«Артысты не мусяць расплачвацца за вайну». Славаччына ўзнавіла культурную супрацу з Беларуссю


Новая міністарка культуры Славаччыны Марціна Шымкавічава скасавала загад сваёй папярэдніцы аб забароне любой культурнай супрацы з Беларуссю і Расеяй. «У свеце адбываюцца дзясяткі ваенных канфліктаў, і, на нашую думку, артысты і культура не мусяць за гэта расплачвацца», – цытуе чыноўніцу выданне «Pravda».

Сцяг Славаччыны.
Фота: myshoun / Pixabay

У сакавіку 2022 года, пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне, тагачасная кіраўніца Мінкультуры Славаччыны Наталля Міланава забараніла «любую акадэмічную культурную ці іншую аналагічную афіцыйную супрацу з Расейскай Федэрацыяй ці Рэспублікай Беларусь да далейшага апавяшчэння».

Загад тычыўся непасрэдна міністэрства, а таксама падведамасным арганізацыям і іх супрацоўнікам.

Новая міністарка культуры Марціна Шымкавічава, якая заняла пасаду летась пасля змены ўлады ў Славаччыне ў выніку датэрміновых выбараў, скасавала гэты загад. Рашэнне набыло моц 15 студзеня.

«У свеце адбываюцца дзясяткі ваенных канфліктаў, і, на нашую думку, артысты і культура не мусяць за гэта расплачвацца», – заявіла чыноўніца.

Колішняя кіраўніца міністэрства Міланава адрэагавала на рашэнне пераемніцы заяваю пра тое, што ў Славаччыне ніколі не перашкаджалі выступам асобных расейскіх артыстаў ці незалежных арганізацыяў, якія адназначна выказваліся супраць расейскай агрэсіі.

Пасля выбараў летась увосень у Славаччыне паўстаў урад, які называюць прарасейскім. Новы прэм’ер міністр Робэрт Фіца, які ўзначаліў кабінет ужо ў трэці раз, пастанавіў не аддаваць, а прадаваць зброю Украіне, паабяцаў не падтрымоўваць санкцыяў супраць Масквы, калі яны нашкодзяць ягонай краіне, і заклікаў Кіеў да перамоваў з Расеяй.

Hавiны
Улады Славаччыны хочуць спыніць вайсковую дапамогу Украіне і не ўводзіць санкцыяў супраць Расеі
2023.10.26 16:51

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў