Краіна самагубцаў: як беларусы забіваюць сябе (статыстыка за апошнія 30 гадоў)


«Белсат» знайшоў навуковыя звесткі пра «нацыянальны» спосаб самагубства і падрабязны аналіз перадсмяротных цыдулак тых, хто адабраў сабе жыццё.

Шчаслівыя 1980-я

Афіцыйная статыстыка за апошнія гады кажа пра зніжэнне колькасці суіцыдаў у Беларусі. Гэта можа сведчыць пра тое, што беларусы адаптаваліся да фінансавых крызісаў. Або пра заніжэнне лічбаў: гэта магло стаць вынікам “плану паводле самагубстваў”, спушчанага медыкам у 2009 годзе. Ім забаранілі “завышаць” у справаздачах колькасць самагубстваў і парасамагубстваў (няўдалых спробаў забіць сябе), пагражаючы забраць прэміі.

Графік, колькасць самагубстваў

Нягледзячы на станоўчыя лічбы ў свежай статыстыцы, Беларусь гэтак і не здолела перакрочыць небяспечнага паводле міжнародных нормаў паказніку: больш за 20 выпадкаў на 100 тыс. насельніцтва за год. Небяспечная тэндэнцыя захоўваецца ўжо цягам амаль 25 (!) гадоў. За ўвесь гэты час максімальная колькасць суіцыдаў здарылася ў 1996 годзе (35,3 на 100 тыс. насельніцтва).

Трэба ўлічваць, што на апошні крок з прычыны нейкіх узрушэнняў у грамадстве людзі наважваюцца не адразу, а праз некаторы час, калі пачынаюць выразна адчуваць уплыў падзеяў на сваё жыццё. Напрыклад, усплёск суіцыдаў, выкліканых банкруцтвам у выніку расейскага дэфолту 1998 года, у краінах СНД адбыўся не адразу пасля яго, а з «адтэрмінаваннем» на год. Са статыстыкі вынікае, што самым шчаслівым для беларусаў перыядам была другая палова 1980-х (мінімальны паказнік зарэгістраваны ў 1988 годзе: 18,5 на 100 тыс. насельніцтва).

Графік, узровень суіцыдаў

Нацыянальныя асаблівасці самагубстваў

Беларуская псіхіятрка і аўтарка навуковых публікацыяў Вольга Паравая піша, што на спосаб самазабойства ўплывае культурная спецыфіка. Напрыклад, у ЗША найчасцей выкарыстоўваюць агнявую зброю, бо яе лёгка набыць легальна, і смерць ад стрэлу наступае хутка. У Беларусі самы распаўсюджаны спосаб – павешанне. Гэта можна патлумачыць даступнасцю і высокай «эфектыўнасцю»: большасць спробаў заканчваецца трагічна.

Такім чынам, 91 % усіх суіцыдаў у Беларусі адбываецца праз павешанне. Далей ідуць атручванні (2,3 %), калечанне лязовымі лы шыльнымі прадметамі (2,2 %), агнявыя раненні (1,7 %), падзенні з вышыні (1,6 %), утапленні (0,8 %), самаспальванні (0,3 %) ды іншыя сродкі, напрыклад, скачок пад транспарт (0,2 %). Гэта найбольш поўная статыстыка наконт спосабаў суіцыду, якую можна знайсці ў адкрытым доступе. Датуецца 2009 годам.

Найчасцей забіваюць сябе міліцыянты?

Напрыканцы сакавіка Гарадзеншчыну ды і ўсю Беларусь ускалыхнуў выпадак, калі малады міліцыянт застрэліўся на вачах у начальства. (Дарэчы, перадсмяротную цыдулку засакрэцілі). Нягледзячы на тое, што статыстыка суіцыдаў у сілавых ведамствах засакрэчаная, інфармацыя пра самазабойствы людзей у пагонах трапляе ў медыі даволі часта. Самым трагічным для МУС быў 2009 год: ажно 14 гучных справаў.

Аднак загадчык лабараторыі клінічна-эпідэміялагічных даследаванняў Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру псіхічнага здароўя Анатоль Гелда ў размове з «Белсатам» зняпраўдзіў меркаванне пра тое, што міліцыянт – гэта самая «суіцыдная» прафесія ў Беларусі. Ён распавёў, што статыстыкі наконт прафесійнай прыналежнасці самазабойцаў у нашай краіне не вядзецца, бо на гэта не стае ні людскіх, ні грашовых рэсурсаў. Анатоль Гелда звяртае ўвагу на тое, што самагубства адбываецца, калі чалавек не можа даць рады з унутранымі праблемамі, калі ўнутраную агрэсію ён накіроўвае на самога сябе. Прафесія ж міліцыянта гэтую агрэсію дазваляе накіроўваць на іншых.

У заходніх краінах часцей за прадстаўнікоў іншых прафесіяў накладаюць на сябе рукі медыкі, праца якіх часта звязаная са стрэсам, у тым ліку і праз высокую сёння небяспеку звальнення. Беларускія дактары, паводле нашага суразмоўцы, у якасці спосабу змагання з негатыўнымі эмоцыямі ўжываюць алкаголь.

«На мой погляд, да самазабойства ўвогуле штурхаюць не прафесійныя нейкія праблемы, а асабістыя і сямейныя, якія ў нас на першым месцы стаяць сярод прычынаў самагубстваў», – гаворыць Анатоль Гелда. Паводле яго, у групу рызыкі ўваходзяць перадусім тыя, хто займаецца некваліфікаванаю фізічнаю працай і, адпаведна, атрымліваюць малыя заробкі ды маюць нізкі ўзровень жыцця. Далей ідуць кваліфікаваныя працаўнікі. На трэцім месцы – інваліды і пенсіянеры, то бок беспрацоўныя. На чацвёртым – школьнікі ды студэнты. Замыкае спіс інтэлігенцыя.

Анатоль Гелда мяркуе, што трагічных выпадкаў за апошнія гады паменела, дзякуючы прафілактыцы, на якую ўрэшце звярнулі ўвагу на дзяржаўным узроўні, і таму, што беларусы ўжо адаптаваліся да стрэсаў: «Напрыклад, у 2011 годзе, калі была дэвальвацыя, росту колькасці самагубстваў не было», – адзначае ён.

Інга Астраўцова, Марына Маўчанава, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары