Як беларускі навуковец з расейскім пашпартам адседзеў у Беларусі, стаў чужым і праз вайну захрас у Кіеве


Калі б Андрэй Макоўскі нарадзіўся і жыў на пачатку ці ў сярэдзіне ХХ стагоддзя, то мог бы лёгка стаць прататыпам для аднаго з раманаў Рэмарка. Гісторыя чалавека, які праз свае погляды, нацыянальнасць і дакументы лічыцца чужым, ставіць нас перад пытаннем, кім ёсць чалавек, і кідае выклік нашай гуманнасці. Фізік і ваенны авіятар з беларускімі каранямі доўгі час жыў ва Усходняй Сібіры за часамі СССР, вучыўся ў Кіеве, выкладаў у Менску. Раптам ён стаў непажаданым у Беларусі, чужым у Расеі і ворагам ва Украіне. Мы пагутарылі з мужчынам, які праз вайну не можа нікуды выйсці з кіеўскага кварталу.

Пашкоджаны дом ў пасёлку Макараў Бучанскага раёну, які быў пад акупацыяй расейскіх войскаў, а 22 сакавіка 2022 года вызвалены ЗСУ. Макараў, Кіеўская вобласць, Украіна. 7 красавіка 2022 года.
Фота: Белсат

Жыў у Сібіры, але марыў вярнуцца ў Беларусь

Спадар Андрэй мае 60 гадоў і нарадзіўся яшчэ ў Савецкім Саюзе. Ва ўсіх савецкіх дакументах ён заўжды пісаў у раздзеле нацыянальнасць – «беларус». Мужчына адзначае, што нават у далёкім Іркуцку ён марыў вярнуцца ў Беларусь, што і зрабіў у 2011 годзе, хаця сям’я пастанавіла застацца ў Расеі.

Андрэй Макоўскі – чалавек з вялікай эрудыцыяй, мае ступень кандыдата тэхнічных навук. Дзякуючы багатаму досведу Макоўскі ўладкаваўся ў адзін з менскіх універсітэтаў, дзе выкладаў апошнія 6 гадоў, пакуль яго не запрасілі ў аддзяленне міліцыі «высветліць некаторыя абставіны».

«Калі надышла ўзурпацыя ўлады ў Беларусі, я не прымаў актыўнага ўдзелу ў пратэстах з прычыны здароўя і таго, што выходнымі дапамагаў будаваць дом. Усе сілы і эмоцыі, на жаль, ішлі туды. Хаця я сачыў за падзеямі – але не прымаў актыўнага ўдзелу», – кажа Андрэй Макоўскі.

Я зразумеў, што трэба проста перастаць баяцца

Мужчына кажа, што штуршком да ягонай грамадзянскай актывізацыі стала абвяшчэнне ў 2021 годзе плану «Перамога». Ён спакойна кажа, што зразумеў, што праз узрост не зможа прыняць у ім удзел напоўніцу, але пастанавіў прыкласці выкладчыцкія здольнасці.

«Быў такі вядомы англійскі мысляр Эдмунд Бэрк. Ён сказаў, што для перамогі зла неабходна, каб добрыя людзі нічога не рабілі. Я крыху ўдасканаліў гэтае выказванне: «Для перамогі зла некаторая колькасць людзей мусіць моцна баяцца. І, дзякуючы гэтаму страху, нічога не рабіць. Мне здаецца, што трэба проста перастаць баяцца. Гэта я выявіў даволі канкрэтна», – кажа Макоўскі.

Аб’ектыў
ByPol пацвердзіў, што дыверсіі на чыгунцы ладзяць удзельнікі плану «Перамога»
2022.03.31 22:31

Выкладчык стаў праводзіць пяціхвілінныя расповеды пра гісторыю Беларусі ў канцы лекцыяў. Мужчына адзначае, што гэта быў глыток не «гісторыі ўзурпатара», але праўдзівай гісторыі. Ён нават набыў некалькі гістарычных кніг, каб паглыбіць веды і праводзіць заняткі праўдзівай гісторыі.

«Увесь семестр я інфармацыю гэтую распаўсюджваў у канцы лекцыяў. Здавалася, што студэнты добра рэагавалі, але праз гэта з’явілася ўвага ўладаў. Так у мой тэлеграм-чат, праз які я стасаваўся са студэнтамі, запосцілі дзікую інфармацыю, быццам я са студэнтамі вяду прапаганду і агітацыю супраць уладаў. Гэта інфармацыя з’явілася ў «Жоўтых слівах». Потым мне ў мой чат напісаў нехта: «Рыхтуйся да польскіх градаў, гніда БЧБ-шная!» – распавёў выкладчык.

«Двое з куфэрка» і пачатак прыгодаў

Пасля гэтага здарэння да спадара Андрэя прыйшлі «двое з куфэрка» з цэнтральнага РУУС для «высвятлення абставінаў». У выкладчыка выхапілі смартфон і адразу знайшлі адзін з пастоў, дзе Макоўскі даслаў знаёмаму лекару інфармацыю, што амерыканскія навукоўцы перасадзілі мадыфікаваныя органы свінні чалавеку. Аказалася, што гэтая інфармацыя была з «экстрэмісцкага» каналу. Такім чынам інфармацыя медычнага характару сталася раптам экстрэмісцкай.

Такім чынам пачаліся «прыгоды» спадара Макоўскага і ён апынуўся на Акрэсціна.

«У мяне забралі рэчы і матузкі і запхнулі ў перапоўненую камеру сумнавядомага ЦВП, які мы ахрысцілі Цэнтрам Выканання Катаванняў. Умовы вы можаце сабе ўявіць, усё было вельмі шаблонна, але адну заўвагу хачу пакінуць. Калі зайшоў у камеру з незнаёмымі людзьмі… Калі заходзіш у камеру, да цябе паварочваюцца людзі тварамі. І я скажу, што столькі разумных і светлых твараў даўно не сустракаў на такой невялікай плошчы. Гэта можа быць камплімент уладам, што яны здолелі сабраць такіх людзей у адзін час і месца», – сумна падсумаваў свой турэмны досвед Андрэй Макоўскі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: eduklgd.ru

Пазбыцца пашпарта РФ не так проста

Андрэй Макоўскі як грамадзянін Расеі меў ВНЖ у Беларусі і планаваў змяніць пашпарт Расеі. Асабліва моцнае жаданне ён займеў пасля падзеяў ва Украіне 2014 года.

«За 10 гадоў жыцця ў краіне я зразумеў, што беларускі пашпарт цяжка атрымаць, асабліва для ўладальніка пашпарта РФ. Расейцы не любяць, калі нехта адмаўляецца ад іх пашпарта. Наяўнасць беларускага грамадзянства не прадугледжвае падвойнага грамадзянства, калі ты не спявак ці футбаліст або хакеіст. Для іх закону няма», – кажа спадар Андрэй.

Калі мужчына выйшаў на волю пасля 15 содняў, яму далі зразумець, што ён фактычна страціў працу, бо два тыдні «прагуляў». Кіраўніцтва ўніверсітэту прапанавала, каб ён напісаў заяву на ўласнае жаданне. Выкладчыку паабяцалі, што праз пару месяцаў шуміха ўляжацца і яго адновяць ва ўніверсітэце. Але толькі бліжэй да восені.

Пасля Новага года Андрэю Макоўскаму патэлефанавалі з міграцыйнага дэпартаменту і папрасілі зайсці на наступны дзень. Мужчыне паведамілі, што ён губляе беларускі ВНЖ, а ўжо ўвечары ён мусіць паказаць квіток, з якім тэрмінова вылятае з Беларусі.

«Я хуценька сабраўся і збіраўся выехаць у Кіеў. Тады я яшчэ разважаў, ці не выехаць на тыя «польскія грады». Гэта залежала, вядома, ад новых абставінаў», – кажа Макоўскі.

Амаль як Том Хэнкс

Мужчына пастанавіў перабрацца ў Кіеў. Але да сталіцы Украіны было не так проста дабрацца, не было наўпроставых авіязносінаў. Ён быў вымушаны дабірацца праз Ерэван. Так пачаўся новы віток непрыемных прыгодаў Андрэя Макоўскага.

«Я зусім забыўся, што трапіць ва Украіну для грамадзяніна Расеі вельмі праблематычна. Калі я праз Ерэван прыляцеў у Кіеў, мяне спынілі і доўга высвятлялі мае матывы, чаму расеец з нязначнымі падставамі едзе ва Украіну», – кажа спадар Андрэй.

Аэрапорт «Барыспаль» у Кіеве, Украіна.
Фота: avianews.com

Мужчына спрабаваў патлумачыць памежнікам, што ўлады Лукашэнкі фактычна выслалі яго з Беларусі, а ў Расею вяртацца ён не хоча. Але на памежнікаў гэта не падзейнічала, бо паводле законаў яму належала мець адмысловае запрашэнне. Мужчыну мусілі вярнуць у краіну, з якой ён прыляцеў з дапамогай той самай авіякампаніі, якая даставіла яго ў Кіеў. Так мужчына засеў у аэрапорце ў зачыненым тэрмінале на некалькі дзён.

Атрымалася, што авіякампанія рабіла рэйсы ў Кіеў праз двое содняў на трэція. Мужчыне прыйшлося правесці два дні ў зоне інтэрнаваных у Барыспалі. Гэта тэрыторыя пад аховай, дзе стаяць лавы, на якіх можна крыху адпачыць.

«Абмежаванняў амаль ніякіх не было, толькі нельга было пакідаць яе без дазволу. Прыкладна як Том Хэнкс у фільме «Тэрмінал», толькі ў яго было больш прасторы. І я быў у кампаніі мноства людзей. Там былі і з Сярэдняй Азіі, і з Закаўказзя, Афрыкі ды Індыі. Людзі едуць у Кіеў у разліку, што тут няма межаў з Еўропай. Многія так разлічваюць трапіуць у Еўропу. З імі я і сядзеў. Некаторыя праз Беларусь кардоны штурмуюць, а некаторыя вось так, праз Кіеў. Гэта мяне адрознівала ад Тома Хэнкса, тым болей, што ён сябе даволі прывольна адчуваў там», – расказаў Андрэй Макоўскі.

Так пачаўся чарговы віток яго міграцыйнай гісторыі. Мужчыну саджаюць у самалёт, але не аддаюць багажу, рэчаў і пашпарта.

«Мяне пасадзілі ў хвост на ганаровыя месцы. Бо звычайна падчас аварыі выжываюць тыя, хто ў хвасце. Прылятаю ў Ерэван, там мяне перадаюць памежнікам армянскім. У Менску мяне садзілі ў самалёт працаўнікі аддзелу грамадзянства і міграцыі, у Кіеве мяне памежнікі ахоўвалі, а ў Ерэване мяне ўжо трэцяя спецслужба сустракае», – кажа Макоўскі.

Пасля афармлення дакументаў мужчыну чамусьці не адпускалі, але адвялі ў бок. Спадару Андрэю паведамілі, быццам паўсталі цяжкасці з дакументамі, яго часова затрымліваюць і не даюць вярнуцца ў гатэль.

«Раптам зноў з’яўляюцца «двое з куфэрка» і называюцца супрацоўнікамі ФСБ Расеі. Не ведаю, ці цягне гэта на рэкорд. Я думаю, што ім трэба? Ладна, я – грамадзянін Расеі, але ім там што трэба?» – з іроніяй кажа Макоўскі. Яны выпытвалі нешта, бо думалі, што мяне пакрыўдзілі ўкраінцы і я мусіў наваліць кучу кампрамату нейкага, каб раздзьмуць скандал. Людзі, якія хацелі атрымаць кампрамат на ўкраінцаў, ад мяне нічога не атрымалі, мяне адпусцілі.

Легалізавацца ў Кіеве аказалася не так проста

Праз 2 дні Макоўскі аформіў належнае запрашэнне ад родзічаў. Ягоная дарога з Менску да Кіева заняла амаль тыдзень.

Украина, День единства, украинский флаг, Киев
16 лютага 2022 года. Кіеў, Украіна.
Фота: Белсат

Андрэй Макоўскі мае ў Кіеве родзічаў і шмат знаёмых, але аформіць легальны статус для пражывання стала сапраўдным выпрабаваннем.

«Мая юрыдычная непісьменнасць мяне падвяла. Можна было адразу зрабіць, бо родзічы – не толькі жонка, але і дзеці. У мяне дачка нарадзілася ў Кіеве, было гэта даўно – 33 гады таму. Факт з біяграфіі не выкінеш. І ва Украіне я пражыў з перапынкамі амаль 16 гадоў. У мяне былі ўсе падставы атрымаць ВНЖ легальна, без хітрыкаў», – кажа Андрэй Макоўскі.

Раптам на даляглядзе з’явілася яшчэ адна складанасць – пандэмія каронавіруса спыніла прыёмы міграцыйнай службы. Хаця дакументы былі сабраныя – мужчына не мог пачаць працэдуру атрымання ВНЖ.

А потым пачалася вайна

«Я прачнуўся ад выбухаў. Гэта была прыкладна 4-ая гадзіна раніцы. Напярэдадні. Я ўвечары гуляў каля дому. Была нізкая хмарнасць і ляталі самалёты. Я меў дачыненне да авіяцыі і магу адрозніць гук цывільнай авіяцыі ад вайсковай. Відаць, выведны самалёт лятаў над аблокамі. На той час былі забароненыя палёты над Кіевам. Я разумеў, што пачалася выведка. Навошта лятаць украінцам над сваім горадам. Відаць, ляталі рашысты», – мяркуе Макоўскі.

Мужчына проста не мог паверыць, што пачнецца вайна. Ён адзначыў, што быў проста агаломшаны. Над ягоным домам некалькі разоў збівалі расейскія ракеты, адна з якіх упала недалёка ад дому, можна было пабачыць месца падзення проста з акна.

«Аднойчы, калі блукаў па вуліцы, я бачыў, як збілі СУ-27. Быў такі магутны падрыў, што думаў, нібы бомба побач выбухнула ў прыватным сектары», – кажа Андрэй.

Суразмоўца распавядае, што паступова выбухі сціхлі. З раёну Бучы, Гастомэлю і Ірпіня больш не даносілася гукаў. Выбухі з тых сумнавядомых месцаў адчувалі нават на Траешчыне. Тое, што адбывалася на правым беразе, добра было чуваць на левым.

Як пачуваецца чалавек з расейскім пашпартам у Кіеве сярод вайны?

Інструкцыі на блокпастах, як паводзіцца пры дагляданні, каб ахоўнікі не прынялі цябе за дыверсанта. Украіна. Сакавік 2022 года.
Фота: КП / Белсат

«Я маю расейскі пашпарт. Калісьці гэта была перавага, бо за мяжу я выязджаў паводле льготнага тарыфу, у параўнанні з беларускім. Але ў 2020 годзе гэта стала абузаю. Я зразумеў, што несыход Лукашэнкі – гэта заслуга Пуціна. Я паспрабаваў здабыць беларускі пашпарт і нават прайшоў палову шляху, але не паспеў. Цяпер я беларус з расейскім грамадзянствам, сяджу ў Кіеве, сталіцы краіны, што ваюе з Расеяй і коса глядзіць на Беларусь», – сумна кажа спадар Андрэй.

Выкладчык лічыць, што дзякуючы маньяку, які лічыць сябе прэзідэнтам, Беларусь стала хаўрусніцаю ў вайне. Мужчына згадвае, што яшчэ ў 2014 годзе адчуў падобнае пачуццё невыноснага сораму за Расею.

«Я памятаю нават дзень. Гэта было 1 сакавіка пад 11:00 дня, калі абвясцілі, што расейскі Савет Федэрацыі даў Пуціну дазвол уводзіць войскі на тэрыторыю іншых дзяржаваў. З гэтым пачуццём я жыў апошнія гады. Цяпер гэтае пачуццё павялічылася, бо краіна, чый пашпарт я маю, стала агрэсарам. А дзякуючы Лукашэнку і радзіма стала агрэсарам. Спадзяюся, што яму нядоўга засталося быць у такой ролі», – з надзеяй кажа навуковец.

Горад на ваенным становішчы

Пасля пачатку вайны для Андрэя Макоўскага з’явіліся чарговыя праблемы. Небяспеку для мужчыны неслі не толькі бомбы і снарады, але і ўласны пашпарт. Спакойна выходзіць з дому з чырвоным дакументам цяпер было немагчыма.

«Перасоўванні па горадзе ў мяне былі складаныя. З пашпартам мне было страшна хадзіць на вуліцы. Але ў горад выходзіць трэба, бо трэба есці і хадзіць у краму. Былі патрэбныя грошы. Каб мець грошы, трэба было зняць з картак гатоўку. Я паспеў зняць невялікую суму ў першы дзень вайны. Я знайшоў банкамат 25 лютага. Але я наіўна думаў, што з карткамі ж нічога не зробяць. Я наіўна думаў, што мне спатрэбіцца трошкі наяўных, бо не заўжды атрымліваецца карткай разлічыцца. Асабліва калі купляеш на вулічным кірмашы», – распавёў мужчына.

На наступны дзень у краме Макоўскаму адмовілі ў закупах, бо сродкі на картках для грамадзянаў Расеі і Беларусі заблакавалі. Мужчына фактычна застаўся без сродкаў для існавання. Толькі праз некалькі дзён былы выкладчык змог атрымаць перавод праз крыптавалюту ад дачкі. Адзінае, што мужчына перад пачаткам вайны змог зрабіць запас мяса ды іншых харчоў. Са словаў Макоўскага, з дапамогай Υoutube ягоны кулінарны арсенал вырас. Ён мог бы цяпер весці нават адпаведнае шоу для тых, хто вучыцца гатаваць самыя разнастайныя стравы з самага сціплага набору прадуктаў.

