Як выглядае пераможца «Еўрабачання» без барады? (фота)


У сёлетнім конкурсе «Еўрабачання» перамагла асоба, вакол якой не сціхаюць спрэчкі і чуткі. Дык хто такая «жанчына з барадою» з Аўстрыі?

Пераможца «Еўрабачання-2014» Канчыта Вурст (Conchita Wurst, сапраўднае імя – Thomas Neuwirth) набрала ў фінале конкурсу ў Капэнгагене 290 балаў, другое месца заняў гурт «The Common Linnets» з Нідэрландаў (238), трэцяе – вакалістка Санна Нільсэн са Швецыі (218).

Прадстаўнік Беларусі, спявак Тэа (Юрый Вашчук), заняў 16-е месца.

{movie}Выступ Канчыты Вурст на Еўрабачанні|right|16362{/movie}

Томас Нойвірт (Thomas Neuwirth) нарадзіўся ў 1988 годзе ў Аўстрыі. Скончыў Школу моды ў Грацы ў 2011-м, у 2006 годзе браў удзел у трэцім сезоне аўстрыйскага кастынг-шоу для маладых поп-выканаўцаў. У гэты ж час ён прызнаўся, што ёсць геем. У 2007-м Томас заснаваў поп-рок гурт «Jetzt anders!», які праіснаваў некалькі месяцаў. Цяпер спявак жыве ў Вене, дзе займаецца музыкаю.

Conchita-Wurst

Томас Нойвірт і Канчыта Вурст. Фота hyperwicked.com

Ідэя «барадатай жанчыны» прыйшла Томасу ў галаву ў сувязі з тым, што ў падлеткавым узросце ён сутыкаўся з дыскрымінацыяй і цкаваннем. Вобраз Канчыты Вурст стаў выказваннем у абарону талерантнасці. Томас Нойвірт заявіў, што хоча, каб новае пакаленне лічыла, што быць самым сабою – добра, каб для людзей было важна не тое, як выглядае чалавек ці адкуль ён родам, але што гэта за чалавек, каб людзі навучыліся бачыць і цаніць тое, што схаванае «за фасадам».

Афіцыйна праводзяць мяжу паміж артысткаю Канчытаю Вурст і прыватнаю асобаю Томам Нойвіртам ды падкрэсліваюць, што гэта два самастойныя чалавекі з уласнымі лёсамі, але якія«працуюць у зладжанай камандзе» ды «выступаюць разам за талерантнасць і супраць дыскрымінацыі». Па-нямецку «die Wurst» значыць «каўбаса», у сувязі з чым вобраз Тома часам завуць «барадатая каўбаска».

Праз «барадатую жанчыну» беларусы падпісвалі петыцыю ў інтэрнэце, каб байкатаваць «Еўрабачанне».

«Канкурсантам на «Еўрабачанні-2014» ад Аўстрыі стаў спявак-трансвестыт Канчыта Вурст, які прапагандуе непрымальны для беларускага грамадства лад жыцця, – зазначалася ў петыцыі. – Папулярны міжнародны конкурс, які будуць глядзець нашыя дзеці, з падачы еўрапейскіх лібералаў стаў рассаднікам садаміі! Беларусь – адная з нешматлікіх краінаў Еўропы, якая змагла захаваць нармальныя і здаровыя сямейныя каштоўнасці, заснаваныя на любові ды ўзаемным дапаўненні паміж мужчынам і жанчынаю. Таму мы заклікаем да байкоту «Еўрабачання-2014» і забароны трансляцыі конкурсу ў Беларусі».

Нягледзячы на незадаволенасць некаторых беларусаў, «Еўрабачанне-2014» паказалі ў Беларусі без цэнзуры ў наўпроставым эфіры.



МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў