Рэліквія ў Горадні: Кроў, якую Папа Рымскі здаваў на аналізы


У дзень абвешчання Папы Яна Паўла ІІ святым у гарадзенскі Фарны касцёл прывезлі ягоныя рэліквіі. Але сярод вернікаў гэта будзіць непаразуменне ці супраціў.



Рэліквіі – кроў на аналіз

Рэліквіі прывезлі з Кракава. Іх падарыў гарадзенскаму касцёлу былы шматгадовы сакратар пантыфіка кардынал Станіслаў Дзівіш. Святыня ўяўляе з сябе некалькі кропляў крыві на матэрыяле, схаваныя ў адмысловай капсуле – рэліквіярыі.

Перад смерцю Святы Айцец быў у італьянскім шпіталі «Джэмэллі». У яго апошні раз узялі кроў на аналіз, але не паспелі выкарыстаць. Менавіта гэтую кроў і распаўсюджваюць у якасці рэліквіяў ужо святога Папы. Адначасова у Фары ўсталявалі і асвяцілі скульптуру Яна Паўла ІІ вышынёй 2 метры 36 см. Майстар Васіль Мартынчук зрабіў яе цягам 5 месяцаў з гіпсу.

Відэатрансляцыя ўрачыстасцяў кананізацыі Яна Паўла ІІ і Ян ХХІІІ ў Ватыкане.

{movie}Трансляцыя ўрачыстасцяў кананізацыі ў Ватыкане|right|16150{/movie}

Фетышызм ці вера?

Ананімныя інтэрнэт-каментатары, а таксама некаторыя каталікі пачалі абурацца, што такое пакланенне крыві нагадвае паганскае ідалапаклонства або можа весці да фетышызму.

Марына, каталічка паводле веравызнання і гісторык паводле адукацыі, скептычна ставіцца да рэліквіяў у выглядзе часткі цела ці кавалку адзення святога. «Гэта можа весці да пакланення рэчам, калі чалавек вырашае, што ён прыйдзе, пацалуе рэліквіярый, і ўсё ў яго збудзецца. Досыць нам ужо абрастаць фетышамі! Над душою трэба працаваць!», – мяркуе Марына.

Каталік Юрый Седзянеўскі думае, што рэліквіямі можна цікавіцца пасля таго, як вернік перачытае ўсе творы святога і паспрабуе выкарыстаць ягоныя парады на практыцы ў штодзённым жыцці. «Але навошта чытаць?! Можна адразу рэліквіі. Можна рэліквіі ўбачыць, дакрануцца, сабе кавалачак адкалоць, павесіць на сценку, – не стрымлівае іроніі Юры. – Рэліквіі павінныя ісці пасля кананізацыі, а кананізацыя – пасля ўсведамлення вучэння, якое нёс гэты чалавек. Найлепшая рэліквія – гэта імкнуцца да таго, да чаго імкнуўся і заклікаў Ян Павал ІІ». Юры дапускае, што пакланенне рэліквіям можа лёгка перайсці ў ідалапаклонства, калі чалавек не прымае асабіста вучэння Папы, а проста захапляецца ім як кумірам, які шмат зрабіў, казаў «крутыя рэчы», збіраў на пляцах натоўпы людзей.

«Рэліквіі мне нагадваюць пра тое, што святыя жылі на зямлі ды былі рэальнымі людзьмі з цела і крыві, як і я, але былі моцна злучаныя з Богам. Мы ўшаноўваем святыя рэчы і тым самым праслаўляем Бога ў асобе Яна Паўла ІІ», – дзеліцца сваім успрыняццем культу рэліквіяў каталічка Наста Шыцікава, музыка паводле адукацыі. Яна таксама не выключае, што можна ўшаноўваць цела і кроў і як шаманства. На ейную думку, усё, што вернік робіць, не разумеючы сэнсу падзеі – да прыкладу, асвячаючы яйкі ці ставячы свечку, можа пераўтварыцца ў такое «шаманства».

Ксёндз Антоній Грэмза патлумачыў, што пакланенне рэліквіям – не ідалапаклонства, а выказванне пашаны Богу, якому служыў гэты святы. «Рэліквіі – гэта толькі знак прысутнасці святога. Галоўнае – духоўнае перажыванне прысутнасці святога, а не самое адзенне ці кроў. Мы верым у ягонае заступніцтва перад Богам. Але на першым месцы заўсёды павінен быць Бог. Кроў жа мае сімвалічны сэнс, гэта сімвал жыцця, без яе чалавек не можа жыць. Але няма такога разумення, што кроў важнейшая за адзенне. Можа быць, дакрануўшыся да вопраткі святога, вернік атрымае больш духоўнае карысці. Гэта залежыць ад веры», – гаворыць святар.

Супраць волі Папы



Вядома, што Папа не хацеў, каб пасля яго заставаліся рэліквіі. Гэта дае яшчэ адну нагоду для пытанняў і сумневаў.

Каталічка Марына з павагаю ставіцца да жадання Яна Паўла ІІ і сумняецца, што крок супраць волі святога можа спрыяць пашырэнню веры сярод людзей. «Я вельмі паважаю ягоную сапраўдную хрысціянскую сціпласць і лічу, што задача іерархаў і простых вернікаў Касцёлу – паважаць яе. Мне здаецца, што ў нашыя часы для пашырэння веры трэба шукаць нейкія іншыя сродкі, чымся рэліквіі», – выказваецца дзяўчына.

Ёсць і іншае меркаванне, што нават святыя могуць памыляцца ў сваіх жаданнях, таму можна іх парушаць. «Добра, што Папу не паслухалі ў справе рэліквіяў. Гэтаксама добра, што выдалі ягоныя нататкі, якія ён прасіў спаліць. Яны паўплывалі на вяртанне шматлікіх людзей. Часам жаданні чалавека могуць разыходзіцца з Божаю воляю», – упэўненая Наста Шыцікава.

Ксёндз Антоній Грэмза мяркуе, што Папа не хацеў рэліквіяў праз сваю пакору, каб не было скрайнасцяў, калі людзі моляцца да яго, а забываюцца пра Бога. Святар прызнае, што гэта права Касцёлу, вырашаць, як лепш зрабіць. Паводле ксяндза Антонія, рашэнне пакінуць рэліквіі прынялі, каб пашыраўся культ святога, дзеля духоўнай карысці вернікаў.

Спосаб зарабіць

Касцёл крытыкуюць яшчэ і з той нагоды, што распаўсюджванне рэліквіяў дае магчымасць на гэтым зарабіць.

«Перыгрынацыя рэлеквіяў – гэта адначасова збор значных ахвяраванняў. Дрэнна гэта ці добра, і куды пойдуць гэтыя сродкі – ужо іншае пытанне. Але падаецца мне, што Ян Павал ІІ не хацеў, каб на ім зараблялі», – абураецца Марына.

Ксёндз Антоній Грэмза згодны, што распаўсюджванне рэліквіяў можа здавацца бізнесам для свецкіх людзей. «І мы не можам ім забараніць гэтак думаць. Але цяжка сказаць пра веру ў такіх людзей. Вернікі ж бачаць у гэтым духоўны сэнс, знак веры».

Рэліквіі дзеляцца паводле ўзроўняў

Рэліквіі – гэта прадметы, звязаныя з нечым святым. Яны могуць быць І, ІІ або ІІІ ступені. Парэшткі цела святога чалавека (кроў, косці, скура, валасы, пазногці) найбольш важныя, іх адносяць да І ступені. На другім узроўні – прадметы штодзённага ўжытку святога: адзенне, малітоўнік, ружанец ды іншыя. Да трэцяй ступені належаць рэчы, якія, напрыклад, кантактавалі з целам памерлага святога або да якіх ён сам дакранаўся пры жыцці. Касцёл імкнуўся абмежаваць распаўсюджванне рэліквіяў, пастанавіўшы на латэранскім саборы ў 1215 годзе, што сапраўдныя толькі тыя, якія зацверджаныя Папаю.

Кананізацыя ў Ватыкане

Адначасова на плошчы святога Пятра ў Ватыкане сабраліся мільёны вернікаў з усяго свету, у тым ліку і сотні з Беларусі, каб узяць удзел у кананізацыі Яна Паўла ІІ, а таксама Папы Яна ХХІІІ (гады пантыфікату 1958–1963). Папа Францішак абвесціў двух сваіх папярэднікаў святымі. Урачыстую святую імшу канцэлебравалі і «Папа на пенсіі» Бенэдыкт ХVІ і былы сакратар Яна Паўла ІІ Станіслаў Дзівіш.

Ян Павал ІІ (1920–2005) – першы Папа-славянін, а таксама першы Папа не італьянскага паходжання за апошнія 455 гадоў. Быў абраны на пасад святога Пятра ў 1978 годзе. Да пантыфікату меў імя Караль Вайтыла. Ягоны пантыфікат – адзін з самых доўгіх пасля апостала Пятра і Пія ІХ – амаль 27 гадоў.

Ян Павал ІІ вядомы таксама як паэт, актор, драматург, палітолаг, філосаф гісторыі ды містык. Ён шмат спрычыніўся да падзення «жалезнай завесы». З усіх Папаў ён найчасцей наведваў іншыя краіны – больш за 100 пілігрымак. Ягоны беатыфікацыйны працэс (першая ступень да абвешчання чалавека святым) быў адным з самых кароткіх у гісторыі. Блаславёным яго абвесцілі 1 траўня 2011 года.

Настасся Фрода, belsat.eu

Стужка навінаў