Герой «Салярысу» Данатас Банёніс на сваё 90-годдзе пажадаў шчасця ўсім беларусам


Вядомы літоўскі ды савецкі актор Данатас Банёніс адзначыў 90-годдзе. «Белсат» пагутарыў з юбілярам пра ўспаміны, працу ды Беларусь. Агляд падзеяў культуры.

Данатас Банёніс – імя вядомае мільёнам гледачоў былога Саюзу. Ролі ў фільмах «Ніхто не хацеў паміраць», «Мёртвы сезон», «Салярыс» ды іншых замацавалі Банёніса ў памяці людзей як таленавітага актора з лёгкім балтыйскім акцэнтам. Які, дарэчы, у большасці перадублёўваўся расейскімі акторамі. Аднак у стужцы «Сцеражыся аўтамабіля» голас літоўца не перакрывалі ды нават дазволілі лічыць па-літоўску.

{movie}Герой «Салярысу» Данатас Банёніс на сваё 90-годдзе пажадаў шчасця ўсім беларусам |right|16306{/movie}

«Рэжысура лічыла, што я запрошаны з Літвы, з Рыгі», – узгадвае Банёніс.

Сёння зорка тэатру і кіно адзначае пачэсны юбілей – 90-годдзе. Павіншаваць Банёніса прыехалі кіназнаўцы і палітыкі.

«Шаноўны маэстра, хачу ўручыць Вам найбольш значную прэмію нашага міністэрства – знак «Нясі сваё святло і вер» за ўнёсак у літоўскую культуру і распаўсюд дэмакратыі, за папулярызацыю імя Літвы», – міністр культуры Літвы Шарунас Біруціс звярнуўся да актора з віншаваннем.

Віншаванні прыйшлі і ад першых асобаў кіраўніцтва Літвы, Расеі ды Беларусі. Народны артыст СССР зняўся і ў беларускіх фільмах «Шляхціц Завальня» ды «Жыццё і ўзнясенне Юрася Братчыка».

«Вельмі прыемна было з імі гутарыць – з Бычковым, з Караткевічам», – узгадвае Данатас Банёніс.

І ў сваім паважным веку спадар Данатас дзякуе сваім прыхільнікам і праз наш тэлеканал перадае шчырыя вітанні кожнаму беларускаму гледачу.



«З вялікім задавальненнем пажадаю вам усяго добрага – шчасця, бо Беларусь мне вельмі блізкая. Я шмат там і працаваў, і здымаўся».



Іншыя тэмы: Выканаўца з Украіны Марыя Ярэмчук прайшла ў фінал конкурсу «Еўрабачанне» і выказала спадзеў, што ейная краіна здолее пачаць жыццё з чыстай старонкі. На ўправе партыі БНФ адбылася прэзентацыя дакументальнага фільму Анастасіі Мірашнічэнкі ды Алены Антанішынай пра Міхала Клеафаса Агінскага, забракаваны афіцыйнай цэнзураю. Лявон Вольскі прэзентаваў шэры кліп на песню «Шэрая кроў».

Настасся Яўмен, Адэля Дубавец, «Навіны культуры», belsat.eu

Стужка навінаў