Катастрофа дробнага бізнесу


Знішчэнне дробнага бізнесу і эканамічныя страты дзяржавы. Такога выніку, паводле экспертаў, можна спадзявацца па падпісаным учора Аляксандрам Лукашэнкам указе “Аб рэгуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці”. Такім чынам з першага ліпеня ў Беларусі пачне дзеяць пункт тэхнічнага рэгламенту Мытнага саюзу, які прадугледжвае абавязковую наяўнасць у іпэшнікаў суправаджальных дакументаў на рэалізаваную прадукцыю.

Больш за палову дробных бізнесоўцаў могуць застацца без працы ды сродкаў на жыццё. Падпісаны напярэдадні прэзідэнцкі ўказ у большасці прадпрымальнікаў выклікае адно балючае пытанне: як цяпер пракарміць свае сем’і?

{movie}Катастрофа дробнага бізнесу (17.05.14)|right|16496{/movie}

АПЫТАННЕ:
“Па шчырасці, я самая не ведаю, да чаго гэта ўсё ідзе. Такога няма ні ў воднай краіне. Мы самыя не разумеем, навошта нас знішчаюць”.
“Мы вернемся ў 90-я гады. Як толькі аблава – усе зачыняліся і ўцякалі”.

З 1-га ліпеня дзяржава забавязала індывідуальных прадпрымальнікаў мець суправаджальныя дакументы на кожнае найменне зрэалізаванага тавару, у тым ліку – увезеных з тэрыторыі Мытнага саюзу. Яшчэ да падпісання дакумента гэтая ідэя выклікала хвалю абурэння ў прадпрымальніцкіх шэрагах. І сёння бізнесоўцы кажуць уголас.

ГЕНАДЗЬ ПЛЯШКЕВІЧ, ПРАДПРЫМАЛЬНІК:
“Тыя законы, якія яны хочуць ўвесці, яны нерэальныя. Вось, да прыкладу, калі ў Маскву прыязджаеш за таварам, для іх Беларусь – гэта кропля ў моры. Калі ў іх пытаешся пра дакументы, яны кажуць: “нам лягчэй вам не прадаць, чымся звязвацца з вашымі дакументамі”.

А нават калі і ўдасца выканаць усе патрабаванні дзяржавы, атрымаць дакументы і прайсці сертыфікацыю, непазбежна ўзнікне іншае праблема – немагчымасць прадаць такі тавар сярэдняму беларускаму спажыўцу.

ПРАДПРЫМАЛЬНІЦА:
“Будуць нерэальныя цэны, а людзі не здолеюць гэтага тавару набыць. Сертыфікат на кожную мадэль выходзіць вельмі дарагі – да трох мільёнаў рублёў”.

А таму ўжо сёння лідары прадпрымальніцкага руху новы ўказ называюць катастрофаю ўсяго дробнага бізнесу ў Беларусі. Катастрофа, якая непазбежна ўдарыць і па гаспадарцы ў цэлым.

АНАТОЛЬ ШУМЧАНКА, АБ’ЯДНАННЕ «ПЕРСПЕКТЫВА»:
“Гэты ўказ не толькі не ўлічвае нашых інтарэсаў, але не нясе нічога станоўчага і для беларускай эканомікі. Дзякуючы гэтаму ўказу скароціцца колькасць працоўных месцаў, паменшацца падатковыя паступленні ў бюджэт. А займацца дробным гандлёвым бізнесам пасля яго будзе немагчыма”.

Пакуль жа дробныя бізнесоўцы маюць пераходны перыяд. Да сакавіка наступнага года яны могуць прадаваць рэшту тавараў без дакументаў. Для гэтага яны мусяць скласці ў падатковай апісанне прадукцыі, што засталася. Што да магчымасці арганізаваных акцыяў пратэсту сярод дробных гандляроў, лідар аб’ядння “Перспектыва” Анатоль Шумчанка мяркуе…

АНАТОЛЬ ШУМЧАНКА, АБ’ЯДНАННЕ «ПЕРСПЕКТЫВА»:
“Часта мяне пытаюцца пра страйкі: “Будзеце вы нешта арганізоўваць ці не?”. Мне падаецца, надышоў час самым людзям сказаць, падабаюцца ім гэтыя законы ці не. Іншага выхаду я не бачу. Прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, “Перспектывы” улада не слухае”.

На фоне леташніх пратэставых настрояў улады амаль на год адсунулі ўвядзенне нормы абавязковай наяўнасці суправаджальных дакументаў.

Але сёлета ў лютым, выступаючы на нарадзе наконт праекту ўказа, кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка жорстка адрэагаваў на заявы прадпрымальнікаў пра магчымасць масавых страйкаў.

У такой перспектыве, са словаў прадстаўнікоў прадпрымальніцкага руху, значная частка іпэшнікаў папросту пяройдзе ў шэрую эканамічную зону.

Ян Бабіцкі, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў