У Беларусі не даведаюцца пра карту паляка праз візу. Польшча рыхтуе візавыя змены


Беларускім сілавікам і ўладам будзе складаней даведацца пра наяўнасць у чалавека карты паляка. Пакуль гэта можна зрабіць, адкрыўшы візу. Польшча рыхтуецца выдаваць візы па-новаму.

Карта паляка.
Фота: belsat.eu

Людзям з картай паляка ставяць на візавай налепцы мэту выдачы нумар 18. Аднак 17 лістапада з’явіўся праект пастановы міністра ўнутраных справаў і адміністравання Польшчы «Аб унясенні змяненняў у пастанову аб візах для замежнікаў». Калі яго прымуць, беларусам з картай паляка будуць ставіць мэту выдачы візы пад нумарам 23. Такія візы выдаюцца сярод іншага ўдзельнікам праграмы «Poland.Business Harbour», чальцам іхных семʼяў і некаторым падарожнікам.

У Беларусі ўладальнікі карты паляка сутыкаюцца з рэпрэсіямі. Напрыклад, праваабаронцы распавядалі пра выпадак, калі ГУБАЗіК знішчыў у шрэдары пашпарт беларуса, польскую працоўную дамову і карту паляка.

«Дастаткова адзін раз перасекчы мяжу на падставе такой візы, каб стаць абʼектам увагі ўладаў. Рэжым стварае базы звестак аб асобах з картай паляка. Такія людзі могуць, напрыклад, сутыкацца з непрыемнасцямі на працы, асабліва калі яны працуюць у дзяржаўным сектары, напрыклад, у сферы адукацыі або ва ўніверсітэце. Польская нацыянальная меншасць уяўляе пагрозу для рэжыму», – кажа выданню «Rzeczpospolita» экспертка юрыдычнай фірмы «WKB Wiercinski, Kwiecinski, Baehr», сукіраўніца ўсходняга аддзелу Ганна Маціеўская.

Новаўвядзенні будуць працаваць для візаў, заявы на якія пададзеныя пасля ўступлення пастановы ў сілу.

Hавiны
У Беларусі ўводзяцца дадатковыя праверкі пры прыёме на працу. Каго яны датычаць?
2023.09.23 23:42

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў