«Здзек лёсу: ад АЭС уцякалі, і зноў яна будзе пад бокам»


Больш за 100 сем’яў, ратуючыся ад «мірнага» атаму пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС, знайшлі новы дом на Астравеччыне. Неўзабаве ім ізноў давядзецца жыць каля атамнай станцыі. Як яны ставяцца да гэтага і як жывуць сёння, праз 28 гадоў пасля аварыі?

«Пачалі ўцякаць хто куды. Начальства першае»

Сяргея, ліквідатара аварыі на ЧАЭС, 58-гадовага інваліда 1-й групы, сустракаем каля аднаго з гэтак званых чарнобыльскіх дамоў на вуліцы Валадарскага. Гэтыя два дамы – № 47 і № 47А – у 1990 годзе пабудавалі ў Астраўцы адмыслова для перасяленцаў з забруджаных радыяцыяй тэрыторыяў.

Да аварыі на ЧАЭС спадар Сяргей жыў у Хойніках. У Астравец паехаў у складзе будаўнічай брыгады, якая і рыхтавала жыллё для пацярпелых. «Кватэру тут сабе ўласнымі рукамі пабудаваў, – кажа Сяргей. – Паехаў сюды дзеля сям’і, каб дзеці потым не спыталі: чаго ж ты, бацька, не паехаў?» Адчуваецца, як у вялікіх паўзах паміж сказамі мужчына змагаецца са слязьмі: «Нам жа не сказалі, што адбылося… Пачалі ўцякаць хто куды. Начальства першае было. Яшчэ жывёлу хутчэй вывозілі, потым толькі пра людзей узгадалі…»

Будаўніцтва атамнай станцыі амаль побач з домам былы ліквідатар не падтрымлівае, але не верыць, што нешта магчыма змяніць, і ўжо не адчувае ў сабе сілаў змагацца: «Ужо нічога не зробіш усё роўна, па-нашаму не будзе, не ў наш час. Да таго ж, святло патрэбнае, электрычнасць».

Да размовы далучыўся сусед Сяргея Леанід, што сядзеў побач на лаўцы, таксама перасяленец: «Тут усе супраць, бо адна атамная ўжо дастаткова бяды нарабіла. Калі б не яна, жыў бы дома і не ведаў бы гэтага Астраўца. Маўчаць усе, бо аднолькава – што вось тут асфальту сказаць, што нашай уладзе».

Хлопцаў выклікалі ў ваенкамат і прымушалі гуляць у футбол

Падзялілася ўспамінамі пра красавік 1986 года і пераезд у Астравец і жонка Сяргея, спадарыня Таццяна: «Вельмі цяжка ўсё гэта ўзгадваць… Заўсёды плачу, калі распавядаю… Дагэтуль сніцца, у памяці ўсплывае…. Гэта ніколі не пройдзе, той страх, калі невядома было, ад чаго ратавацца, уцякаць. Было вельмі страшна. Лёг ты спаць, і невядома, ці ты прачнешся, і што з табой будзе далей».

Калі адбылася аварыя, сыну Таццяны і Сяргея было толькі тры гады. Таму, калі з забруджаных гарадоў і вёсак пачалі вывозіць дзяцей, Таццяне дазволілі разам з малым паехаць у Віцебск, дзе некалькі месяцаў яны жылі ў санаторыі. Бацькоў старэйшых дзяцей адразу зноў адправілі ў Хойнікі. Дзеці амаль да канца лета засталіся ў санаторыях без бацькоў. «Калі іх потым завезлі ў Хойнікі да бацькоў, яны ў туалет не давалі адысці – настолькі баяліся, што зноў застануцца адны», – распавяла Таццяна.

Тых, хто вярнуўся ў Хойнікі, цягам амаль чатырох гадоў запэўнівалі, што жыць там – бяспечна. «Хлопцаў нашых выклікалі ў ваенкамат і прымушалі выходзіць на вуліцу гуляць у футбол. А мы потым глядзім па тэлевізары – во, калі ўжо ў футбол гуляюць, значыць, сапраўды бяспечна, – узгадавае Таццяна. – Пераехаць на чыстую зямлю нам дазволілі толькі праз чатыры гады, у 1990 годзе».

«Дадому хочацца, туды, дзе нарадзіліся»

Кватэру, у якой сям’я Сяргея і Таццяны жыла ў Хойніках да аварыі, забраў мясцовы выканкам. Распачынаць жыццё нанова ў Астраўцы было няпроста. «Гэта ж якраз час перабудовы быў, грошай не было ні на што, – успамінае Таццяна. – Да таго ж, мясцовыя баяліся нас, не разумелі, нават казалі: іх трэба сабраць і ў крэматорыі спаліць».

Астравец для Сяргея і Таццяны гэтак і не стаў Радзімаю. «Дзеці прызвычаіліся, моладзі лягчэй… А мы з мужам… Дадому хочацца, туды, дзе нарадзіліся…» – кажа жанчына. Паводле Таццяны, людзі ў Астраўцы хочуць верыць у бяспечнасць будучай атамнай станцыі ды радуюцца, што для іх з’явіцца праца, будзе добры заробак. «Але шмат хто сумняецца… Бо які ні рабі, а 100 % гарантыі, што нічога не здарыцца, усё роўна не будзе, – дадае Таццяна. – Мы ўсё згубілі праз Чарнобыльскую станцыю. А як даведаліся, што і тут АЭС будуць будаваць, здалося, нібы гэта здзек лёсу: ад атамкі збеглі, і зноў яна пад бокам. У Бібліі сказана, што людзі будуць уцякаць з аднаго месца на іншае, але не знойдуць сабе спакою. Хіба, гэтыя часы ўжо насталі».

Настасся Міхалевіч, belsat.eu

Стужка навінаў