«Ды не апазіцыянерка я – я проста чалавек, які мае сваю пазіцыю»


Ёю захаплялася не адно пакаленне беларусаў, шмат для каго яна стала сімвалам прыгажосці, прафесіяналізму, сумлення і палымянага патрыятызму. Народная артыстка Беларусі, галоўная айчынная тэлезорка Зінаіда Бандарэнка сёння адзначае 75-гадовы юбілей.

{movie}Зінаідзе Бандарэнцы — 75 |right|16125{/movie}

“На ўвесь экран. Зініны вочы. Экран блакітны. Вочы сінія” – калісьці гэткія радкі тэлевядоўцы Зінаідзе Бандарэнцы прысвяціў беларускі паэт Анатоль Вярцінскі. Яна ж у сваю чаргу прысвяціла амаль сорак гадоў жыцця працы на беларускім тэлебачанні. І, натуральна, яе цанілі. Як толькі ў эфіры з’яўляліся новыя праграмы, весці іх прапаноўвалі менавіта Зінаідзе Бандарэнцы.

Аднак 16 гадоў таму праз свае патрыятычныя, адрозныя ад кіраўніцтва Белтэлерадыёкампаніі погляды, дыктарка была вымушаная пакінуць любімую працу, дзе цяпер літаральна ёсць персонаю нон-грата.

ЗІНАІДА БАНДАРЭНКА, НАРОДНАЯ АРТЫСТКА БЕЛАРУСІ:
“Гэта адбылося, можа, і нечакана для мяне самой. Але ўжо мяняць сваю пазіцыю я проста не магу і не жадаю. І калі мяне пытаюцца: ты стала апазіцыянеркаю? Ды не апазіцыянерка я – я проста чалавек, які мае сваю пазіцыю”.

Больш за дзесяць гадоў спадарыня Зінаіда ёсць чальцом Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Кіраўнік АГП Анатоль Лябедзька традыцыйна віншуе яе ў дзень народзінаў букетам ружаў. Павіншаваў і з сённяшнім юбілеем.

Аднак аднымі партыйнымі рамкамі яна не абмяжоўваецца: падчас апошняе прэзідэнцкай кампаніі Зінаіда Бандарэнка працавала не толькі ў камандзе АГП, але і дапамагала іншым дэмакратычным кандыдатам.

УЛАДЗІМІР НЯКЛЯЕЎ, ЛІДАР КАМПАНІІ «ГАВАРЫ ПРАЎДУ!»:
“Ці гэта ўлада, ці гэта апазіцыя, ці гэта камуністы, ці гэта антыхрысты – убачыўшы Зінаіду Бандарэнку, усміхаюцца, думаючы пра светлае, пра добрае, як думалі яны тады, калі бачылі яе на экране, з якога яна ўваходзіла ў кожны дом”.

Вядома, юбілей – добрая нагода падвесці вынікі пэўнага адрэзку жыцця, але народная артыстка Беларусі думае не толькі пра мінулае.

ЗІНАІДА БАНДАРЭНКА, НАРОДНАЯ АРТЫСТКА БЕЛАРУСІ:
“Цяпер такі час надыходзіць, такі трывожны. Невядома, чым і як скончыцца тое, што пачалося ва Украіне. І, можа, мы не паспеем нават удыхнуць і выдыхнуць, калі ўсё гэта можа перакінуцца і на нашу Радзіму, на Беларусь”.

Але трывожныя думкі Зінаіда Аляксандраўна спрабуе адганяць. Сёння яна прымае віншаванні з усяго свету: ад былых гледачоў і ад удзячных студэнтаў, якіх яна вучыла прыгожаму беларускаму маўленню. Сярод іх ёсць і журналісты тэлеканалу “Белсат”.

Алесь Яшчанка, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў