэсіўнага ўздзеяння з боку рэжыму (прафілактычныя гутаркі, звальненні, затрыманні, арышты), якое таксама мае амаль татальны ахоп: 44 % трапілі пад рэпрэсіі асабіста або праз сяброў сваёй сям’і, 91 % маюць рэпрэсаваных сяброў, знаёмых, калегаў».

Мітынг, прысвечаны другой гадавіне выбараў у Беларусі. Вільня, Літва. 9 жніўня 2022 года.
Фота: Белсат

Ступень траўматызацыі

Што датычыць ступені траўматызацыі, то даследнікі высветлілі цікавы факт: беларусам не так і лёгка нанесці глыбокую калектыўную траўму, бо спрацоўваюць ахоўныя механізмы.

«Як гэта ні дзіўна, пры гэтым казаць пра высокую ступень траўматызацыі не даводзіцца», – адзначаюць аўтары даследавання. З аднаго боку, беларускае грамадства характарызуецца «высокаю ступенню трывожнасці адносна палітычна матываваных рэпрэсіяў», гарызонт планавання звузіўся да «тут і цяпер», распаўсюджаныя міграцыйныя настроі. Аднак мала хто ацэньвае атрыманы досвед негатыўна.

«Негатыўных ацэнак свайго пратэставага досведу практычна няма. Наадварот, рэспандэнты хутчэй схільныя яго гераізаваць і арыентаваныя на яго паўтарэнне. Атрымліваецца, што рэфлексія мінулага нейкім чынам кампенсуе, тэрапеўтуе трагізм таго, што перажываецца цяпер», – канстатуюць даследнікі.

Якім чынам беларусы пераадольваюць сваю калектыўную траўму

Пераадольваць калектыўную траўму беларусам дапамагае стратэгія самазахавання, узаемнае падтрыманне і аптымізм: «Тэрапеўтычнаму пераадоленню траўматычнага досведу таксама спрыяе спалучэнне прынятых стратэгіяў на самазахаванне і пасільны супраціў рэжыму, падмацаваныя шырокаю гарызантальнаю камунікацыяй і фармаваннем пераважна пазітыўнага прапратэставага наратыву».

Даследаванне выявіла, што падзеі 2020 года ў большасці пратэстава настроеных беларусаў «інтэрпрэтуюцца як перфарматыўныя і лёсавызначальныя не толькі для беларускага грамадства, але і для нацыі ў цэлым (як на ўзроўні індывідуальнай ідэнтычнасці, так і калектыўнай выявы беларусаў)». Даследнікі кваліфікуюць сітуацыю ў асяроддзі пратэставай часткі беларускага грамадства як «умоўна спрыяльную эфектыўнаму пераадоленню калектыўнага траўматычнага досведу (гэта значыць посттраўматычнаму развіццю ў бок не дэструкцыі, але росту)». Праактыўная рэфлексія і пераважна станоўчыя эмацыйныя ацэнкі падзеяў 2020 года пераважаюць.

Важны момант – траўматызацыя беларускага грамадства працягваецца, адзначаюць даследнікі, «і ў межах няспыннага рэпрэсіўнага ўздзеяння з боку не скінутага рэжыму Лукашэнкі, і праз высокую трывожнасць, якая захоўваецца з асцярогамі за ўласную бяспеку, і з прычыны рызыкі дэсакралізацыі ідэалізаванага па выніках 2020 года вобразу беларусаў як нацыі (як мінімум праз факт, што Беларусь – краіна-суагрэсар у расейска-ўкраінскай вайне).

Мітынг, прысвечаны другой гадавіне выбараў у Беларусі. Вільня, Літва. 9 жніўня 2022 года.
Фота: Белсат

Чаго пратэставым беларусам не стае

Ва ўмовах яшчэ не да канца пераадоленай калектыўнай траўмы 2020 года і працягу траўматызацыі ад сучасных падзеяў, як паказала даследаванне, пратэставым беларусам не стае яснай і зразумелай карціны навакольнага свету (мінулае – сапраўднае – будучыня) і дакладнага вызначэнне свайго месца ў ім. Асабліва бракуе карціны будучыні. І дзеля гэтага патрэбныя комплексныя дзеянні:

«Для эфектыўнага пераадолення траўмы нам трэба ведаць, дзе мы выйгралі і ў чым прайгралі, што нас яднае і чым мы адрозніваемся, дзе мы ідзем і куды імкнемся. Грамадства мае патрэбу ў рэканструкцыі максімальна агульнай для ўсіх комплекснай карціны свету і зацвярджэння сябе ў ёй як паўнавартаснага субʼекта. Галоўнае слова ў гэтай тэзе – мабыць, канцэпт комплексны, які азначае супольныя высілкі лідараў меркаванняў у ясным і выразным тлумачэнні таго, што адбылося, што адбываецца цяпер і што будзе адбывацца ў будучыні».

Спіс рэкамендацыяў

Для эфектыўнага пераадолення наступстваў 2020 года аўтары даследавання распрацавалі пэўныя рэкамендацыі для грамадскага сектару, палітыкаў, экспертаў і медыяў.

Грамадскі сектар:

• пашыраць інфраструктуру псіхалагічнай дапамогі;

• развіваць ініцыятывы, звязаныя з прагназаваннем Беларусі будучыні.

Палітычныя актары:

• распрацаваць версію / версіі стратэгіі развіцця Беларусі;

• абапірацца на досвед салідарнасці беларускага грамадства, узаемнага падтрымання, развіцця нацыянальнай самасвядомасці ды ідэнтычнасці.

Экспертны пул:

• прапанаваць грамадству сваё канцэптуальнае бачанне падзеяў 2020 года;

• прапаноўваць планы і стратэгіі рэфармавання краіны ў цэлым ды розных сфераў асобна.

Журналісцкая супольнасць:

• развязваючы свае задачы, наколькі магчыма – трымаць у галаве тэрапеўтычную рамку;

• развіваць аналітыку, робячы ўпор на вытворчасць сэнсаў.

Антон Тачняк  belsat.eu

Стужка навінаў