Макоўскі да гэтага часу мае магчымасць перасоўвацца толькі ў межах свайго кварталу.

«Далей за 1 км я не хаджу. Калі выходжу ў далёкую краму, я мушу ісці праз імправізаваны блокпост тэрытарыяльнай абароны. Часта гэтыя хлопцы паводзяцца спакойна, але некалькі разоў на падставе нейкай інфармацыі яны спынялі, даглядалі людзей. І я не ведаю, якая рэакцыя ў іх будзе на мой чырвонасерпавы і двухгаловы пашпарт», – кажа Макоўскі.

Нават у такіх умовах мужчына стараецца не сядзець склаўшы рукі.

Школа вайскова-тактычнага рыхтавання для мірнага насельніцтва. Украіна. Красавік 2022 года.
Фота: Уладзімір Паліняк / Белсат

Мужчына паспрабаваў запісацца добраахвотнікам ці валанцёрам у ЗСУ. Ягоны стрыечны брат, афіцэр у запасе, пасля пачатку баявых дзеянняў стаў на ўлік і пайшоў служыць. Але калі мужчына паспрабаваў зрабіць запыт, чым можа дапамагчы Збройным сілам Украіны, у ваенкамаце сказалі, каб сядзеў ціха і не высоўваўся.

Потым Макоўскі спрабаваў запісацца ў ТА, адказ быў такі самы. Тым болей выявілася, што канкурэнцыя нават сярод мясцовых надзвычай вялікая. Пазней мужчына паспрабаваў далучыцца да беларускіх вайсковых фармаванняў, бо прайшла інфармацыя пра 2 наборы ў беларускія аддзелы.

«Я таксама пісаў праз тэлеграм, спрабаваў запісацца, але таму, што ў мяне расейскі пашпарт і мне 60 гадоў, мне проста перасталі адказваць. Я нікому тут не патрэбны. Нават валанцёрам запісваўся завалы разбіраць, але мне кажуць, што будуць мець на ўвазе – і маўчок. Адзінае, што я магу рабіць – удзельнічаць у інтэрнэт-войсках Украіны», – паскардзіўся спадар Макоўскі.

Часам мужчына адзначае, што яму шанцуе і ён мае магчымасць удзельнічаць у працы офісу Святланы Ціханоўскай. Выкладчык выконвае валанцёрскую дзейнасць, перакладае тэксты. Ён таксама двойчы ўдзельнічаў у стрымах, але ні разу не змог падняць у эфіры рукі і задаць пытання. Ён так намагаецца ўдзельнічаць у актыўнасцях, каб ведаць, чым дыхае грамадскасць.

Што далей? Да канца лета вайна скончыцца

«Чаканні далей? Я маю аптымізм і думаю, што да канца лета вайна скончыцца. Дынаміка кажа пра такія тэрміны. У краіне вайсковы стан і ўсе міграцыйныя працэсы на «стоп». Мабыць, абставіны нармалізуюцца, а значыцца, Расея прайграе і Пуцін знікне як фізічная асоба. Тады і будзе магчымасць атрымаць дакументы. А калі знікне грамадзянін Лукашэнка – у нас з’явіцца законная магчымасць вярнуцца дадому», – з надзеяй кажа заселы ў Кіеве выкладчык.

Макоўскі мяркуе, што калі здарыцца горшае і Пуцін не адыдзе, а Лукашэнка застанецца, то прыйдзецца прыкладаць намаганні, каб легалізавацца ў Кіеве. Мужчына баіцца, што будзе цяжка і яму адмовяць у дакументах, а потым прапануюць пакінуць Украіну. У такім выпадку ён паспрабуе выехаць у Польшчу.

«Я маю дакументы, якія даюць падставу атрымаць гуманітарную візу. Польшча – краіна маіх продкаў таксама. Мой тата вырас і правёў першыя 6 гадоў жыцця ў Беластоку», – падсумоўвае Андрэй Макоўскі.

Ужо больш за 80 дзён мужчына, які мусіў з’ехаць ад палітычнага пераследу з Беларусі, фактычна заблакаваны ў адным з Кіеўскіх кварталаў, які мы ў мэтах бяспекі не называем.

ЗХ belsat.eu

Стужка навінаў