Беларускі музей – нецікавы, «саўковы» і адарваны ад людзей?


Купалле ў інтэрнэце і гістарычныя мульты. На кірмашы праектаў «Зробім музей цікавейшым!», што прайшоў у Менску напярэдадні Сусветнага дня музеяў, энтузіясты пазнаёмілі са сваймі ідэямі, якія мусяць зрабіць беларускі музей больш прывабным для наведнікаў.

Сучасны трэнд беларускіх музеяў: перанясем усё ў інтэрнэт

Маладая даследніца культурнай спадчыны Марыя Аляксандрава мяркуе, што праект «Ахова абраду Купалле сродкамі інфармацыйных тэхналогіяў» дапаможа захаваць для нашчадкаў старажытныя беларускія традыцыі. Дзяўчына прапаноўвае зрабіць 3D-візуалізацыю купальскага абраду і размесціць яе на адмысловым сайце ці прапаноўваць для прагляду наведнікам у музеях. Паводле даследніцы, традыцыйная культура ўжо не перадаецца ўжывую ейнымі носьбітамі, таму гэткі перанос у інтэрнэт дапаможа ёй не знікнуць.

Віртуальны праект распрацоўвае і магістрантка Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту культуры і мастацтваў Ганна Андруковіч. Уся экспазіцыя ейнага Віртуальнага беларускага віленскага музею імя І. Луцкевіча будзе размяшчацца на адмысловым сайце, які запрацуе ўжо гэтаю восенню.

Мараць перанесці свае калекцыі ў сусветнае павуцінне і працаўнікі Ашмянскага раённага краязнаўчага музею, якія на кірмашы шукалі спонсара, што дапаможа ім зрабіць уласны сайт.

Ніна Шыдлоўская, старшыня рады Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына» зазначыла, што віртуальны складнік у сучасных беларускіх музеях сапраўды важны, і асабліва для беларусаў замежжа: «Па-першае, гэта дае ім магчымасць не траціць сувязі з уласнаю культураю, па-другое, ім гэта цікава, бо выязджае сёння пераважна моладзь, ІТ-работнікі, і іх можна гэтымі віртуальнымі фішкамі зачапіць».

Пэўную рызыку ў паўсюдным пераходзе ў інтэрнэт бачыць культурны антраполаг Сцяпан Стурэйка: «Нашыя музеі імкліва віртуалізуюцца, нават агрэсіўна. Я баюся, хутка трэба будзе казаць пра развіртуалізацыю музеяў».

Браслаў: вывучаць гісторыю праз мультфільмы

Браслаўскае раённае аб’яднанне музеяў працуе над флэш-мультфільмамі па гісторыі рэгіёну. Яны будуць аж на пяці мовах (беларуская, расейская, ангельская, літоўская, латышская) і маюць за задачу прывабіць турыстаў на Браслаўшчыну.

А Сяржук Ганчарэнка, навуковы супрацоўнік Беларускага нацыянальнага гістарычнага музею, хоча прывабіць маладое пакаленне ў музей з дапамогаю дзіцячага гістарычнага часопісу. 48 нумароў часопісу маюць выходзіць штомесяц, і кожны нумар будзе прысвечаны асобнай музейнай калекцыі. Паводле Сержука, кожная калекцыя распавядзе пра пэўную частку гісторыю Беларусі: зброя – пра вайсковую гісторыю, графіка – пра мастацтва і г. д.

«З уласнага досведу магу сказаць, што сёння ўзровень ведаў па гісторыі ў дзяцей проста катастрафічны. У той час як гістарычная свядомасць, ейны падмурак, закладаецца менавіта ў дзяцінстве і маладосці. Таму гэтак важна ў даступнай і цікавай форме данесці да дзяцей і моладзі нашую гісторыю», – рэзюмаваў працаўнік музею.

Наведнік мусіць быць не гледачом, а ўдзельнікам

Зміцер Рагачоў, каардынатар праекту «Ажыўленая экспазіцыя» мяркуе, што сёння беларускаму музею не хапае інтэрактыўнасці ды камунікацыі з наведнікамі на мове саміх наведнікаў.

«Да нас неяк падышла бабулька пасля аднаго з касцюмаваных баляў, што мы рабілі, і са слязьмі на вачах сказала: «Дзякуй, я думала, што ўжо ніколі ў жыцці не станчу вальсу, а дзякуючы вам – станчыла», – кажа Зміцер. – Таму лічу, што нашыя музеі выратуюць перформансы, у якіх наведнік будзе не гледачом, а ўдзельнікам».

Пагаджаецца з ім Сцяпан Стурэйка: «Беларускія музеі цікавыя не для ўсіх, і пра гэта сведчыць колькасць наведнікаў. Людзі амаль не ходзяць у музеі. Бо музей у нас сёння дагэтуль жыве паводле савецкай патэрналісцкай традыцыі: музей нешта распавядае, усе слухаюць. Паслухалі? Дзякуй, вы вольныя. Музей мусіць выйсці да людзей, зрабіць гэтак, каб людзі не проста глядзелі, а ўдзельнічалі ў музейным жыцці, тады гэта будзе і цікава, і карысна».

А што думаюць звычайныя наведнікі музеяў?

«Мне ў музеі не хапае дыялогу «прадмет-наведнік». А яшчэ нашыя музеі перапоўненыя савецкаю тэматыкаю ды тэматыкаю Вялікай Айчыннай вайны, а раскрыцця іншых эпох не хапае, – кажа Аксана. – Трэба рабіць нашыя музеі сучаснейшымі, ладзіць нейкія тэматычныя вечарыны з элементамі анімацыі».

«Трэба, каб больш было ў музеях такога, каб людзям весялей было – балі розныя, анімаваныя акцыі, – мяркуе Марына. – А вось што цяпер усе ў інтэрнэт імкнуцца – мне падаецца, лепш, калі бачыш ужывую. Але з іншага боку, толькі дзякуючы інтэрнэту я пабачыла шмат якія выставы».

Марына Маўчанава, belsat.eu

Стужка навінаў