Касцёл у Бабруйску вернікам пакуль не аддадуць. Разбіраемся ў гісторыі шматпакутнай святыні


Максімум, на што бабруйская парафія можна разлічваць у бліжэйшы час, – на дамову аб бязвыплатным карыстанні будынкам. Пытанне аб перадачы святыні ва ўласнасць Касцёлу будзе абмяркоўвацца, але ў наколькі блізкай ці далёкай будучыні – дагэтуль не вядома. Гэта вынікае з тлумачэння біскупа Аляксандра Яшэўскага на сустрэчы святароў і кансэкраваных асобаў, якая прайшла 18 студзеня. Меркаванні прадстаўнікоў Касцёлу падзяліліся: хтосьці глядзіць на сітуацыю пазітыўна, іншыя лічаць, што такім чынам працягваецца ўладны ціск на каталікоў.

Касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Бабруйску.
Фота: Аляксандр Ляпілін / catholic.by

Ксёндз-пробашч: арэнда – гэта добра, такі працэс поўнага вяртання касцёлу каталікам

Пасля таго, як у нядзелю 15 студзеня ксёндз-пробашч бабруйскага касцёлу Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі Андрэй Яркавец абвесціў, што з 1 лютага парафія будзе плаціць за арэнду памяшкання касцёлу, у сацсетках і медыях разгарэлася абмеркаванне лёсу святыні, вядомай сваім гаротным станам на ўсю краіну. Касцёл у Бабруйску – ці не адзіны ў Беларусі, які дагэтуль не адбудаваны пасля таго, як быў знявечаны савецкай уладай.

У размове з газетай «Вечерний Бобруйск» пробашч пацвердзіў, што з адміністрацыі Ленінскага раёну Бабруйску прыйшла пастанова, у якой гаворыцца, што з 1 лютага горад будзе браць грошы за арэнду памяшкання касцёлу. Пры гэтым святар зазначыў, што раней гарадскія ўлады платы за арэнду не бралі, гэта ноу-хау новага, 2023 года.

«Справа ў тым, што, паводле дзяржаўных нарматываў, каб перадаць будынак ва ўласнасць касцёлу, трэба, каб перад тым аплачвалася ягоная арэнда. Гэтак сама плаціў за арэнду магілёўскі касцёл, а потым атрымаў будынак на пяць гадоў у бязвыплатнае карыстанне», – кажа ксёндз Яркавец.

Што за нарматывы аб перадачы ва ўласнасць, святар не ўдакладняе. Памер арэнды дагэтуль не вядомы – ці, прынамсі, яго не агучылі парафіянам. Грошы на аплату парафія плануе збіраць сярод вернікаў.

«Больш няма дзе, – перадае словы ксяндза Андрэя Яркаўца газета «Коммерческий курьер». – Каб зменшыць суму, мы вызвалім частку плошчаў. Застануцца бібліятэка, нядзельная школа і памяшканне для богаслужэнняў».

Ці будуць разбіраць арган у бабруйскім касцёле?

Арган у касцёле Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Бабруйску.
Фота: alarmout.livejournal.com

У сацсетках і медыях разышлася інфармацыя, што камісія прапанавала разабраць арган. Ксёндз Андрэй у інтэрв’ю «ВБ» сцвярджае, што музычны інструмент ніхто разбіраць не будзе – «гэта ўжо чуткі самі напрыдумваліся». У той жа час ёсць парафіяне, якія кажуць, што на ўласныя вушы чулі, як абмяркоўвалася пытанне, ці ёсць магчымасць перанесці арган, каб вызваліць яшчэ адно памяшканне.

«Прыйшла камісія для абмеру памяшканняў, каб падлічыць памер арэнднай платы, і кажа падчас абмераў: «Вось тут у вас арган стаіць, а каб вунь туды пераставілі, аплата выйшла б меншая». Хацелі дапамагчы парадай, але не разумеюцца на арганах. Тут і пачалося», – тлумачыць Фэйсбук-старонка «Аднаўленне бабруйскага касцёлу».

Відаць, урэшце вырашылі пакінуць арган там, дзе ён ёсць, бо перанесці – не самая простая справа.

Арэнда, бязвыплатнае карыстанне ці перадача ва ўласнасць?

Касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Бабруйску.
Фота: alarmout.livejournal.com

18 студзеня ў парафіі Маці Божай Бялыніцкай у Горках прайшла пастырская сустрэча з удзелам святароў і кансэкраваных асобаў Магілёўскага рэгіёну Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі на чале з Генеральным вікарыем архідыяцэзіі біскупам Аляксандрам Яшэўскім. Падчас сустрэчы была закранутая і тэма бабруйскага касцёлу.

«Рымска-каталіцкая парафія Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў горадзе Бабруйску не ёсць уласнікам адзінага дзейснага касцёлу ў гэтым горадзе. З гэтай прычыны яна атрымала пастанову ад выканкаму Ленінскага раёну гораду Бабруйску, што з 1 студзеня 2023 года неабходна скласці дамову аб арэнднай плаце за тыя памяшканні, якімі карыстаецца парафія для сваіх мэтаў, паколькі бязвыплатнае карыстанне гэтымі памяшканнямі больш не магчымае паводле заканадаўства. За памяшканні прыбудаванага будынку былога «Бабруйскбудкомплекс«, якімі парафія не карыстаецца, арэнда выплачвацца не будзе», – паведаміў каталіцкі іерарх.

Паводле біскупа Яшэўскага, пасля падліку арандаванай плошчы бабруйская парафія падпіша дамову з уласнікам будынку, на мінімальны тэрмін шэсць месяцаў на аплату арэнды, і будзе чакаць распараджэння ўладаў аб перадачы касцёлу ў бязвыплатнае карыстанне. Далей іерарх зноў прывёў як прыклад касцёл у Магілёве, дзе парафія больш за год аплачвала будынак касцёлу, гаражу і прылеглай тэрыторыі, а потым атрымала гэтыя аб’екты на пяць гадоў у бязвыплатнае карыстанне.

«Наступным крокам стане просьба аб перадачы ва ўласнасць будынку касцёлу, які быў пабудаваны і адрамантаваны каталіцкімі вернікамі Бабруйску і шматлікімі дабрачынцамі парафіяльнай супольнасці», – зазначыў біскуп.

Касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Бабруйску.
Фота: alarmout.livejournal.com

Такім чынам, гаворка пра хуткую перадачу ва ўласнасць парафіі зноў не ідзе. Чым істотна адрозніваецца бязвыплатнае карыстанне ад сітуацыі, якая была цягам усіх апошніх гадоў, – таксама не вядома. Парафія бесперашкодна карысталася будынкам касцёлу і ўсімі памяшканнямі ў ім і ў прыбудове, аплачвала камунальныя паслугі. Фактычна, пасля шасці месяцаў аплаты арэнды ўсё вернецца да гэтай жа сітуацыі, а перадача ва ўласнасць можа разглядацца невядомы тэрмін, як гэта бывае цягам апошніх гадоў.

«Калі б улады хацелі перадаць касцёл парафіі, то проста б зрабілі гэта»

«Нармальная сітуацыя – гэта калі будынак касцёлу належыць Касцёлу, ёсць на тое тэхпашпарт і пасведчанне аб рэгістрацыі маёмасці і тое ж самае на зямлю, а ўсе рашэнні выканкамаў і Касцёлу агучваюцца і становяцца вядомыя людзям, – кажа чалавек, дасведчаны ў касцельных справах, які з прычынаў бяспекі пажадаў захаваць ананімнасць. – У сітуацыі з бабруйскім касцёлам такога няма. Цяжка каментаваць паведамленні ў СМІ і сацсетках, калі няма спасылак на рашэнні ўлады і інфармацыя не падмацаваная дакументамі. У выніку выходзіць, што мы не ведаем насамрэч, да чаго цяпер ідзе».

Заявы, што перш трэба перадаць маёмасць гораду, а пасля Касцёлу, і адпаведна перш трэба арэнду плаціць, а пасля перададуць неяк Касцёлу, «гучаць бязглузда і не выклікаюць даверу», лічыць наш суразмоўца.

«Калі б улады насамрэч хацелі б перадаць касцёл, то проста зрабілі б гэта без лішніх маніпуляцыяў. Вельмі шмат пытанняў у гэтай сітуацыі», – кажа эксперт.

Складанасці з перадачаю касцёлаў ва ўласнасць – элемент ціску на каталікоў

Так можа выглядаць касцёл у Бабруйску, калі яго аднавіць. Рэканструкцыя: Дзмітрый Башмак, Ганна Башмак

У Беларусі ёсць касцёлы, якія ёсць уласнасцю Касцёлу. У той жа час ёсць складаныя сітуацыі, як у Менску з Чырвоным касцёлам, у Магілёве з касцёлам Святога Станіслава, у Бабруйску.

У Магілёве будынак касцёлу так і не быў аформлены як уласнасць парафіі, пакуль што там толькі працягваецца дамова аб бязвыплатным карыстанні.

Падобны працэс адбываецца ў Нясвіжы. Там таксама з гэтага года пачалі налічваць арэндную плату, раней парафія не плаціла ніякіх грошай. Далей стане магчымым зноў атрымаць касцёл у бязвыплатнае карыстанне. Аднак пра афармленне ўласнасці гаворкі там няма, што тлумачыцца рэстаўрацыяй, якая цяпер вядзецца ў касцёле. У Нясвіжы асаблівая сітуацыя, якая вынікае са статусу касцёлу, які ёсць гістарычна-культурнай каштоўнасцю міжнароднага значэння, а таксама з таго, што ён – спадчына Радзівілаў, нашчадкі якіх таксама зацікаўленыя ў будучыні касцёлу.

Яшчэ адзін дасведчаны ў касцельных справах наш суразмоўца, які з прычыны таго, што жыве ў Беларусі, не называецца, кажа, што ўсе гэтыя кейсы – элемент ціску на Касцёл і каталікоў, і імкненне трымаць вернікаў пад кантролем, бо калі б была добрая воля, усе працэсы можна было б вырашаць нашмат хутчэй.

Касцёл, пабудаваны рэпрэсаваным архітэктарам

Касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Бабруйску быў пабудаваны ў 1906 годзе на сродкі парафіянаў у стылі неаготыкі. Аўтарам праектаў стаў архітэктар Станіслаў Шабунеўскі, вядомы шматлікімі пабудовамі ў Гомлі, рэпрэсаваны ў 1937 годзе.

Касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі да 1960-х гадоў.
Фота: sviatynia.by

У 1912 годзе касцёл асвяціў мітрапаліт Вінцэнт Ключынскі. Вядома, што на пачатку ХХ стагоддзя цягам некаторага часу ў бабруйскім касцёле служыў ксёндз, беларускі паэт і публіцыст Аляксандр Астрамовіч, літаратурны псеўданім якога – Андрэй Зязюля.

Звязаная гісторыя касцёлу ў Бабруйску з яшчэ адной вядомай асобай – блаславёным ксяндзом Міхалам Сапоцькам – ён служыў тут падчас Першай сусветнай вайны.

У 1935 годзе савецкія ўлады забаранілі службы ў касцёле, памяшканне выкарыстоўвалі дзеля гаспадарчых мэтаў. Богаслужэнні аднавіліся ў святыні ў 1941 годзе, падчас нямецкай акупацыі Бабруйску. Пасля вайны, у 1946 годзе, улады зноў зачынілі касцёл. Пэўны час тут дзейнічаў кіналекторый.

Як касцёл схавалі ад людзей і як вернікі яго вярнулі, але не цалкам

У 1960-я гады (1964 ці 1968 у розных крыніцах) фасад касцёлу часткова разбурылі і ўмуравалі ў пяціпавярховы адміністратыўны будынак. Так касцёл набыў свой сучасны выгляд. Першапачаткова планавалася, што ў прыбудове будзе інтэрнат на 197 асобаў, аднак урэшце ў ім размясцілася адміністрацыя домабудаўнічага камбінату.

У частцы касцёлу, якая ацалела, за савецкім часам ладзілі выставы, у тым ліку – дасягненняў сельскай гаспадаркі. Вядомыя фотаздымкі, дзе побач з касцёлам пасвяцца каровы.

Сельскагаспадарчая выстава каля касцёлу ў Бабруйску.
Фота: sviatynia.by

У кастрычніку 1989 года было прынятае рашэнне аб перадачы касцёлу вернікам, аднак рэалізаванае яно было толькі ў сакавіку 1990 года. 13 ліпеня 1990 касцёл асвяціў біскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

У касцёле аднавіліся службы, рэлігійнае жыццё, аднак у прыбудове працягвала дзеяць дзяржаўнае прадпрыемства – ААТ «Бабруйскбудкомплекс».

Больш за 500 подпісаў за аднаўленне касцёлу: чаму гэта не прынесла вынікаў

Пытанне аб поўнай перадачы комплексу будынкаў і аднаўленні першаснага выгляду святыні неаднаразова падымалася на працягу апошніх 33 гадоў. ААТ «Бабруйскбудкомплекс», а раней – бабруйскі домабудаўнічы камбінат, прапаноўваў каталікам купіць прыбудову. Але Касцёл стаяў на тым, што ўлады самі павінны прыбраць тое, што надбудавалі, не патрабуючы за гэта грошай.

У 2017 годзе ААТ «Бабруйскбудкомплекс» збанкрутавала. Адміністратыўны будынак прадпрыемства некалькі разоў выстаўляла на аўкцыён, аднак ахвочых набыць яго так і не знайшлося. У той жа год неабыякавыя бабруйцы сабралі больш за 500 подпісаў за аднаўленне касцёлу, распачалі камунікацыю з уладамі, хадзілі на прыёмы ў Бабруйскі гарвыканкам, размаўлялі са старшынём выканкаму і ягоным намеснікам, пісалі звароты ў Магілёў і адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі. Ніякага выніку гэта не прынесла.

Камунікацыя парафіянаў з уладамі, зборы подпісаў і публічнае абмеркаванне праблемы заціхлі ў тым ліку праз нежаданне прадстаўнікоў касцельнай іерархіі падымаць залішні шум.

Вядома, што ў 2018 годзе парафія атрымала папярэджанне, што ўвосень будынак будзе прызнаны безгаспадарным. Ці рабіліся ў сувязі з гэтым нейкія захады, не вядома. Інфармацыю з таго часу стала атрымліваць усё складаней. У кастрычніку 2018 года праз рашэнне суда Бабруйскага раёну і гораду Бабруйску будынак касцёлу прызналі безгаспадарным і перадалі ў камунальную ўласнасць.

Парафія адмовілася ад касцёлу разам з прыбудовай

Касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Бабруйску.
Фота: poshyk.info

У газеце «Вечерний Бобруйск» адшукалася інтэрв’ю пробашча, дзе ён распавядаў, што ранейшы асноўны крэдытор – ААТ «Бабруйскбудкомплекс», якое збанкрутавала, «Беларусбанк» прапаноўваў перадаць каталікам і будынак касцёлу, і прыбудову, але парафія адмовілася праз недахоп сродкаў на знос прыбудовы ці яе ахову.

«Мы ўдзячныя гораду і банку за такія прапановы, але што рабіць з прыбудоваю? Мы не фінансавая арганізацыя, і ў нас няма грошай, каб арганізаваць знос прыбудовы, – казаў ксёндз Яркавец. – Пакуль будынак застаецца ва ўласнасці гораду, яго ахоўваюць, а ў нас няма сродкаў».

На пачатку 2021 года пытанне бабруйскага касцёлу з магілёўскімі ўладамі абмяркоўваў біскуп Казімір Велікаселец. Увосень 2021 года бабруйскія ўлады паднялі пытанне аб здачы касцёлу парафіі ў арэнду.

На пачатку 2022 года з бабруйскімі ўладамі сустракаўся новы мітрапаліт Юзаф Станеўскі. Пра вынікі сустрэчы грамадскасці не паведамлялася. Да пачатку 2023 года ў сітуацыі з бабруйскім касцёлам панавала ціша, пакуль улады не пастанавілі браць з парафіі арэндную плату.

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў