Сродак ад галавы


Як паўставалі культавыя фотаздымкі. Што засталося па-за ўвагаю гледача? Аўтары, героі ды эпохі – на чорна-белых і каляровых карцінках. Пра іконы эпохаў – у праектах нашага сайту піша журналіст, знаўца гісторыі фатаграфіі ды фатограф Дзяніс Дзюба.



Зацяты вораг смяротнага пакарання, медык Жазэ Гіётэн, хацеў максімальна палегчыць смерць – як для ахвяры, так і для ката, але паставіў яе на канвеер.

Гіётэн, адзін з самых папулярных дактароў эпохі Людовіка XVI, прэзентаваў сваё вынаходніцтва (арыгінальнасць якога даволі сумнеўная, бо падобныя механізмы былі вядомыя ў Еўропе з даўніх часоў) Устаноўчаму сходу ў кастрычніку 1789 года. Мэсье Гіётэн быў вялікі дэмакрат, і ягонае брутальнае прыстасаванне мела не мэце зраўняць людзей і ў апошнія секунды жыцця. У Францыі XVIII стагоддзя спосаб пакарання залежаў ад паходжання – злачынцаў з простага люду вешалі, спальвалі або чацвертавалі, і толькі арыстакратам аддавалі гонар, адсякаючы галаву мячом.

Самы радыкальны доктар Францыі горача пераконваў чальцоў Устаноўчага сходу, што пакаранне мусіць быць “схаванае ад людскіх вачэй, каб не разбэшчваць натоўпу жорсткім відовішчам”. Але стваральнік гільятыны паспеў пабачыць, як яе не толькі не прыбралі з вуліцы, а нават не прыкрывалі нічым на ноч. Адзін з сімвалаў бязлітаснага тэрору Французскай рэвалюцыі працаваў содні напралёт – тады гільятынавалі больш за 15 000 чалавек. Гільятына служыла еўрапейцам і пазней: вельмі цёпла да яе ставіўся, напрыклад, Гітлер, які выслаў на спатканне з прыстасаваннем каля 20 000 чалавек. А на сваёй радзіме лязо гільятыны падала на людскія галовы яшчэ праз два стагоддзі.

Апошні раз публічна яе выкарысталі 17 чэрвеня 1939 года каля сценаў турмы Сэн-П’ер у Версалі ў дачыненні нямецкага забойцы Ойгена Вайдмана, які дзеяў у Францыі. Натоўп успрыняў экзекуцыю “Тэўтонскага вампіра”, як яго празвала жоўтая прэса, з вялікім энтузіязмам: людзі тупацелі, крычалі ды свісталі, не саромеліся нават есці прынесеных бутэрбродаў. Рэпарцёры зрабілі серыю ўдалых здымкаў з бліжэйшых дахаў, і фота выклікалі скандал у грамадстве. Калі фатаграфіі пабачыў прэзідэнт Альбэр Лебрэн, ён наклаў вета на далейшыя публічныя пакаранні. Пасля гэтага мадам Гільятына працавала толькі ў засценках турмаў – ажно да кастрычніка 1977 года, калі ў Марселі пакаралі забойцу Хаміду Джандубі.

Дзяніс Дзюба для belsat.eu

Стужка навінаў