«Нават працаўнікі КДБ і міліцыі зразумелі, што ідэя яднання нацыі – гэтая ідэя правільная»


Апазіцыйныя палітыкі сабраліся ў Менску на круглым стале з цыклу «На чым базуецца і як умацаваць суверэнітэт Беларусі?». Гэтым разам экспертам прапанавалі падзяліцца меркаваннямі адносна беларускіх нацыянальных сімвалаў. На імпрэзу завітаў мянчук Руслан Верамей, які святкаваў Дзень Волі пад двума сцягамі – бел-чырвона-белым і чырвона-зялёным.

{movie}Андрэй Дзмітрыеў: Афіцыйны сцяг быў увасабленнем зла ў Беларусі |right|16429{/movie}

«Гісторыя бел-чырвона-белай сімволікі значна больш абгрунтаваная ў традыцыях, у гісторыі беларусаў», – лічыць намеснік старшыні Партыі БНФ Ігар Лялькоў. Паводле дзеяча, герб «Пагоня» з незапамятных часоў – сімвал беларускіх зямель, пад якім наш народ пражыў большую частку сваёй гісторыі. «Продкі сённяшніх беларусаў не ведалі іншага сімвалу гэтых зямель, чым герб «Пагоня». Але для асноўнай масы маладых людзей, якім зараз не больш за 25 гадоў, натуральным сімвалам краіны з’яўляецца хіба чырвона-зялёны сцяг», – заўважыў палітык.

«Калі чалавек непалітызаваны, звычайна ён не ставіць вялікага пытання: чаму ў краіны такі сцяг, адкуль ён узяўся, ці ў нас быў такі раней? – адзначыў эксперт «Ліберальнага клубу» Вадзім Мажэйка. – Шмат хто на гэтыя пытанні, на жаль, проста не адкажа, не будзе ведаць. Для большасці бел-чырвона-белы сцяг будзе асацыявацца, з аднаго боку, як нешта апазіцыйнае, з другога – як нешта гістарычнае, але ніхто не будзе разумець, у чым яго адметнасць».

Удзельнікі сустрэчы прыйшлі да высновы, што будаваць беларускую будучыню трэба без гістарычных выняткаў, што ВКЛ, БНР, БССР, Рэспубліка Беларусь – супярэчлівая спадчына, але ж «нашая спадчына, і іншай мець не будзем».

«Ёсць беларускі народ і не мае значэння, якіх сімвалаў ён прытрымліваецца»

Мянчук Руслан Верамей, які прыйшоў на сёлетнюю акцыю ў гонар Дня Волі 25 сакавіка з двума сцягамі – бел-чырвона-белым і дзяржаўным чырвона-зялёным, паведаміў пра матывы свайго ўчынку і пра яго наступствы. «Разлік быў просты. Я хацеў паказаць такую з’яву ў грамадстве, якая фактычная з’яўляецца расколам. Людзі падзяліліся на два варожыя лагеры, што даволі небяспечна для перспектывы развіцця нашай краіны».

{movie}Верамей: Нават працаўнікі КДБ і міліцыі зразумелі, што ідэя яднання нацыі — правільная |right|16430{/movie}

Паводле менчука, патрэбна, каб апазіцыя і яе прыхільнікі ўсвядомілі: ёсць беларускі народ і не мае значэння, якіх сімвалаў ён прытрымліваецца. «Трэба прыдумаць агульную канцэпцыю, агульную ідэю, якая б змагла гэты народ аб’яднаць».

Паводле Верамея, большая частка апазіцыі вельмі негатыўна паставілася да ягонага ўчынку. «Мяне кім толькі не называлі, варожасць была відавочная. Яны не зразумелі пасылу, які я нёс. Прадстаўнікі дзяржавы ў цывільным прапусцілі мяне без аніякіх наступстваў. З гэтага вынік – нават працоаўнікі КДБ і міліцыі, якія ахоўвалі парадак у той дзень, зразумелі, што ідэя яднання нацыі – гэтая ідэя правільная».

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў